У новым статусе
начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі сустракае прафесійнае свята яго начальнік Анатоль ЗАХАРКЕВІЧ. 8 кастрычніка Анатоль Міхайлавіч адказваў на пытанні чытачоў “ЛН”.
Галіна Мар’іна, Ніна Казун. Добры дзень, Анатоль Міхайлавіч! Ад імя пенсіянераў сферы культуры выказваем сардэчную ўдзячнасць за свята, якое падарылі нам у Дзень пажылых людзей. Яно атрымалася вельмі цёплым, сардэчным, даўно такога не было. Ведаем, якая няпростая галіна дасталася вам у выніку аптымізацыі, а таму шчыра жадаем поспехаў. Разлічвайце на нашу падтрымку. Са святам надыходзячым вас!
– Дзякуй вялікі! Вас віншую таксама і жадаю моцнага здароўя.
Ніна Кулакевіч, Мікашэвічы. Тэлефаную ад імя матулі Касцюкевіч Вольгі Іванаўны, якая 15 год адпрацавала ў сферы культуры, але пасля выхаду на пенсію пра яе ніхто ні разу не ўспомніў. Магчыма, гэтая сітуацыя зменіцца з вашым прыходам у аддзел культуры?
– Гэтая недарэчнасць, Ніна Іванаўна, атрымалася па той прычыне, што на заслужаны адпачынак ваша мама ішла з пасялковага Савета, якому ў той час падпарадкоўваліся Мікашэвіцкія ўстановы сферы культуры. Спісы пенсіянераў аддзел культуры своечасова не атрымаў. Але зараз памылка выпраўлена. Вольга Іванаўна павінна ўжо атрымаць віншаванне з надыходзячым прафесійным святам і запрашэнне на ўрачыстасць з гэтай нагоды. Не будзем забываць пра сваіх пенсіянераў і ў далейшым.
– Дзякуй.
Тэлефаную ад імя многіх лунінчан. Гадоў пяць таму аддзелам ідэалагічнай работы быў выдадзены набор сувенірнай прадукцыі ў выглядзе прыгожага фотаальбома, пуцевадзіцеля, брашуры пра Лунінец і Лунінецкі раён. Невялікая колькасць гэтых выданняў трапіла ў продаж і тут жа разышлася. Ці не плануецца іх перавыданне?
– Дадам, што ў 2011 годзе быў зроблены фільм пра Лунінец. Вядома, за прайшоўшы час што-кольвечы змянілася, а таму ў будучым юбілейным для Лунінца годзе плануем новае выданне кнігі пра наш край. Акрамя гэтага, ідзе збор матэрыялу для падрыхтоўкі не менш цікавай кнігі “Лунінеччына праваслаўная”. Думаю, парадуем жыхароў і гасцей нашага раёна і іншай сувенірнай прадукцыяй.
Алена Кішкевіч, Лунінец. Скажыце, ці будзе ўзводзіцца новы Дом культуры? Той, які ёсць абсалютна не адпавядае патрабаванням…
– Вы, Алена Іванаўна, верагодна, ведаеце, што ўзвядзенне ў Лунінцы новага Дома культуры на 600 месцаў запланавана Дзяржаўнай праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця і комплекснага выкарыстання рэсурсаў Прыпяцкага Палесся на 2010-2015 гады. Ужо гатова праектна-каштарысная дакументацыя. Калі своечасова будуць выдзелены сродкі, узвядзенне Дома культуры пачнецца ў будучым годзе.
Сёлета нашым гасцям з Мінска пашчасціла пабываць на свяце “Лунінецкія клубніцы”. Мерапрыемства ім вельмі спадабалася. Скажыце, ці будзе ў будучым ладзіцца нешта падобнае?
– Ужо даўно клубніка з’яўляецца неафіцыйным сімвалам нашага раёна, а Дварэц – клубнічнай сталіцай краіны. Менавіта таму раённае свята “Лунінецкія клубніцы” плануем праводзіць штогод, і яно абавязкова стане брэндам раёна, як гэтая чароўнага смаку ягада. Было б цудоўна, каб свята з часам ператварылася ў фестываль, і на яго імкнуліся трапіць госці з усіх куткоў Беларусі і не толькі. Ва ўсялякім разе, мы будзем старацца ўсё для гэтага зрабіць.
Валянціна Верас, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Вырашыла скарыстацца выдатнай магчымасцю патэлефанаваць на “Прамую лінію” і павіншаваць вас, Анатоль Міхайлавіч, і вашых падначаленых з надыходзячым прафесійным святам. Поспехаў!
– Дзякуй, Валянціна Ігнатаўна! Мы запрашаем вас на ўрачыстасць, якая пройдзе 11 кастрычніка ў гарадскім Доме культуры. Будзем рады вас бачыць!
У сваю чаргу, я таксама віншую работнікаў усіх 32 устаноў клубнага тыпу, 37 бібліятэк, раённага краязнаўчага музея, 6 дзіцячых музычных і 1 школы мастацтваў, Цэнтра культуры і народнай творчасці, раённай кінавідэасеткі з прафесійным святам. Няхай талент 327-мі работнікаў, якія тут працуюць, заўсёды знаходзіць гарачы водгук у душах і сэрцах людзей. Няхай кожнае ваша выступленне суправаджаецца самымі гучнымі авацыямі! Жадаю вам моцнага здароўя, дабрабыту, новых творчых поспехаў, нессякаемай энергіі, радасці і шчасця.
ЧЫТАЕМ, АДКАЗВАЕМ, ТЛУМАЧЫМ…
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Анатоль Захаркевіч не пакінуў без увагі каментарыі, што датычылі сферы культуры, на сайце lnc.by.
@ Неабыякавы. Хто сёлета будзе прадстаўляць Лунінец на праекце “Спяваючыя гарады-2”? Зноў “Шляхцічы”?
– Гэта вызначыць спецыяльны кастынг, які прайшоў у Мікашэвічах 7 кастрычніка. Удзел у ім бралі ўсе жадаючыя. Адзінае абмежаванне – узрост: удзельнікі адбору павінны быць не маладзейшымі за 16 год. Кандыдатаў вызначыць кампетэнтнае журы. Талентаў на Лунінеччыне нямала, а таму, спадзяюся, выбар багаты.
@ Аляксей. Доўгі час заставалася вакантнай пасада дырэктара гарадскога Дома культуры. Кажуць, былая начальнік аддзела культуры берагла яе для сябе…
– Не ведаю, што для каго хто бярог, але не так даўно дырэктарам ГДК прызначаны таленавіты і вопытны работнік, мастацкі кіраўнік народнага ансамбля песні і музыкі “Шляхцічы” Генадзь Шэўчык. Думаю, гэтая пасада дазволіць яму яшчэ ярчэй раскрыць свой талент музыканта і творцы.