Прямая линия

Выратавальнік – прафесія высакародная

орешкевичДзень пажарнай службы, які адзначаем сёння, 25 ліпеня, стаў нагодай для сустрэчы з начальнікам раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Мікалаем АРАШКЕВІЧАМ. Да таго ж, Мікалай Уладзіміравіч згадзіўся адказаць на пытанні чытачоў “ЛН”. Праўда, тэлефанаванняў на “Прамую лінію” было няшмат, што зусім не сведчыла аб адсутнасці цікавасці да гэтай адказнай службы. Зусім наадварот, запэўнівала ў тым, што ва ўзначальваемым дэпутатам абласнога Савета аддзеле – усё пад кантролем. Тым не менш, першае, чым пацікавіліся, ці насамрэч Дзень пажарнай службы выратавальнікі лічаць сваім прафесійным святам?
– Лічым, нягледзячы на тое, што ў агульнай статыстыцы выпадкаў, па якіх даводзіцца рабіць так званыя баявыя выезды, пажары складаюць 32 працэнты. Але ж бяды яны прыносяць нашмат больш, чым іншыя жыццёвыя “няштатныя” сітуацыі. Ды і сёлета з пачатку года іх зарэгістравана 39 – на 4 больш, чым летась. А матэрыяльны ўрон ужо вылічваецца мільярдамі. Прынамсі, за 6 месяцаў гэтага года склаў 1 мільярд 166 мільёнаў рублёў. Сёлета загінулі ў агні 6 чалавек (летась за такі час – 8). Гэтая лічба магла б быць яшчэ меншай ці наогул сысці да нуля, калі б не звычайная людская абыякавасць і грэбаванне элементарнымі правіламі пажарнай бяспекі. Уявіце, ва ўсіх шасці выпадках ахвяры знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення. У выніку – неасцярожнае абыходжанне з агнём застаецца асноўнай прычынай бяды. На другім месцы – парушэнне правілаў эскплуатацыі печаў, цеплагенерыруючых агрэгатаў і прыстасаванняў. Людзі прывыклі, што мы перыядычна робім падворны абход, выяўляем небяспечныя ў гэтым плане домаўладанні, пішам прадпісанні, якія трымаем на кантролі да поўнага выпраўлення сітуацыі. Трэба сказаць, што ў большасці выпадкаў жыхары вельмі адказна ставяцца да гэтай справы, стараюцца своечасова выправіць няспраўнасць печкі і абавязкова пасля гэтага пазваніць па 101 і сказаць, што ўсё зроблена. Асабліва гэта датычыць пенсіянераў. Пэўныя віды работ па рамонту печаў у дамах сацыяльна неабароненай катэгорыі грамадзян выконваюцца за кошт бюджэтных сродкаў. Сёлета на гэтыя мэты прадугледжана больш як 50 мільёнаў рублёў. Запланавана адрамантаваць ацяпляльныя прыстасаванні ў 7 дамах, зроблена гэтая работа – у 5-ці.
– А што яшчэ дапамагае трымаць сітуацыю з пажарамі пад кантролем?
– Звычайны аўтаномны пажарны апавяшчальнік. Яны ёсць у многіх дамах і, паверце, нямала лю-дзей, якія ўдзячны гэтаму нескладанаму апарату за выратаваныя жыцці. Дастаткова ўспомніць сёлетнюю сітуацыю, якая здарылася ў адной з лунінецкіх сем’яў, калі па гуку апавяшчальніка прачнуліся 5 чалавек і паспелі пакінуць дом, у якім палаў дах. Цяпер прагрэс пайшоў яшчэ далей. Калі, скажам, у грамадзяніна праблемы са слыхам, то ўстанаўліваецца так званае сігнальна-гукавое прыстасаванне, калі на фасадзе дома прымацоўваецца спецыяльны маячок, які ў выпадку бяды падае не толькі гукавы, але і светавы сігнал, які могуць убачыць і пачуць суседзі і тым самым не дапусціць бяды.
– Мікалай Уладзіміравіч, ведаю, што выклікамі на пажары не абмяжоўваецца работа вашых падначаленых. З якіх нагод яшчэ турбуюць выратавальнікаў жыхары?
– Нагодай могуць стаць самыя неверагодныя выпадкі, пачынаючы ад неспадзявана зачыніўшыхся дзвярэй кватэры да кацяняці на дрэве. Хаця, у дачыненні да апошняй сітуацыі заўсёды кажу, што яшчэ ніводнага шкілета на дрэве не бачыў: кот як залез туды, так і злезе. Але ў дапамозе не адмаўляем. А яшчэ выратавальнікі дзяжураць каля камбайнаў падчас уборкі, разбіраюць старыя аварыйныя збудаванні, абслугоўваюць спартыўныя матчы, дапамагаюць захоўваць бяспеку падчас масавых мерапрыемстваў, эвакуіруюць транспартныя сродкі, вызваляюць лю-дзей, заблакіраваных у машынах у выніку ДТЗ, праводзяць дэзінсекцыю – знішчаюць селішчы шэршняў і іншае. Праўда, падобныя выпадкі пачалі адносіць да платных паслуг, якія і дазволілі летась зарабіць 800 мільёнаў рублёў. Усяго з пачатку года на рахунку нашых супрацоўнікаў – 213 баявых выездаў. З іх непасрэдна звязаны з ліквідацыяй пажараў – 36. У 85-ці выпадках тушылі полымя, якое разгаралася ад бяскрыўднай спробы спаліць смецце ці траву.
– Нагадаем правілы правядзення гэтай работы?
– Яны вельмі простыя і даступныя. Коратка іх можна акрэсліць так: выпальваць траву можна ў бязветранае ціхае надвор’е на адлегласці не менш як 15 метраў ад будынкаў з абавязковай наяўнасцю 25-сантыметровай мінералізаванай паласы.
– З 1 ліпеня 2014 года ўступілі ў сілу новыя «Правілы пажарнай бяспекі Рэспублікі Беларусь». Якія змены нясуць яны з сабою?
– Усе змяненні пералічыць цяжка, але галоўнае, што новыя Пра-вілы больш адаптаваны да рэчаіснасці, чым ранейшыя. Зніклі неабгрунтаваныя патрабаванні наконт, скажам, сістэм пажаратушэння на заправачных станцыях: зразумела, што калі тут узнікае форсмажорная сітуацыя, то справіцца з ёй могуць толькі спецыялізаваныя падраздзяленні. Або патрабаванне аб выкарыстанні на такіх аб’ектах спецыяльнай пліткі, якую ў Рэспубліцы Беларусь наогул не выпускае ніводнае прадпрыемства. Цяпер дазволена выкладваць тэрыторыю звычайнай высакаякаснай тратуарнай пліткай. І так па многіх іншых пазіцыях. Жорсткім заканадаўства засталося толькі ў дачыненні да парушальнікаў. Дарэчы, ужо сёлета наша служба правяла 66 праверак суб’ектаў гаспадарання. Па іх выніках належыць выканаць 734 супрацьпажарныя мерапрыемствы. І многія з іх ужо ажыццявілі. Увогуле, будзем імкнуцца працаваць так, каб пасля таго, як прадпрыемства ці арганізацыю пакінуць нашы супрацоўнікі, там не засталося нараканняў на супрацьпажарную бяспеку. І дабівацца гэтага дазволена самымі рознымі метадамі, у тым ліку – штрафамі. Сёлета іх сума склала больш як 106 мільёнаў рублёў. Па нашых прадпісаннях забаронена эксплуатацыя 8 памяшканняў, 11 печаў, 21 участка электраправодкі і электраабсталявання.
– Але ж галоўны вынік вашай работы – выратаваныя жыцці. Сёлета адкрыты гэты бясцэнны адлік?
– Вядома ж. З пачатку года супрацоўнікамі РАНС на пажарах выратавана 5 чалавек, 24 – эвакуіраваны з небяспечнай зоны. Акрамя гэтага, папярэджана знішчэнне агнём 69-ці будынкаў і 2-юх адзінак тэхнікі. Варта адзначыць, што звычайна на тушэнне пажараў вогнеборцы трацяць ад 15 да 30 хвілін. А з 12-цю ўзгараннямі сёлета справіліся ў рэкордны час – да 15 хвілін. Зразумела, што такая работа патрабуе высокай кваліфікацыі і добрай спартыўнай загартоўкі супрацоўнікаў, якіх у нас на сёння 126. Амаль усе яны пры здачы нарматываў па фізічнай падрыхтоўцы атрымалі адзнакі “выдатна” і “добра”. 27 работнікаў маюць вышэйшую і вышэйшую спецыяльную адукацыю, 26 – сярэднюю спецыяльную. Але які б дыплом не быў у кішэні, нашых супрацоўнікаў заўсёды аб’ядноўвае адно – высакароднае імкненне ісці на дапамогу людзям. І з гэтым яны спраўляюцца нядрэнна.
(Генадзь Жук, Лунінец. Мікалай Уладзіміравіч, магчыма, маё пытанне не па тэме, але гэта як паглядзець. Хачу звярнуць вашу ўвагу на стан дарогі, якая вядзе да парома праз Прыпяць. Няўжо нельга хаця б адзін раз у месяц накіраваць туды грэйдзер, каб прывесці яе ў больш-менш прыдатны стан? Там жа людзі хутка будуць калечыцца. Ды і выратавальнікам работы дабавіцца: машыны з канавы выцягваць вы ж дапамагаеце?
– Дзякуй за тэлефанаванне. Абавязкова звернем увагу на гэтую праблему, асабіста патэлефаную кіраўніку ДРБУ-101, і дарога будзе прагрэйдзіравана.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть