Прамая лінія «ЛН»: адказы на камунальныя пытанні
Прямая линия

Прамая лінія «ЛН»: адказы на камунальныя пытанні

У рэдакцыі “ЛН” прайшла “Прамая лінія” з дырэктарам КУШВП ЖКГ “Лунінецкая ЖКГ” Георгіем ШПАКОЎСКІМ. На працягу гадзіны Георгію Георгіевічу было зададзена 18 пытанняў. Як адзначыў кіраўнік камунальнай службы, ніводзін са зваротаў нельга назваць неабгрунтаваным. Мяркуйце самі.

Раіса Бут-Гусаім, Лунінец. На працягу 9 год жыхары нашага дома па вуліцы Будаўнікоў, 3 з наступленнем асенне-зімовага перыяду пакутуюць ад моцнага шуму ў сістэме ацяплення. Сёлета 4 кастрычніка, калі пачалі падаваць цепланосьбіт, гул быў такі, што, здавалася, неба зрушыцца… Мы звярталіся да камунальнікаў не адзін раз, але ні летась, ні сёлета так нічога і не зроблена.

– Раіса Міхайлаўна, прыношу прабачэнні за тое, што своечасова не змаглі дапамагчы, хаця з нашага боку, здавалася б, усё неабходнае было зроблена. У прыватнасці, пасля абследавання паставілі гумовыя ўтулкі, звычайныя  муфты памянялі на вібрамуфты. За дапамогай звярталіся да спецыялістаў у праектны інстытут, выканалі ўсе іх рэкамендацыі. Засталася адна прычына – сістэма рэгулявання. Неабходныя абследаванні будуць праведзены ў бліжэйшы час.

Як стала вядома, у дзень правядзення “Прамой лініі” па названым адрасе ў чарговы раз пабывалі работнікі камунальнай службы. Пасля абследавання дэманціравалі рэгулятар. Шум у батарэях ацяплення знік. Па запэўніванню Г.Г. Шпакоўскага, да 10 лістапада 2017 года ў праблемным доме будуць устаноўлены новыя рэгулятар і помпа.

– Ці не плануецца ў бліжэйшыя гады добраўпарадкаванне нашай вуліцы Будаўнікоў?

– Згодна з графікам асфальтаванне вашай вуліцы запланавана на 2019 год.

– І яшчэ, калі дазволіце. Дзевяць год таму ў нашым доме быў зроблены капітальны рамонт, аднак пад’езды чамусьці засталіся неадрамантаванымі. Між тым, у многіх месцах ад сырасці паявіўся грыбок. Як старэйшая па дому, самастойна спрабавала з ім змагацца, зачысціла, пафарбавала, але зараз і фарба ўжо аблупілася, і тынкоўка сыплецца… Ці нельга нам дапамагчы?

– Мне складана адказваць за тое, што адбывалася дзевяць год назад, бо ў той час яшчэ не працаваў у камунальнай службе. Але ж, згодна з сённяшнімі нарматыўнымі актамі, усе рамонтныя работы ў месцах агульнага карыстання, у тым ліку і ў пад’ездах, праводзяцца адзін раз у пяць год і толькі за кошт жыхароў. Такім чынам сёлета навялі парадак у больш як 40 пад’ездах. Думаю, здолеем дапамагчы і вам. Пакуль жа напішыце заяву ў камунальную службу наконт псавання сцен грыбком. Зараз ёсць спецыяльныя растворы, якія дазваляюць дзейсна з ім змагацца. Спецыялісты выканаюць неабходныя работы.

Віктар Комар, Лунінец. У доме №3 на плошчы Леніна жыве мая мама. У двары ёсць шахтны калодзеж, вада там смачная. Але з часам наспела неабходнасць яго пачысціць, замяніць ручку калаварота.

– Улічваючы тое, што ў доме ёсць цэнтральны водаправод, шахтныя калодзежы не абслугоў-ваюцца. Але калі так неабходна прывесці яго ў парадак, то гэта (за сродкі жыхароў, вядома) можа выканаць спецыялізаваная брыгада КУП ВКГ “Водаканал”. Раю звярнуцца ў гэтую арганізацыю.

– І яшчэ пытанне. У час дажджоў вада чамусьці збягае да пад’езда, дзе жыве мая мама. Ці можна чым дапамагчы?

– Абследуем, Віктар Іванавіч. Там уваход у пад’езд знаходзіцца трошкі ніжэй тратуара і, магчыма, вада збягае туды не з плошчы, а менавіта з пешаходнай дарожкі. Пастараемся выканаць адвядзенне дажджавых вод на зялёную зону.

Вера Левашкевіч, Лунінец. Георгій Георгіевіч, гэта дзе ж такое права ёсць, каб без дазволу заходзіць на двор прыватнага дома і зрэзваць дэкаратыўныя кусты і дрэвы? Колькі часу таму на мой двор прыйшлі камунальнікі, спілавалі куст бэзу, маўляў, галіны выступаюць за агароджу. Другі куст удалося ўратаваць, але ж хто даў права знішчаць пасаджанае не іх рукамі?

– Вера Рыгораўна, вы пра-вільна заўважылі, што камунальныя службы акультурваюць насаджэнні, якія выступаюць за межы агароджы і перашкаджаюць пешаходам. Скажыце, каму прыемна ісці па дарожцы, калі праз шчыліны паміж дошкамі ці сетку выступае галлё дрэў? Або пад нагамі валяюцца яблыкі, якія ніхто не збірае? А такое бывае дастаткова часта. Таму было прынята рашэнне навесці парадак у гэтым плане хаця б на цэнтральных вуліцах. Праўда, загадзя нашы работнікі павінны былі папярэдзіць вас аб неабходнасці самастойна акультурыць насаджэнні, якія выступаюць за агароджу. Паколькі з вамі ніхто не сустракаўся, вінаватыя будуць пакараны.

Як стала вядома, загадам дырэктара КУШВП ЖКГ рабочаму, які выконваў абрэзку кустоў на падворку В.Р. Левашкевіч без папярэдняга ўзгаднення з гаспадыняй, аб’яўлена заўвага.

– Вашы работнікі выдаюць прадпісанні, але зусім не тады, калі гэта трэба. Вось у мяне ёсць агарод, за вываз смецця плачу рэгулярна. Але калі паспрабавала выкінуць рэшткі расліннасці і галлё, мяне тут жа папярэдзілі, што рабіць гэта не маю права. Куды тады ўсё дзяваць?

– Згодна з заканадаўствам, вы аплачваеце толькі ўтылізацыю двух кубічных метраў у год цвёрдых камунальных адходаў. Што датычыць рэшткаў расліннасці, бацвіння бульбы, памідораў і іншых культур, то можаце складваць іх у кампостную яму на агародзе ці самастойна вывозіць на наш палігон ЦКА.

Аляксей Луд, Лунінец. Георгій Георгіевіч, вы ніколі не задумваліся над тым, чаму так хутка зарастаюць берагі  меліярацыйных каналаў у горадзе? А я вам скажу, што ў гэтым вельмі “дапамагаюць” жыхары, якія скідваюць сюды каналізацыйныя сцёкі з уласных дамоў. Што робіцца для выяўлення парушальнікаў?

– Пры чыстцы меліярацыйных каналаў усе выведзеныя туды трубы разбураюцца. За тым, каб падобных прыкрых выпадкаў было як мага менш, сочаць зацікаўленыя службы, і ў першую чаргу – работнікі “Водаканала” і эколагі. У свой час выяўляліся такія парушэнні на завулках Чыгуначным і Неўскага, а таксама на вуліцах за магазінам “1000 дробязей”. Вінаватыя былі пакараны.

– А ці не думалі вы, што камунальнікі таксама міжволі садзейнічаюць такому становішчу спраў, устанавіўшы неапраўдана высокі кошт на асенізатарскія паслугі?

– Кошт гэтых паслуг – у межах разумнага: 20 рублёў каштуе работа малой машыны, 30 – вялікай. Ёсць поўная калькуляцыя. Калі вы жадаеце з ёй пазнаёміцца – калі ласка. Людзі не скардзяцца, ды і паслуга запатрабаваная: у месяц мы вывозім больш як 1100 кубаметраў нечыстот. Прычым працуем пераважна ў прыватным сектары, бо мясцовая каналізацыя ў большасці выпадкаў там. Сярод шматкватэрных толькі два адносна старыя дамы не падключаны да цэнтральнай каналізацыі.

– Скажыце, а калі будзе прагрэйдзіравана вуліца Юбілейная?  Шчэбень прывезлі, але разраўняць належным чынам не здолелі.

– Работы будуць выкананы да 1 лістапада.

Жанна Кавалевіч, Лунінец. Добры дзень, Георгій Георгіевіч! Тэлефаную ад імя жыхароў вуліц Кобрынскай і Трошына. Калі нарэшце ў нас належным чынам будзе наладжана вулічнае асвятленне?

– Абследаванне сеткі вулічнага асвятлення ўжо зроблена. На жаль, некаторыя абмежаванні адчуваем з-за недахопу сродкаў, але ўсе перакрыжаванні будуць асветлены на 100 працэнтаў. Думаю, што да 10 лістапада ўдасца запаліць ліхтары і на канцавых адрэзках названых вуліц.

– А калі належным чынам будзе абсталяваны аўтобусны прыпынак каля магазіна “Вербачка”?

– Работы там распачаты. Трошкі перашкаджае надвор’е, але пастараемся завяршыць іх да 1 лістапада, калі, згодна з планамі, і пачне курсіраваць новы гарадскі аўтобусны маршрут №7.

Валянціна Грудзько, Лунінец. Тэлефаную па даручэнню жыхароў дома №18 па вуліцы Савецкай. Калі нарэшце будзе наведзены парадак у нашым двары? Пасля публікацыі ў раёнцы што-кольвечы зрабілі, але ж гэта – кропля ў моры.

– Суцэльнае асфальтаванне названай прыдамавой тэрыторыі плануем выканаць у 2018 годзе.

– Ці значыцца наш дом у планах на капітальны рамонт? Дах дзіравы, кватэры на верхніх паверхах неаднойчы ў непагадзь залівала.

– Капітальны рамонт у вашым доме запланавана правесці ў 2019 годзе. Каб вы рэальна валодалі сітуацыяй, зазначу, што ў горадзе ёсць нямала дамоў, якія прыкметна старэйшыя за ваш. Гэта і будынкі №№ 17 і 3 па вуліцы Давыдава – 1967 і 1975 гадоў узвядзення, Меліярацыйная, 10 – 1963 года, Макаранкі, 4 – 1972 года будаў-ніцтва. Так што працуем згодна з графікам і “ўзростам” дамоў.

Васіль Мелюх, Вулька 1. Жыву ў доме, дзе ёсць цэнтральнае ацяпленне і водаправод. Штомесяц рэгулярна плачу за камунальныя выгоды, але ж з некаторага часу спажыўцы, асабліва вясковыя, абсалютна пазбаўлены магчымасці бачыць, колькі каштуе тая ці іншая камунальная паслуга. Ці нельга і для нас арганізаваць дастаўку “жыровак”, як гэта наладжана ў гарадах?

– Разумею ваша жаданне і нават падтрымліваю яго. Але ж пакуль адначасова наладзіць магчымасць дастаўкі да спажыўцоў дакументаў на аплату камунальных паслуг, дзе  б дакладна ўказвалася, колькі што каштуе, праблематычна. Аднак гэта не значыць, што мы не будзем паступова рабіць гэтую справу. Пастараемся пачаць з прыгарадных вёсак. Мы ўжо выходзілі на Мінжылкамгас з прапановай, каб новыя камп’ютарныя праграмы, якія зараз ёсць у банках, удасканальваліся, і чалавек мог бачыць, колькі і за што плаціць. Спадзяюся, што з часам так і будзе.

Уладзімір Дубойскі, Лунінец. У нашым доме па вуліцы Чапаева, 50 – мясцовая каналізацыя. На работу асенізатарскіх машын нараканняў няма – прыязджаюць яны рэгулярна. Але імі каля нашага дома выбіта такая глыбокая каляіна, што пераадолець яе не кожнаму жыльцу пад сілу.   Ці нельга падсыпаць дарогу шчэбенем?

– Уладзімір Лявонцьевіч, у бліжэйшыя дні гэта абавязкова зробім, тым больш, што ўсе неабходныя матэрыялы – шчэбень і адсеў – ёсць.

Пытанні, якія прагучалі ў ходзе сустрэчы на ААТ “Палессеэлектрамаш”.

Якую долю кошту камунальных паслуг сёння аплачваюць спажыўцы?

– За ацяпленне кватэр і дамоў жыхары аплачваюць 25 працэнтаў яго кошту, водазабеспячэнне – 57, водаадвядзенне – 48, тэхнічнае абслугоўванне ліфтаў – 87, тэхнічнае абслугоўванне жылога фонду – 92 працэнты. І толькі затраты на ўтылізацыю цвёрдых камунальных адходаў пагашаюцца гараджанамі і вяскоўцамі на 100 працэнтаў.

За будынкам КБА практычна завершана ўзвядзенне новага жылога дома. Але за час будаўніцтва прылягаючая тэрыторыя каля гэтага і суседніх дамоў набыла непрыглядны стан. Ці будзе тут наведзены парадак?

– Дом пабудаваны па заказу райвыканкама, узводзілі яго работнікі ПМК-19. Наколькі ведаю, увод у эксплуатацыю запланаваны на канец лістапада 2017 года. Да гэтага часу абавязкова будзе выканана добраўпарадкаванне прылягаючай тэрыторыі.

 

Пытанне ад «Лунінецкіх навін». У Беларусі ідзе рэформа ЖКГ.

Дзяржава па-ранейшаму не застаецца ўбаку ад праблем, асабліва пільна кантралюючы гэтую сферу. Сведчанне – нядаўні рэспубліканскі семінар «Аб удасканаленні і развіцці жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны». Што вас, як дырэктара, асабліва хвалюе на сённяшнім этапе?

– Уважліва сачыў за работай семінара і павінен сказаць, што такая прынцыповая размова наспела даўно. ЖКГ ніколі не была лёгкім участкам, а сёння, калі практычна ўсе кватэры ў дамах прыватызаваны – тым больш. Менавіта таму асабліва важна шукаць і знаходзіць агульную мову з уласнікамі жылля ў вырашэнні многіх праблем. З гэтай мэтай і была створана адзіная служба для зваротаў грамадзян з кароткім тэлефонным нумарам 115. Дзейнічае яна і ў нас. Мы, як і нашы калегі, стараемся рабіць так, каб “жыроўкі” былі не толькі празрыстымі, але і зразумелымі простаму спажыўцу. Але трэба прызнаць, што ў многім мы пакуль толькі ў пачатку шляху. Ведаю, што праблем – асабліва ў дачыненні ўдасканалення нашай работы, зніжэння затрат і павышэння якасці абслугоўвання насельніцтва – будзе нямала, але мы гатовы іх вырашаць. Многае, пра што гаварылася на семінары, знаёма і ўжо сёння працуе. Узяць тых жа навамодных “хаус-майстраў”. У нашым штатным раскладзе яны значацца пад назвай рабочых па комплекснаму абслугоўванню і рамонту жылога фонду. Іх – 12, нагрузка каласальная: на кожнага па 30 тысяч квадратных метраў жылля. Аднак пакуль павялічваць штат не плануем, будзем працаваць ва ўмовах, якія дыктуе час эканоміі і аптымізацыі. І вядома ж, будзем старацца, каб спажыўцы камунальных паслуг нашых цяжкасцей не адчулі.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть