ОфициальноПрямая линия

Святло, цяпло і інтэрнэт

пачко

Дыялогі, якія прадстаўнікі ўлады ладзяць з жыхарамі раёна праз “прамыя тэлефонныя лініі”, заўсёды карыстаюцца папулярнасцю. Вось і на гэты раз да старшыні райвыканкама Аляксандра Пачко са сваімі праблемамі звярнуліся больш дзясятка чалавек.

Шматлікія інстанцыі штурмуе адзін з жыхароў райцэнтра з прапановай адкрыць на тэрыторыі прыватнага прадпрыемства “Дэля”, якое знаходзіцца на вуліцы Савецкай у Лунінцы, магазін па продажы харчовых тавараў. Аднак прымусіць прыватнага ўладальніка, які да таго ж жыве за межамі Беларусі, абсталяваць новую гандлёвую кропку праблематычна. Ды і ці патрэбна яна ў месцы, дзе побач знаходзіцца некалькі магазінаў крокавай даступнасці? Прынамсі, непадалёк – на Фабрычнай, 23 – чакае пакупнікоў магазін №7 “Прадукты” філіяла “Харчтавары” райспажыўтаварыства. Літаральна праз некалькі дамоў знаходзіцца гандлёвая кропка “Прадукты побач” ААТ “ПолесьеТоргПром”. Дастаткова шырокі асартымент харчовых тавараў – у фірменным магазіне “Хлеб” філіяла Лунінецкі хлебазавод ААТ “Берасцейскі пекар”, размешчаным па вуліцы Кастрычніцкая, 20. Відавочна, што ў агляднай перспектыве жыхарам навакольных вуліц давя-дзецца ўсё ж задавольвацца асартыментам, які прапаноўваюць названыя гандлёвыя кропкі.

Варта сказаць, што праблемы райцэнтра вышэй пазначанай не абмежаваліся. Так, адна з гара- джанак звярнула ўвагу на тое, што доўгі час на Залессі па ходу аўтобуснага маршрута №5 адсутнічаюць абсталяваныя аўтобусныя прыпынкі, няма раскладу руху гарадскога транспарту. Датычыць гэта, перш за ўсё, прыпынкаў каля бальніцы. У адказ на запыт дырэктар філіяла “Аўтамабільны парк №10” ААТ “Брэстаблаўтатранс” Сяргей Кіндрук растлумачыў, што прыпыначныя пункты “Смален-ская” і “Бальніца”, пра якія ідзе гаворка, абсалютна непрыстасаваны для таго, каб размяшчаць тут расклад руху – няма пляцоўкі, знакаў і прадугледжаных патрабаваннямі “кішэняў” для транспарту. Усе гэтыя пытанні – у вядзенні камунальнай службы. У сваю чаргу камунальнікі “адхрышчваюцца” ад праблемы па прычыне таго, што прыпынак аўтобуса №5 у названым месцы робіцца з парушэннямі ўсіх нормаў і патрабаванняў. І ў першую чаргу – Правілаў дарожнага руху, бо спыняцца аўтобусу даводзіцца на пешаходным пераходзе амаль на перакрыжаванні вуліц Смаленская і Віленская. Разам з тым, практычна ў 30 метрах ад названага перакрыжавання на вуліцы Смаленская ёсць два абсталяваныя прыпыначныя пункты. В.а. дырэктара КУШВП ЖКГ “Лунінецкая ЖКГ” Уладзімір Аляксееў упэўнены, што варта разгледзець магчымасць прымяніць іх для аўтобуснага маршруту №5, што, хутчэй за ўсё, і будзе зроблена ў бліжэйшы час.

На кантролі застаецца і праб-лема, якую ўзняла жыхарка дома №6 па вуліцы Чырвонаармейская ў Лунінцы. Справа ў тым, што асобныя кватэры ў старым доме чамусьці не ацяпляюцца. На момант падрыхтоўкі матэрыялу да друку па названым адрасе працавалі спецыялісты камунальнай службы, якія павінны аператыўна высветліць прычыну і, зразумела, ухіліць яе. Абнадзейваючай стала навіна пра тое, што названы дом уключаны ў Тытульны спіс аб’ектаў жыллёвага фонду на капітальны рамонт у 2016 годзе.

Некалькі гараджан сігналізіравалі аб агрэхах у вулічным асвятленні. Практычна ўсе няспраўнасці выпраўлены. Разам з тым, у ходзе размовы была звернута ўвага на неабходнасць строгай эканоміі энергарэсурсаў, дзеля чаго сістэма асвятлення перыферыйных вуліц у гарадах і вёсках раёна ў начны час будзе аптымізавана.

Нямала было тэлефанаванняў з вёсак, асабліва з Лахвы, жыхары якой цікавіліся перспектывай падвядзення прыроднага газу да названага населенага пункта. У адказ Аляксандр Мікалаевіч адзначыў, што ў планах газіфікацыі Лахва значыцца на 2020 год. Трэба спадзявацца, што фінансавыя праблемы не перашкодзяць планам спраўдзіцца.

Жыхарка Бродніцы, якая па дакументах лічыцца лунінчанкай, паскардзілася на немагчымасць уступіць у правы валодання домам, што застаўся пасля смерці мужа, і адпаведна зарэгістравацца па месцы жыхарства. Як высветлілася, жанчына ўжо звярталася з гэтым пытаннем у сельвыканкам, дзе ёй тлумачылі, што, перш за ўсё, трэба атрымаць пасведчанне на права на спадчыну, бо пабудова па вуліцы Маладзёжнай, 8, па дадзеных Лунінецкага філіяла “Брэсцкае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі  і зямельнаму кадастру”, дагэтуль лічыцца за мужам-нябожчыкам. Каб прыняць спадчыну, трэба наведацца да натарыуса (г. Лунінец, вул. Чырвоная, 74, тэлефон 6-10-82). Для рэ-гістрацыі па месцы жыхарства, акрамя пасведчання на права на спадчыну, спатрэбяцца пашпарт ці іншы дакумент, які засведчвае асобу; даведка з сельсавета; тэхнічны пашпарт на жылое памяшканне і пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі ўзнікнення ці пераходу права ўласнасці на жылое памяшканне; выпіска з пагаспадарчай кнігі.

У пэўным сэнсе, спадчыннае пытанне стала падставай для яшчэ аднаго тэлефанавання. На гэты раз – з Вулькі 1. Менавіта там у спадчыну ад бацькоў атрымаў дом адзін з сённяшніх жыхароў райцэнтра. Калі па вуліцы Ціхая, дзе знаходзіц-ца пабудова, рабілі рэканструкцыю лініі электрасетак, слупы каля дома прыбралі. Цяпер, каб аднавіць электразабеспячэнне, уладальніку трэба выдаткаваць уласныя сродкі. Як высветлілася, дом па Ціхай, 9 на момант рэканструкцыі значыўся, як нежылы. Электрычныя правады былі абрэзаны, адпаведна дагавора з электразабяспечваючай арга-нізацыяй не было. Зразумела, што і плацяжы на рахунак раёна элек-трасетак не паступалі. Сумнявацца ў законнасці дзеянняў электрыкаў падстаў няма. Менавіта таму, новаму гаспадару давядзецца за ўласныя грошы вяртаць несумненна важную і патрэбную выгоду цывілізацыі, якой з’яўляецца электрычнасць.

Адразу некалькі пытанняў агучыў жыхар в. Сітніца. Ён запатрабаваў абсталяваць належным чынам аўтобусны прыпынак каля будынка старой школы, адкуль вясковых вучняў у Мікашэвічы забірае школьны аўтобус. На жаль, сродкаў на гэтыя мэты ў раённым бюджэце пакуль няма. А вось вулічнае асвятленне каля прыпынку, а таксама на вуліцы Набярэжная, на што таксама звярнуў увагу апанент, ужо адноўлена.

Падтрымаў А.М. Пачко і  патрабаванне хутчэй падключыць Сітніцу да паслугі праваднога шырокапалоснага доступу ў інтэрнэт. Комплекс работ па пракладцы валаконна-аптычнай лініі сувязі і ўстаноўцы дадатковага абсталявання Брэсцкім РУП “Белтэлекам” запланавана выканаць у будучым годзе. А пакуль жыхары Сітніцы могуць падключыцца да мабільнага шырокапалоснага доступу ў сеткі інтэрнэт “2G/3G ад Белтэлекам”. Падрабязнасці – па тэлефоне 3-12-09. Адначасова Аляксандр Мікалаевіч растлумачыў субяседніку, што газіфікацыя Сітніцы за-планавана на 2021 год.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть