Прямая линия

У інтарэсах маладых спецыялістаў

Намеснік старшыні райвыканкама Анатоль Міхайлавіч ЗАХАРКЕВІЧ курыруе сацыяльную сферу. Аднак пытанні,     якія прагучалі ў ходзе “Прамой лініі”, былі самымі рознымі          і датычылі самых розных сфер жыццядзейнасці раёна. Ніводнае з іх не засталося без увагі кіраўніка.

( Добры дзень, Анатоль Міхайлавіч! Хачу даведацца, ці не плануецца рамонт дарогі паміж дзіцячымі садамі №№ 9 і 10? Там усяго метраў 150 дарожнага палатна, можа варта пакласці асфальт?
– Як разумееце, зрабіць гэта да канца года не ўдасца па многіх прычынах – перш за ўсё, фінансавых і пагодных. Але прывесці вуліцу ў нармальны стан пастараемся іншымі спосабамі. Камунальная служба атрымала даручэнне да 1 лістапада гэтага года падсыпаць і прагрэйдзіраваць праезную частку.

( Эдуард Кацуба, Рэдзігерава. Я – індывідуальны прадпрымальнік, займаюся закупам малака ад насельніцтва. Хачу звярнуць увагу ўлад на вуліцу Захарчука ў Чэрабасава. Гэта – адна з цэнтральных вуліц вёскі, але стан яе пакідае сумнае ўражанне. Там некалі быў асфальт, зараз пра яго нагадваюць вялікія выбоіны. Ці не плануецца абнавіць асфальтавае пакрыццё?
– Сёлета, на жаль, не. Сродкі, прадугледжаныя на добраўпарадкаванне вясковых вуліц і дарог на 2014 год, ДРБУ-101 зрасходаваны ў поўным аб’ёме. Ды і асенне-зімовы перыяд не вельмі спрыяе правядзенню гэтых работ. Давайце пачакаем 2015 года. Будзем спадзявацца, што фінансавае становішча дазволіць нам прывесці ў парадак і вуліцу Захарчука, і некаторыя іншыя вуліцы ў вёсках раёна.

( Вас турбуе, Анатоль Міхайлавіч, жыхарка Лунінца. Скажыце, ці рэальна атрымаць інвалідную каляску для майго сына? Ён – інвалід І групы.
– Упаўне рэальна. Для гэтага вам трэба звярнуцца ў кабінет №53 паліклінікі за заключэннем урачэбна-кансультацыйнай камісіі аб тым, што ваш сын мае патрэбу ў крэсле-калясцы. З гэтым заключэннем, пашпартам сына і пасведчаннем інвалі-да прыходзьце ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, якое знаходзіцца на першым паверсе Дома Саветаў па адрасе: г. Лунінец, вул. Чырвоная,1, кабінет 108. Папярэдне можаце патэлефанаваць 2-27-75 для ўдакладнення магчымых нюансаў.

(Іна Кіпцэвіч, Лунінец. У дзіцячым садзе №12 працякае дах. Па гэтай прычыне немагчыма зрабіць нармальны рамонт у групе, якую наведвае маё дзіця. Калі, нарэшце, будуць ліквідаваны ўсе недахопы?
– Там ужо завяршаюцца неабходныя работы, і да пачатку ацяпляльнага сезона прэтэнзій да парадку ў групах не павінна быць.
( Тэлефаную ад імя маладых спецыялістаў раёна. Хацелася б дакладна даведацца пра льготы, якімі мы карыстаемся?
– А вы малады спецыяліст у якой сферы?
– Прыйшоў працаваць настаўнікам у вясковую школу.
– Маладым спецыялістам з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй з ліку педагагічных работнікаў, накіраваных на працу ва ўстановы адукацыі раёна, устаноўлены штомесячныя даплаты ў памеры адной тарыфнай стаўкі першага разраду на працягу двух першых год з дня заключэння кантракту. Акрамя гэтага, ім выплачваецца грашовая дапамога ў памеры месячнай стыпендыі з разліку тарыфнай стаўкі адпаведнага акладу. Прадугледжаны таксама на працягу двух год павышэнне тарыфных акладаў на 10 працэнтаў і з 1 верасня 2014 года – павышэнне тарыфнай стаўкі пры заключэнні кантракта на 25 працэнтаў. Верагодна, вы ведаеце, што, згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27.11.2000 г. №631 “Аб дадатковых мерах па павышэнню заработнай платы і прадастаўленню льготных крэдытаў асобным катэгорыям грамадзян”, кожны малады спецыяліст мае права ўзяць у банку крэдыт на спажывецкія патрэбы пад 5 працэнтаў гадавых. У сваю чаргу раённыя ўлады паклапаціліся пра тое, каб таксама дапамагчы маладым спецыялістам стаць на ногі. Райвыканкамам у 2010 годзе прынята рашэнне, якім гарантуецца частковая кампенсацыя затрат па найму жылля выпускнікам педагагічных ВНУ і тэхнікумаў, якія па размеркаванню прыехалі на работу на Лунінеччыну. Усе выплаты робяцца са сродкаў раённага бюджэту.

( Алена Сяргееўна, Лунінец. Калі будзе пакладзены канец беспарадкам, якія творацца ў дварах шматпавярховак каля магазіна “Універсам”, на алеі, якая вядзе да гэтай гандлёвай кропкі, каля стаматпаліклінікі і нават на стадыёне СШ №2?
– Што маеце на ўвазе?
– Распіццё спіртных напіткаў падазронымі асобамі. Там ужо страшна гуляць з дзецьмі. Мала таго, што сам малюнак непрыглядны, дык гэтыя парушальнікі грамадскага парадку брыдкасловяць, сварацца між сабой. Усё гэта бачаць дзеці.
– Па вашаму запыту мы звярнуліся ў раённы аддзел ўнутраных спраў, дзе аператыўна перагледзелі адзіную дыслакацыю пастоў і маршрутаў, задзейнічаных на ахове грамадскага парадку. Асаблівая ўвага была ўдзелена названым вамі месцам, а таксама магазінам, якія працуюць да позняга часу, кафэ і барам. У ходзе адпрацоўкі ваколіц “Універсама” за парушэнне антыалкагольнага заканадаўства да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 18 грамадзян, а за перыяд з 12 па 15 верасня – яшчэ 12 парушальнікаў. Пяцёра затрыманы і дастаўлены ў спецыялізаваны ізалятар. Хачу запэўніць, што праваахоўнікі і надалей будуць трымаць гэты раён у полі зроку, як, зрэшты, усе месцы масавага знаходжання і адпачын- ку лунінчан і гасцей горада. Больш таго, адзначу, што з пачатку года за парушэнне антыалкагольнага заканадаўства ў горадзе і раёне адміністрацыйную адказнасць панеслі 2138 жыхароў, што амаль на 40 працэнтаў менш, чым летась. Гэта, упэўнены, сведчыць не пра недапрацоўкі міліцыянераў, а, перш за ўсё, пра тое, што народ стаў больш абачлівым і ўсё-такі законапаслухмяным.

( Святлана, Лунінец. Скажыце, ці будуць набіраць у секцыі плавальнага басейна дзетак ва ўзросце да 6 год?
– У трэніровачныя групы дзетак такога ўзросту ў ДЮСШ па водных відах спорту «Дэльфін» набіраць не будуць, але вы можаце ўладкаваць свайго малыша ў падрыхтоўчую групу для залічэння ў спартыўную школу ў 2015/2016 навучальным го-дзе. Набор ажыццяўляецца на платнай аснове. Усе пытанні можаце ўдакладніць па тэлефонах: 2-42-87 і 2-49-69.

( Марына, Лунінец. Муж плаціць аліменты на дзіця ад першага шлюбу. Скажыце, ці ўплывае сума аліментаў на сярэднедушавы даход кожнага члена нашай сям’і? Справа ў тым, што зараз у нас нарадзілася малышка, і стаіць пытанне аб тым, маем мы права на бясплатнае дзіцячае харчаванне ці не.
– Аліменты, якія ваш муж плаціць на ўтрыманне дзіцяці ад першага шлюбу, не будуць значыцца ў даходах вашай сям’і. Усе пытанні назначэння дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі ў нашым раёне рэгламентуе ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Адзінае, што адзначу, ваш даход на аднаго члена сям’і на працягу двух апошніх кварталаў павінен быць ніжэйшым за найбольшую велічыню бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва, зацверджанага Саўмінам. Наведайце кабінет 108 Дома Саветаў ці патэлефануйце 2-27-75, і спецыялісты дакладна растлумачаць вам, належыць вашай дачушцы бясплатнае харчаванне ці не і калі так, то якія патрэбны дакументы для таго, каб ваша малышка яго атрымлівала.

( Наталля, Лунінец. Анатоль Міхайлавіч, на мінулым тыдні сутыкнулася з неспадзяванай сітуацыяй. На званок аўтаматычна адчыніла дзверы, у кватэру ўваліўся здаравенны дзяціна. Незразумелыя тлумачэнні наконт нейкага народнага рэферэндуму (?!) не пераканалі, а толькі напалохалі. У тым ліку і маё дзіця, якое не пераставала плакаць. Гэта, аднак, абсалютна не збянтэжыла нязванага наведвальніка. Насілу выштурхала яго за дзверы. Скажыце, ці не можа стацца так, што пад выглядам правядзення апытання, збору подпісаў ці проста наведвання работнікаў сацыяльнай, камунальнай і іншых службаў у кватэры пранікаюць нячыстыя на руку людзі?
– Работнікі праваахоўных органаў не стамляюцца са старонак газет, праз перадачы радыё, інтэрнэт заклікаць людзей да абачлівасці. Махляры могуць паявіцца перад дзвярамі вашай кватэры ці дома пад любым выглядам. Менавіта такім чынам сёлета ў раёне былі ўчынены 4 крадзяжы, а злодзеяў шукаюць дагэтуль. Запомніце: перш чым адкрыць дзверы, не саромейцеся спытаць у таго, хто спрабуе пераступіць парог, дакументы. Патэлефануйце ў арганізацыю, якую ён прадстаўляе, ці насамрэч такі чалавек там працуе. Ведайце, што правядзенне сацыялагічнага апытання, збор подпісаў ці іншыя акцыі павінны праводзіць не самазванцы, а спецыяльна падрыхтаваныя для гэтай справы людзі. Не бойцеся паказацца недаверлівым – такія крокі ўпаўне апраўданы. У выпадку сумнення папрасіце візіцёра зайсці ў іншы час, а калі ён праяўляе настойлівасць – тэлефануйце ў міліцыю.

(Марына Альшэўская, Ракітна. Калі, нарэшце, жанчыны нашага раёна змогуць без праблем трапіць на прыём да ўрачоў акушэр-гінеколагаў? Вечна ў жаночай кансультацыі да гэтых спецыялістаў няма талонаў, запіс – на месяц наперад. Цяжка нават падумаць, што можа здарыцца з хворай за гэты час.
– Сітуацыя ў нас з акушэр-гінеколагамі і сапраўды складаная: на 15,5 ставак гэтых спецыялістаў працуюць усяго 6 урачоў, двое з якіх – пенсійнага ўзросту. Дзевяць – знахо-дзяцца ў водпусках па догляду за дзецьмі, трое – плануюць пасля яго заканчэння выйсці на працу. У прыватнасці, з кастрычніка гэтага года прыступіць да работы ўрач акушэр-гінеколаг Ю.В. Монцік. Зараз у лячэбным корпусе цэнтральнай раённай бальніцы працуюць 2 урачы, у акушэрска-гінекалагічным аддзяленні паліклінікі – 4. Прыём вядзецца штодня (акрамя выхадных) з 8.00 да 20.00. Пры неабходнасці жанчыны могуць звяртацца да аналагічных спецыялістаў Пінска і Брэста, кансультацыі платныя. У будучым годзе раён чакае прыезду 1 маладога спецыяліста з дыпломам урача акушэр-гінеколага, у 2016-ым – яшчэ 5. Будзем спадзявацца, што сітуацыя зменіцца да лепшага.

( Валянціна Свібовіч, Красная Воля. Ці будзе ў нашай вёсцы прыродны газ?
– Газіфікацыя Краснай Волі запланавана ў рамках рэалізацыі мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы па пераадоленню наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС на 2011-2015 гады і на перыяд да 2020 года. На жаль, сёлета сродкі на газіфікацыю нашага раёна па гэтай праграме не выдзяляліся. Пры фарміраванні бюджэту на наступны год райвыканкамам будуць унесены прапановы па фінансаванню работ па газіфікацыі нашых населеных пунктаў, якія пацярпелі ад наступстваў катастрофы на ЧАЭС.
Падрыхтавала
Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть