Прямая линия

ШАНУЕЦЦА ПАМЯЦЬ МАЛІТВАЙ І МІЛАСЦІНАЙ

…На Лунінецкіх могілках, пасля пахавання, родныя нябожчыка запрашалі на жалобны стол. Выпадкова пачула размову знаёмых. Адзін з іх, каталік па веравызнанню, заўважыў, што касцёл забараняе ўжыванне спіртнога на памінанні. Другі, які нядаўна быў на пахаванні родных у Драгічынскім раёне, паведаміў аб такім жа падыходзе праваслаўнай царквы: мясцовы свяшчэннік папярэдзіў сваякоў нябожчыка, што не будзе адпяваць, калі пасля будуць памінаць з гарэлкай. 

Захапленне спіртным – не толькі славянская ці сучасная праблема. Аб гэтым у мінулыя стагоддзі пісаў вядомы англійскі паэт Роберт Бёрнс:
Для пьянста есть любые поводы:
Поминки, свадьбы, встречи, проводы…

Мяркуючы па вершы, традыцыі памінання памёршых маюць шмат агульнага ў прадстаўнікоў розных канфесій. За растлумачэннем пытання, як дакладна адносіцца да спіртнога ў памінальныя дні, звярнуліся ў Лунінецкую Свята-Крыжаўзвіжанскую царкву. Адказаў іэрэй Георгій ФІЛІНОВІЧ:

– Сапраўды, свяшчэннікі Брэсцкай епархіі атрымалі загад Уладыкі, што ў выпадку наяўнасці гарэлкі на жалобным стале свяшчэннік не будзе адпяваць нябожчыка. 

Мы таксама пастаянна папярэджваем прыхаджан аб забароне ўжывання спіртнога на памінаннях. Разумеем, што дзесяцігоддзі барацьбы з рэлігіяй наклалі свой адмоўны адбітак на свядомасць грамадства, якое не ведае многіх духоўных асноў, вызначаных праваслаўнай царквою. Тым, хто выбраў шлях да храма, трэба шмат вучыцца, а галоўнае – мець жаданне выконваць азы святой навукі. 
На кожнай жалобнай сустрэчы імкнемся пераканаць прыхаджан, што адзіна дакладнае памінанне памершых – малітва і міласціна. Гэта датычыць як адпявання, так і саракавін, гадавін, памінальных субот. 

На паніхідзе па памершым родныя стаяць з запаленымі свечкамі. Заўсёды прашу: потым пастаўце іх на падсвечнік у храме. Не нясіце на могілкі – у выпадку неасцярожнасці полымя пакінутых на магіле свечак можа спаліць вянкі ці крыж. Калі ж пажару ўдасцца пазбегнуць, свечкі ў пяску паліваюць дажджы, размятае вецер, што недапушчальна – гэта ж святыня! На магіле з крыжом можна паставіць лампадку. 

Тут не павінна быць ніякіх шклянак ці талерак. Не трэба ў памінальныя дні класці на могілкі прадукты харчавання – гэтым толькі прывабліваюцца бадзячыя сабакі. Цукеркі ці пячэнне аднясіце ў прытулкі для дзяцей ці старых, што адкрыты ў нашым горадзе, ці аддайце жабракам. Толькі ажыццёўленую такім чынам дабрачыннасць – падзяліцца ежай – прыме Бог. Вам будуць удзячны людзі, якія таксама, як і вы, добрым словам памянуць памершага.

На памінальны стол у царкву прыносяць хлеб. А што з ім робяць пасля пахавання? У лепшым выпадку – з’ядаюць, у горшым – ляжыць дома, пакуль не зачарствее, потым выкінуць. Гэта недапушчальна. Памінальны хлеб выкарыстоўваецца на коліва.  

Штогод на Радаўніцу асвячаю месцы вечнага спакою на могілках. Адзначаю з радасцю, што ў апошнія гады ніхто не налівае гарэлку ў шклянкі, як гэта было раней; што многія людзі не кладуць прадукты на надмагільныя помнікі. Значыць, паступова лунінчане пачынаюць асэнсоўваць словы духоўных пастыраў. Спадзяюся, з цягам часу ўсвядомяць і непатрэбнасць ужывання спіртных напояў на памінаннях.


Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть