Прамая лінія «ЛН»: на сувязі раённы аддзел Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь
Прямая линия

Прамая лінія «ЛН»: на сувязі раённы аддзел Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь

Як і абяцалі, на мінулым тыдні ў рэдакцыі “ЛН” прайшла “Прамая лінія”. Праўда, замест начальніка раённага аддзела Следчага Камітэта Рэспублікі Беларусь (далей – СК) Андрэя Лукашэвіча, які на той момант вымушаны  быў выехаць у камандзіроўку, на пытанні чытачоў адказваў яго намеснік, начальнік 1-га следчага аддзялення Леанід ВАНЮК.

Зваротаў было няшмат. Леаніду Аляксеевічу давялося тлумачыць аднаму з тэлефанаваўшых некаторыя нюансы прахо-джання атэстацыі супрацоўнікамі СК, асабліва падкрэсліўшы той факт, што праводзіцца яна згодна з загадам старшыні Следчага Камітэта Рэспублікі Беларусь адзін раз у 5 год ва ўпраўленні СК па Брэсцкай вобласці. Як высветлілася, пытанне не было выпадковым. Адзін з супрацоўнікаў колькі часу таму меў спагнанне за пратэрміноўку адказу заяўляльніку. Як запэўніў Леанід Ванюк, гэта не паўплывала  на вынікі атэстацыі, якую праваахоўнік прайшоў паспяхова. Адначасова звярнуўшамуся на «прамую лінію» быў да-дзены адказ наконт крымінальнай справы, узбуджанай па факту гібелі яго бацькі. Як падкрэсліў Леанід Аляксеевіч, справа вывучалася ва ўпраўленні СК па Брэсцкай вобласці, цэнтральным апараце, пракуратуры вобласці, Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь. Ва ўсіх гэтых структурах згадзіліся з рашэннем лунінецкіх праваахоўнікаў. Пра гэта неаднаразова паведамлялася заяўляльніку.

Скарыстаўшыся момантам, мы задалі свае пытанні Леаніду Ванюку, спадзеючыся, што адказы на іх будуць цікавымі для нашых чытачоў. І пачалі дыялог з размовы пра структуру аддзела.

– У нашым калектыве – 21 чалавек. У іх ліку – начальнік, намеснік (ён жа начальнік 1-га аддзялення), начальнік  2-га следчага аддзялення, 16 следчых, інспектар групы рэжымна-сакрэтнай дзейнасці. Ёсць загадчык гаспадаркі. У выніку аптымізацыі ў штатным раскладзе сёлета была скасавана адна адзінка следчага. На якасць работы гэта не паўплывала, бо да моманту скасавання пасада заставалася вакантнай. Што датычыць непасрэдна работы следчых, то якога-небудзь па-дзелу ці спецыялізацыі няма. Усе яны, а сярод іх – дзве прадстаўніцы цудоўнай палавіны чалавецтва, займаюцца расследаваннем крымінальных спраў, праводзяць праверкі, высвятляючы абставіны ўчынення таго ці іншага злачынства, у тым ліку гвалтоўнай ці негвалтоўнай смерці людзей. Адзінае, што трэба адзначыць, у нас выдзелены два следчыя, якія займаюцца дарожна-транспартнымі здарэннямі. Працуем, назалежна ад часу сутак. Пры атрыманні звестак аб учыненні злачынства, на месца адразу ж накіроўваецца аператыўна-следчая група, у склад якой уваходзяць супрацоўнікі нашага аддзела, унутраных спраў, камітэта судовых экспертыз… Словам, усе, чые прафесійныя веды і навыкі неабходны для раскрыцця злачынства.

– Апошнім часам неаднаразова даводзілася чуць пра тое, што на Лунінеччыне назіраецца станоўчая дынаміка зніжэння колькасці злачынстваў. Ці насамрэч гэта так?

– Калі параўноўваць мінулы год і сёлетні, то за 9 месяцаў узбуджана 403 крымінальныя справы – на 75 менш, чым за такі час летась. З іх закончана вытворчасцю 233, за аналагічны перыяд 2016-га – 255 спраў. Перададзены пракурору для накіравання ў суд  – 212, або 91 працэнт ад закончаных вытворчасцю, што на 10 менш, чым летась. Прычым, акты судовага рэагавання ў адрас раённага аддзела Следчага Камітэта Рэспублікі Беларусь з пачатку 2017 года не паступалі. Трэба адзначыць, што тэндэнцыя зніжэння колькасці крымінальных спраў назіраецца на працягу апошніх трох год. Цяжка сказаць, з чым гэта звязана, бо год на год не прыхо-дзіцца. І асабіста я добра памятаю, як у 2007-ым, а ён стаў проста анамальным, было ўзбуджана больш як 1000 крымінальных спраў. Хаця структура практычна не мяняецца, па-ранейшаму перавалодваюць крадзяжы, якія раскрываюцца дастаткова складана. Таму нярэдка з-за немагчымасці ўстанавіць злачынцу даводзіцца да пэўнага часу спыняць справы. Але гэта не значыць, што ў іх няма судовай перспектывы. Так, зусім нядаўна ўдалося раскрыць злачынства, учыненае ў 2013 годзе ў Мікашэвічах. Тады быў учынены крадзеж у асабліва буйным памеры. На месцы ўдалося адабраць біялагічны матэрыял. На той момант устанавіць злачынцу не атрымалася. Але сёння ў распараджэнні следчых і экспертаў – найноўшыя тэхналогіі і метады, якія дазваляюць нават праз шмат год знайсці абвінавачваемага ў цяжкіх злачынствах. Так было і на гэты раз. Калі злодзей у чарговы раз трапіў у поле зроку праваахоўнікаў, то пры правядзенні экспертызы было ўстаноўлена супадзенне біяла-гічнага матэрыялу з тым, што быў знойдзены на месцы злачынства ў Мікашэвічах. Гэта і стала асноўным доказам віны.

– Але хіба няма на Лунінеччыне цяжкіх злачынстваў, якія застаюцца нераскрытымі да гэтага часу?

– Іх не так шмат, бо практычна ўсе выпадкі прычынення цяжкіх цялесных пакалечанняў раскрыты. Вось і нядаўна закончана расследаванне замаху на забойства ў Мікашэвічах, дзе жанчыне былі нанесены 5 удараў нажом. Як высветлілася, на цяжкае злачынства ў п’яным чадзе пайшла яе нядаўняя сабутэльніца. Што датычыць нераскрытых, то дагэтуль, хаця і следчымі, і супрацоўнікамі РАУС праведзены велізарны аб’ём работы, не ўдалося ўстанавіць рабаўніка, які летась прабраўся ў хату да састарэлай жыхаркі вёскі Сасноўка. На жаль, жанчына, а яна параўнаўча нядаўна памерла, не змагла дапамагчы следчым. Пры гэтым на месцы злачынства той, хто яго ўчыніў, пастараўся слядоў не пакінуць. І ўсё ж, паўтараю, сёння ў распараджэнні праваахоўнікаў ёсць унікальны арсенал сродкаў, які дазваляе накіроўваць на лаву падсудных тых, хто пэўны час гуляў на волі, паверыўшы ва ўласную беспакаранасць…

– Ці часта даводзіцца мець справу з фактамі супрацьпраўных дзеянняў калег? Маю на ўвазе супрацоўнікаў раённага аддзела ўнутраных спраў.

– Крымінальныя справы ў адносінах да супрацоўнікаў РАУС, за выключэннем узбу-джанай сёлета па факту дарожна-транспартнага здарэння з удзелам аднаго з участковых інспектараў, мы не ініцыіравалі. Што датычыць праверак, то іх праводзім. Летась такіх было больш як два дзясяткі. Часцей за ўсё, людзі скардзяцца на прычыненне цялесных пакалечанняў пры затрыманні, асабліва пры дастаўцы ў медвыцвярэзнік, калі ён яшчэ працаваў. Аднак пры правядзенні праверак факты не пацвярджаліся, таму  з-за адсутнасці саставу злачынства ва ўзбуджэнні крымінальных спраў было адмоўлена. Іншы раз грамадзяне скардзяцца на валакіту (у іх разуменні) ці факты, калі ў РАУС адмаўляюцца ўзбуджаць крымінальную справу. Але трэба ведаць, што следчы такое рашэнне органа дазнання адмяніць не можа. Гэта – паўнамоцтвы пракуратуры, якая і ажыццяўляе нагляд за работай  органа ўнутраных спраў. І ў выпадку, калі супрацоўнік міліцыі прыняў незаконнае рашэнне, адмовіўшы ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, а састаў злачынства ёсць, пракурор адмяняе гэтае рашэнне, і крымінальная справа можа быць узбу-джана адразу ж. Пры неабходнасці дадатковай праверкі, матэрыялы вяртаюцца ў орган дазнання і толькі пасля гэтага трапляюць да нас для ўзбу-джэння крымінальнай справы, калі для гэтага, вядома, ёсць падставы.

– Ці не даводзілася вам у юрыдычнай практыцы сустракацца з выпадкамі, калі чалавек звяртаецца ў самыя розныя інстанцыі ад імя іншых? Прычым апошнія, здараецца, пра гэта проста не ведаюць.

– Такія выпадкі ёсць і, нават ведаючы пра гэта, мы ўсё роўна праводзім праверкі, асабліва калі паступае інфармацыя пра злачынства – ужо ўчыненае ці тое, што толькі рыхтуецца. І калі факты пацвярджаюцца, то аб якім пакаранні расказаўшага пра іх можна гаварыць? Іншая справа, калі ў інфармацыі ўказваюцца падманныя звесткі, якія ганьбяць гонар і годнасць іншых людзей, то ў такой сітуацыі яўна бачны састаў адмі-ністрацыйнага парушэння. Больш таго, калі чалавек абвінавачвае іншага ва ўчыненні крымінальнага злачынства, да якога апошні не мае ніякага дачынення, то можна весці гаворку аб крымінальнай адказнасці таго, хто такім неправамерным чынам  клапоціцца аб парадку ў грамадстве. І няварта думаць, што падобным стаўленнем мы заахвочваем “стукачоў”. У той жа Германіі, калі вы ў неналежным месцы пакінулі аўтамабіль, добрапрыстойныя грамадзяне імгненна паклапоцяцца пра тое, каб паведаміць аб гэтым факце ў зацікаўленыя службы.

– Як ацэньваеце сітуацыю на дарогах?

– Яна застаецца трывожнай. Самае страшнае, калі ў дарожна-транспартных здарэннях гінуць людзі. Зараз у вытворчасці – дзве такія справы. Адна з іх (у выніку ДТЗ таксама загінуў чалавек) – двухгадовай даўнасці. Расследаванне адноўлена толькі зараз, бо да гэтага часу не было належных умоў надвор’я для правядзення следчых эксперыментаў. Трагедыі на дарогах – гэта, як правіла, ненаўмысныя злачынствы. Іншая справа, калі за рулём сядзеў нецвярозы вадзіцель, які стаў віноўнікам ДТЗ з цяжкімі наступствамі. У такім выпадку, згодна са змяненнямі, унесенымі ў артыкул 317 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, яму пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад трох да сямі год. Гэта практычна наўмыснае забойства, а транспарт выступае сродкам злачынства, таму і пакаранне стала больш строгім.

– Леанід Аляксеевіч, чым яшчэ вызначаецца структура сучаснай злачыннасці?

– Апошнім часам пабольшала спраў, звязаных з незаконным захоўваннем агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў. Прычым, здараецца, даходзіць да казусаў. Людзі ці то па прычыне няведання, ці проста з-за няўважлівасці трапляюць у канфлікт з законам. Самая банальная сітуацыя: чалавек раней быў паляўнічым, потым па нейкіх прычынах страціў права на захоўванне зброі і вымушаны быў ад яе пазбавіцца. Аднак порах па нейкіх невядомых меркаваннях пакінуў, абсалютна не задумваючыся, што такія яго дзеянні падпадаюць пад артыкул 295 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Тое ж можна сказаць і пра спадчыннікаў, якія пасля смерці блізкага родзіча атрымліваюць у спадчыну зброю і боезапас да яе. Гэта цяжкія злачынствы, якія цягнуць за сабой строгае пакаранне нават да рэальнага пазбаўлення волі. На жаль, не меншае і колькасць крымінальных спраў, звязаных з незаконным абаротам наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў. Летась такіх было 35, сёлета – 40. Прычым, усё часцей фігурантамі іх становяцца не толькі тыя, хто ўжывае атруту, захоўвае яе, але і тыя, хто займаецца збытам, а гэта асабліва цяжкія злачынствы. Пакаранне па гэтых артыкулах дастаткова сур’ёзнае: толькі за захоўванне наркотыкаў пагражае да 5 год пазбаўлення волі, не кажучы пра збыт, дзе максімальнае пакаранне – да 25  год зняволення з канфіскацыяй маёмасці. Суцяшае адно: апошнім часам усё менш становіцца выпадкаў, дзе фігурыруюць асабліва небяспечныя «міксы» і «спайсы», наступствы ад ужывання якіх проста непрадказальныя.

– Скажыце, а ці сустракаюцца ў нас так званыя злачынствы супраць інфармацыйнай бяспекі?

– Сустракаюцца, бо час дыктуе свае змены нават у злачыннай сферы. Сёння ў вытворчасці тры такія справы. Датычаць яны несанкцыянаванага доступу да камп’ютарнай інфармацыі, распрацоўкі і распаўсюджвання шкодных праграм, якія знішчаюць, блакіруюць ці капіруюць інфармацыю, што захоў-ваецца ў камп’ютарнай сістэме. Ведаю, што некаторыя з аматараў пасядзець у сусветным «павуцінні», здаралася, сутыкаліся з нечаканай блакіроўкай працэсараў па прычыне быццам бы наведвання парнаграфічных сайтаў і патрабаваннем заплаціць на электронны кашалёк немалыя сумы “штрафаў”. Гэта не што іншае, як камп’ютарнае махлярства. Ці ёсць судовая перспектыва ў такіх спраў? Нягледзячы на тое, што расследаванне іх дастаткова складанае, ёсць.  І пра гэта сведчыць падобная ўжо закончаная шматэпізодная справа, якую расследавалі нашы кобрынскія калегі. Мы таксама спакваля напрацоўваем юрыдычны вопыт у такіх ды і іншых справах, што, несумненна, будзе садзейнічаць далейшаму павышэнню якасці нашай работы.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть