Прямая линия

Вада, цяпло, рамонты і…

ТельпукНа “Прамую лінію” з намеснікам старшыні райвыканкама Аляксандрам ЦЕЛЬПУКОМ, якая прайшла на мінулым тыдні ў рэдакцыі “ЛН”, паступіла каля двух дзясяткаў пытанняў.

 Іван Рудовіч, г. Лунінец. Аляксандр Якаўлевіч, добры дзень. Па нашай вуліцы праклалі водаправод, падарвалі карані ў старых соснах, яны нахіліліся ў бок дамоў і ліній электраперадач. Хто выправіць сітуацыю – так і да бяды недалёка.

– Паколькі каранёвая сістэма аднаго дрэва была сапраўды парушана, спецыялісты “Водаканала” разглядаюць магчымасць прыбраць гэту сасну. У бліжэйшы час, Іван Іванавіч, пытанне будзе знята з кантролю.

– Ведаю вас як добрага спецыяліста. Цікава, як будзе падключацца вада на нашай вуліцы. Асабіста пракапаў 40 метраў траншэі, паклаў трубу…

– Для падключэння да цэнтральнага водаправода жыхарам вуліцы Савіцкага неабходна звярнуцца ў вытворча-тэхнічны аддзел “Водаканала” для атрымання тэхнічных умоў.

– Вялікі дзякуй. Поспехаў вам.

Галіна Пятроўна, ад імя жыхароў вуліцы Новая ў райцэнтры. Ці магчыма нам падключыцца да цэнтральнай каналізацыі?

– На сённяшні дзень на ву-ліцы няма цэнтральнай каналізацыі і ў бліжэйшы час яе пракладка за бюджэтныя сродкі не плануецца. Работы могуць быць выкананы за кошт жыхароў пры стварэнні калектыву індывідуальных забудоўшчыкаў, або вы можаце зрабіць звычайны септык на ўчастку.

– І яшчэ адно пытанне. Ці будзе наша вуліца асфальтавацца?

– На жаль, у бліжэйшы час не плануем такія работы. Працягнем рэгулярнае грэйдзіраванне, а пры добрых умовах надвор’я – падсыпку.

Наталля Максімовіч, в. Любачын. Напісалі заяву ў СВК “Азярніца” на выкуп дома, аднак вырашэнне пытання прыпынілася…

– Па словах старшыні гаспадаркі А.В. Семянчэнкі, летась быў аформлены тэхпашпарт на дом, а на днях атрыманы дагавор падраду на ўстанаўленне межаў і прадастаўлення зямельных участкаў. Пасля аплаты будуць выраблены пасведчанне аб рэгістрацыі капітальнай пабудовы і зямельнага ўчастка.

Уладзімір Грыневіч, в. Дрэбск. У свой час ДРБУ-101 рабіла з’езд з вуліцы Колбіка на завулак Рачны, наварацілі глыбаў і абяцалі выправіць – прыбраць іх, а таксама падсыпаць іх пяском. Да гэтага часу сітуацыя не выпраўлена.

– Дзякуй, Уладзімір Іосіфавіч за тэлефанаванне. Дам даручэнне начальніку ДРБУ-101 узяць на асабісты кантроль гэта пытанне. Да канца тыдня праблему вырашым.

Як паведамілі з дарожнай арганізацыі, падсыпка завулка была выканана 25 кастрычніка.

Уладзімір Кліманскі, г. Лунінец. Нашаму дому па вуліцы Прыпяцкая –  35 год. Патрэбны капітальны рамонт. Ці ёсць магчымасць яго зрабіць ці хаця б уцяпліць сцены?

– Лунінецкая ЖКГ выканала разлікі па стварэнню цеплавой рэабілітацыі тарцавых сцен і афарбоўкі фасада дома, а таксама добраўпарадкаванню дваровай тэрыторыі. Цяпер выканаць работы не ўяўляецца магчымым, паколькі патрабуе значных грашовых сродкаў. Пры іх наяўнасці, пытанне будзе разглядацца ў наступным годзе.

– Хутка пачнецца зіма. Работнікі ЖКГ абяцалі замяніць вокны на лесвічных пляцоўках у пад’ездах, аднак выканалі гэту работу толькі часткова.

– Спецыялісты жыллёва-эксплуатацыйнай службы правялі абследаванне стану аконных блокаў на лесвічных пляцоўках. Усе выяўленыя недахопы будуць выпраўлены да 20 лістапада.

– У горадзе працуюць дворнікі. Вельмі часта сустракаюцца месцы, дзе няма бардзюрнага камня ці пліткі, або яны паваліліся. Чаму ніхто не паведамляе аб гэтым у ЖКГ: прасцей выправіць адразу, чым, калі будзе неабходны сур’ёзны рамонт…

– Гэта – прамыя абавязкі прыбіральшчыкаў дваровых тэрыторый, а таксама работнікаў участка добраўпарадкавання ЖКГ. Пры неабходнасці выконваюцца рамонтныя работы. Калі ж вы бачыце хібы, тэлефануйце ў аварыйную-дыспетчарскую службу ЖКГ па нумары 115, яны прымуць меры.

– Яшчэ мяне вельмі хвалюе, што ямы ў горадзе рамантуюць вясной. Восенню на дарогах каля люкаў шмат шчылін. Прасцей выканаць работы цяпер, калі яны маленькія, каб зімой яны не павялічваліся.

Так сталася, Уладзімір Аляксандравіч, што асноўныя работы па ямачнаму рамонту вуліц горада выконваюцца вясной, бо пасля зімы адбываецца найбольш актыўнае парушэнне асфальтавага пакрыцця. Аднак, работнікі ЖКГ пастаянна сочаць за станам дарог. Таксама адзначу, што з пачатку гэтага года выканана 1929 м2 рамонту вуліц з асфальтавым пакрыццём, а таксама 6000 м2 суцэльнага асфальтавання на Чапаева.

– Ёсць і яшчэ некалькі прапаноў. Каля былой лазні на Прыпяцкай пастаянна спыняецца шмат машын, што нярэдка стварае небяспечныя сітуацыі. Ёсць знак, які абмяжоўвае стаянку, але на яго вадзіцелі часта не звяртаюць увагі. Побач з будынкам – шмат пустуючай плошчы. Чаму б там не арганізаваць стаянку, зрабіўшы заезд з вуліцы?

– Прапанову павінна разгледзець камісія па бяспецы дарожнага руху сумесна з прадстаўнікамі аддзела архітэктуры райвыканкама. Бліжэйшае пасяджэнне запланавана на снежань, пытанне абавязкова будзе ўнесена ў парадак дня.

– Прабачце, што займаю шмат часу. Аднак у дварах шматпавярховых дамоў, асабліва ў раёне “Універсама” вельмі шмат парушэнняў па паркоўцы аўтамабіляў. Магчыма, супрацоўнікам ДАІ неабходна ўзмацніць патруляванне такіх участкаў?

– Дзякуй, Уладзімір Аляксандравіч, за закранутыя пытанні. З мэтай прафілактыкі правапарушэнняў па лініі ДАІ, выяўлення і недапушчэння парушэння правілаў паркоўкі ў раёне “Універсама”, скарэкціраваны маршруты патрулявання нарадаў аддзялення ДАІ, патрульна-паставой службы міліцыі, а таксама на гэта арыенціраваны асабовы састаў РАУС.

– Дзякуй вам за адказы, Аляксандр Якаўлевіч, а газеце – за магчымасць атрымаць іх з першых вуснаў.

Васіль Клімчук, в. Дварэц. Правялі воду, а яна не адпавядае якасці – іржавая і з пахам хлоркі. За што плацім грошы?

– Паколькі ваш дом падключаны да тупіковага цэнтральнага водаправода, з-за малой колькасці спажываемай вады адзначаюцца факты часовага зніжэння якасці. У мэтах прафілактыкі перыядычна робіцца скідванне вады ў тупіковых кропках. Акрамя таго, дадзены ўчастак уключаны ў Дзяржаўную праграму “Чыстая вада”: яго закальцоўка дазволіць зняць пытанне якасці вады на вуліцы Садовая.

Адам Канановіч, в. Азярніца. Наш дом 60-ых гадоў пабудовы, прыкладна 30 год таму абклалі цэглай. Летась напісалі заяву на прыватызацыю, зрабілі неабходныя дакументы. Цяпер нам кажуць пісаць заяву на выкуп дома. Як быць?

– У мінулым годзе была зроблена індэксная і рыначная ацэнкі дома, аднак ад выкупу вы адмовіліся, паколькі палічылі, што дорага. Цяпер гаспадарка звернецца ў Лунінецкі філіял РУП “Брэсцкае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельнаму кадастру” для паўторнага выканання гэтых работ.

Анатоль Федарцоў, в. Лахва. Якія перспектывы будаўніцтва амбулаторыі ў нашай вёсцы? Чаму нельга зрабіць нешта часовае для абслугоўвання людзей?

– Прынята рашэнне ўзвесці амбулаторыю на месцы былой участковай бальніцы. Зараз ідзе падрыхтоўка праектна-каштарыснай дакументацыі. Як толькі гэтая работа завершыцца, можна будзе весці гаворку аб пачатку будаўніцтва. А з лістапада для медыцынскага абслугоўвання насельніцтва на тэрыторыі сярэдняй школы пачне функцыянаваць Лахвенскі ФАП.

Вера Колб, ад імя жыхароў кватэр №№27, 29, 31, 33 па вуліцы Блока 4-б у Лунінцы. У горадзе даўно падключылі ацяпленне. У нашых жа кватэрах цёпла не ва ўсіх пакоях. Магчыма, трэба ваздушыць трубы на апошнім паверсе, але гаспадыні доўгі час няма дома. Дапамажыце, калі ласка.

– Зараз жа патэлефаную дырэктару ЖКГ. Вы павінны карыстацца выгодамі ў поўным аб’ёме.

Работнікамі ЖКГ выкананы неабходныя работы. Сістэма ацяплення працуе ў зададзеным рэжыме і тэмпература паветра ва ўсіх жылых памяшканнях адпавядае патрабаванням сацыяльнага стандарту.

Георгій Шмат, г. Лунінец. У нашым доме работнікі ЖКГ акавалі трубы на крышы. Хутка зіма, калі на іх паставяць калпакі?

– Ахоўныя парасоны на вентыляцыйныя шахты будуць устаноўлены да 15 лістапада.

Кацярына Дзмітрыеўна, ад імя жыхароў дома №12 (інтэрнат) у Вульцы 1. Работнікі ЖКГ вясной пачалі рамонт. Абяцалі ўсё закончыць да канца лета. Ці плануецца завяршыць сёлета?

– Сродкі, выдзеленыя на выкананне бягучага рамонту, асвоены ў поўным аб’ёме. Пры наяўнасці фінансавання, работнікі ЖКГ працягнуць работы ў наступным годзе.

Неаніла Місюра, стараста в. Вулька 1. У раёне дзіцячага садка і інтэрната ў нашай вёсцы даўно пачалі будаваць лазнева-мыйны комплекс. Які яго далейшы лёс?

– Уласнік будынка – СВК “Хваецкае”. Менавіта яны павін-ны рашыць, што рабіць – аднавіць будаўніцтва, разабраць ці прадаць на аўкцыёне…

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть