Прямая линия

СМЕЦЦЕ РАЗВОДЗІЦЬ – ЗДАРОЎЮ ШКОДЗІЦЬ

У мінулым годзе каля нашага агарода паставілі кантэйнер. Пакуль яго не было, і сметнік на вуліцы не ўтвараўся. Цяпер жа машына, якая ў вызначаныя дні прыбірае камунальныя бытавыя адыходы, ці не палову іх высыпае на зямлю. Калі дзьме вецер, усё гэтае смецце заносіцца нам на двор. Як непрыемна стала выходзіць на вуліцу! А мы ж так імкнемся ўпрыгожыць наш двор, каб і самім падабалася, і людзей прыцягвала. Як крыўдна лічыць нашы старанні дарэмнымі! Трэба аднавіць чысціню вуліцы, ад парадку на якой раней проста спявала душа.

Таццяна КАЦУБА, вучаніца 8 класа Дзятлавіцкай СШ.

Ліст пазаштатнага аўтара “ЛН” папрасілі пракаменціраваць старшыню Дзятлавіцкага сельвыканкама Канстанціна Андрэевіча МАРДУХАЯ:

–Сапраўды ў канцы мінулага года за сродкі раённага бюджэту Лунінецкая ЖКГ закупіла кантэйнеры для шэрагу сельсаветаў. Больш як 50 іх былі пастаўлены ў нашых вёсках. Улічваючы, што маем 27 кіламетраў вуліц, атрымалі прыкладна адзін кантэйнер на 500 метраў. Не адмаўляем, што пачаліся праблемы з укараненнем бытавога новаўвядзення. Скрыня вызначана для збору цвёрдых камунальных адходаў. Гэтага правіла многія не жадаюць прытрымлівацца. Выносяць харчовыя рэшткі, сухую расліннасць, што ветрам разносіцца па наваколлю. Масава выкідваюць попел з печаў. Вадзіцель смеццевоза просіць: збірайце яго ў поліэтыленавы пакет, немагчыма ачысціць кантэйнер, попел засцілае вочы. Такім жа чынам трэба складзіраваць і рэшткі прадуктаў. Калі акуратна выносіць адходы з дому ці двара, не створацца дадатковыя турботы суседзям і навакольным.
Па нашым сельсавеце спецыялізаваны аўтамабіль ЖКГ праходзіць кожную суботу. Звярталіся ў ЖКГ, каб машына хаця б вясной выходзіла двойчы на тыдзень. На жаль, фінансавыя магчымасці прымушаюць абмяжоўваць нават рацыянальныя жаданні. Але ж жыхары таксама павінны ўлічыць гэту акалічнасць. Можна складзіраваць адходы ў двары і ў дзень уборкі выкінуць у кантэйнер, каб не ствараць сметнікаў на вуліцы на працягу тыдня.
Заключаны дагавор з упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, што адзін з вяскоўцаў, хто стаіць на ўліку па беспрацоўю, з красавіка па кастрычнік будзе выконваць абавязковыя грамадскія работы па месцы жыхарства. Але ж перш-наперш увага ўдзяляецца ўборцы месцаў масавага наведвання, напрыклад, могілак, помнікаў мемарыльнай спадчыны.  
Пакуль усведамленне, што чыста там, дзе не смецяць, вельмі марудна авалодвае вясковым грамадствам. Усё ж спадзяюся на акуратнасць і дысцыплінаванасць нашых жыхароў. Упэўненасці дадае вопыт іншых сельсаветаў, дзе кантэйнеры былі ўстаноўлены раней за наш.


Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть