ОбществоПрямая линия

ВЫСЛУХАЦЬ І ДАПАМАГЧЫ

Дзіўнае зацішша, якое панавала на пачатку “прамой лініі” са старшынёй райвыканкама Аляксандрам Пачко міжволі прымушала думаць, што і насамрэч жыхары раёна заняты на клубнічных плантацыях і ім няма справы, да ўсяго, што адбываецца навокал. Аднак гэтае меркаванне ўсё-такі не адпавядала рэчаіснасці.
Званок жыхаркі Краснай Волі не быў нечаканасцю для кіраўніка раёна, бо яе землякі ўжо звярталіся з просьбай абсталяваць аўтобусны прыпынак каля новай вясковай царквы. Неспадзяванкай стала тое, што дагэтуль адпаведнай шыльды там няма. Адказ быў дакладным: да канца месяца новы прыпынак у вёсцы будзе.
Адзін з жыхароў райцэнтра ўзрушана расказаў пра беспарадкі, якія твораць асобныя адпачываючыя на возеры Белае. Асабліва разняволена вядуць яны сябе позна вечарам, калі ўзбярэжжа пакідаюць нарады міліцыі, ды і верагоднасць таго, што сюды зазірнуць прадстаўнікі іншых адказных службаў, невялікая. Кіраўнік раёна падзякаваў за тэлефанаванне і паабяцаў, што парадак на Белым будзе ўсталяваны, а тыя, хто рызыкне яго парушаць, адкажуць па ўсёй строгасці закона. За гэтым абавязкова будуць сачыць усе, каму гэта належыць па роду службы і работы.
Не зусім звычайную праблему ўзняла бадай што адзіная жыхарка хутара Камень, які знаходзіцца на беразе Прыпяці непадалёк ад парома. Жанчына вырашыла аформіць дакументы на зямлю і пабудовы, аднак зрабіць гэта на працягу пэўнага часу не можа, бо дагэтуль невядома, да якой тэрытарыяльнай адзінкі адносіцца хутар. Раней ён быў прыпісаны да Лунінца, потым быццам бы вырашылі далучыць яго да Дварэцкага сельсавета. У чым корань непаразуменняў, павінны разабрацца ў раённым Савеце дэпутатаў і землеўпарадчай службе райвыканкама. Так ці інакш, чаканая і лагічная кропка ў гісторыі будзе пастаўлена ў бліжэйшы час.
Захаваннем памяці пра тых, хто загінуў у Вялікую Айчынную вайну, занепакоены адзін з жыхароў Вялікіх Чучавіч. Ён прапаноўвае ўсталяваць мемарыяльную дошку на ўжо існуючым помніку з пералікам прозвішчаў усіх загінуўшых землякоў. У сельвыканкаме падтрымаць пачынанне не спяшаюцца, але як стала вядома, ёсць індывідуальны прадпрымальнік, які гатовы дапамагчы ажыццявіць высакародныя планы. Будзем спадзявацца, што яны ўвасобяцца ў жыццё да Дня Перамогі наступнага года. Пры ўмове, вядома ж, што і сельвыканкам не застанецца ўбаку ад вельмі патрэбнай справы.
Наступнае тэлефанаванне было ад жыхаркі дома №4 па вуліцы Савецкай у райцэнтры. Жанчына занепакоена тым, што ў двары дома не спяшаюцца з добраўпарадкаваннем, якое павінна завяршыцца да 1 ліпеня гэтага года. У адказ А.М. Пачко заспакоіў: загадзя вызначаны графік будзе вытрыманы.
Жыхары в. Галы Бор сутыкнуліся з праблемай, вырашыць якую самастойна непадсілу. Справа ў тым, што на выдзеленых пад культурную пашу для прыватнага стака плошчах адсутнічае вадаём. У спякоту (ды і не толькі!) кароўкам вельмі патрэбна вада. Ёсць некалькі варыянтаў вырашэння праблемы. Адзін з найбольш прымальных – дастаўляць у поле ёмістасці з вадой. Праўда, выдаткі на гэтую справу прапаноўваецца ўзяць на сябе ўласнікам рагуль. Так ці інакш, пытанне да яго поўнага вырашэння будзе знаходзіцца на кантролі.

Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ

Теги
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть