З пенсіяй жыццё не заканчваецца
Прямая линия

З пенсіяй жыццё не заканчваецца

семянчэнкаНа пытанні чытачоў адказвае начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына СЕМЯНЧЭНКА.

Мікалай Макаед. Вялікія Чучавічы. За плённую працу ў свой час быў узнагароджаны Ганаровай граматай Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў. Ці належыць мне за гэта даплата да пенсіі?

— Згодна з дзеючым пенсійным заканадаўствам, даплаты за падобныя граматы не прадугледжаны.

Вольга Калянковіч. Любань. Пенсіянерка, пражываю сама. Здароўе часта падводзіць, здараецца, не бывае сіл нават распаліць печку. Няхай бы прызначылі сацыяльнага работніка па догляду за мною.

— З такой просьбай вы звярталіся раней. Аднак, згодна з заключэннем урачэбна-кансультацыйнай камісіі, якое паступіла ў наша ўпраўленне ў ліпені, было ўказана, што ў пастаянным пабочным доглядзе вы патрэбы не маеце. Гэтае заключэнне сапраўдна на працягу 6 месяцаў, да 31 студзеня 2015 года. У той жа час, калі праблемы са здароўем сур’ёзныя, і вы настойваеце на прызначэнні вам сацыяльнага работніка, можаце звярнуцца ў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання на адрас: г. Лунінец, вул. Фрунзе, 6, які працуе з панядзелка па пятніцу з 8 да 13 гадзін і з 14 да 17 гадзін. Можаце патэлефанаваць на нумар 2-30-70.

Валянціна Ермаковіч. Вялікія Чучавічы. Працую дворнікам на 0,5 стаўкі. Каб мець дадатковы заробак, згодна даглядаць 80-гадовага інваліда I групы.

— У адпаведнасці з Палажэннем аб парадку назначэння і выплаты дапамогі па догляду за інвалідам I групы, або асобай, дасягнуўшай 80-гадовага ўзросту, зацверджанага пастановай Саўміна Рэспублікі Беларусь №1149 ад 6 верасня 2006 года са змяненнямі і дапаўненнямі, дапамога па догляду назначаецца толькі непрацуючым працаздольным грамадзянам.

Надзея Ненадовіч. Любань. Мне больш як 80 год, пражываю сама, часта хварэю. Хачу, каб прызначылі работніка, які б даглядаў мяне.

— Для прызначэння дапамогі па догляду за асобай, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту, неабходна заключэнне ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі аб тым, што чалавек мае патрэбу ў пастаянным пабочным доглядзе. Наконт вас падобнага заключэння не паступала, таму не маем права прызначыць вам такую дапамогу.

Ганна Шэўчык, Любань. Ці правільна мне налічваецца пенсія?

— Парушэнняў у налічэнні вам пенсіі не выяўлена. Назначана яна згодна з дзеючым законам “Аб пенсійным забеспячэнні” па дакументах, што ёсць у пенсійнай справе.

На пытанні чытачоў адказвае дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Тамара ПАТУРАЙ.

Вольга Рыгораўна. Лунінец. Пенсіянерка. Хто можа карыстацца паслугамі цырульніка на доме, яю працуе пры цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва?

— Непрацуючыя пенсіянеры, інваліды I і II груп. На сённяшні дзень стрыжка каштуе 20 тысяч рублёў. Заяўкі прымаюцца па папярэднім запісе па тэлефонах: 2-26-01, 2-33-51 або ў кабінетах №№15 і 16 ТЦСАН, які знаходзіцца па адрасе: г. Луні-нец, вул. Фрунзе, 6.

Тамара. Лунінец. У мяне двое дзяцей, муж часта бывае у камандзіроўках. Таму вымушана час ад часу пакbдаць малых адных: то ў магазін схадзіць трэба, то ў аптэку. Адлучаючыся, нават ненадоўга, заўсёды хвалююся за іх. А ці можно знайсці ў нашым горадзе няньку?

— Згодна з існуючым заканадаўствам, сем’і, якія выхоўваюць дваіх дзяцей, што нарадзіліся адначасова, маюць права карыстацца паслугамі нянькі да дасягнення дзецьмі 3-гадовага ўзросту. Працуе яна па рабочых днях, не больш як 12 гадзін на тыдзень і толькі ў дзённы час. Калі ж у сям’і адначасова нараджаюцца 3 і больш дзяцей, то пры такіх жа ўмовах рабочы дзень нянькі на тыдзень павялічваецца да 40 гадзін.

У вашым выпадку можна разлічваць на пагадзінны догляд дзяцей. Калі ласка, падавайце адпаведную заяву ў кабінет №16 нашага цэнтра. Больш падрабязную інфар-мацыю можна атрымаць па тэлефо-не 2-26-01.

Вольга Канапацкая. Мікашэвічы. Ці павінен сацыяльны работнік, прызначаны па догляду за пажылым чалавекам, капаць агарод і мыць падлогу?

— Поўны пералік паслуг, якія павшей аказваць сацыяльны работнік, зацверджаны пастановай Саўміна “Аб некаторых пытаннях аказання сацыяльных паслуг”. Там прадугледжана, што для грамадзян, якія пражываюць у сельскай мясцовасці, аказваецца садзеянне ў апрацоўцы прысядзібнага ўчастка ў перыяд сезонных работ з мая па кастрычнік. Устаноўлены і нарматыў — 1 раз у тыдзень да 6 квадратных метраў. Вільготная ўборка падлогі прадугледжана толькі для грамадзян, у якіх значна зніжана або страчана здольнасць да самаабслугоўвання і руху. Падлога мыецца раз у тыдзень на плошчы не перавышаючай 35 квадратных метраў.

— Каму аказваецца сацыяльнае абслугоўванне на доме?

— Для залічэння на надомнае абслугоўванне неабходна асабіста звярнуцца да нас і прадставіць дакуметы, пацвярджаючыя асобу і права на льготы. На працягу трох рабочых дзён работнік цэнтра праводзіць абследаванне ўмоў жылля, накіроўвае запыты ў адпаведныя органы. Праз пяць дзён, пасля таго як будуць адтуль прадстаўлены даведкі: медыцынская, аб памеры пенсіі, аб стане сям’і, а таксама звесткі аб адсутнасці догляду за грамадзянінам, выносіцца адпаведнае рашэнне.

Таццяна Іванаўна. Лунінец. На якіх умовах пенсіянеры і інваліды могуць пражываць у аддзяленні кругласутачнага знаходжання?

— Залічэнне ў аддзяленне адбываецца на платнай аснове. Калі ў вас няма родзічаў, абавязаных утрымліваць вас па закону (мужа, дзяцей), то з вас штомесячна будуць браць 85 працэнтаў ад сумы сярэднядушавога даходу грамадзяніна, але не больш як 80 працэнтаў ад поўнага кошту аказваемых паслуг ва ўмовах стацыянарнага сацыяльнага абслугоўвання. Трэба ведаць, што лячэнне ў аддзяленні не вядзецца, а забяспечваецца выканан-не рэкамендацый урача. Аказваецца таксама даўрачэбная медыцынская дапамога, праводзяцца санітарна-гігіенічныя і прафілактычныя мерапрыемствы. Калі ж у вас ёсць працаздольныя члены сям’і або іншыя фізічныя асобы, якія павінны па закону вас утрымліваць, то знаходжанне ў кругласутачным аддзяленні можа быць толькі пры ўмове поўнай аплаты паслуг.

Вера Пракапенка. Чытала, што пры ТЦСАН працуе аддзяленне дзённага знаходжання інвалідаў. Як туды трапіць?

— Прымаюцца грамадзяне, прызнаныя інвалідамі з 18 год. Тут прадастаўляюцца магчымасці для самарэалізацыі асобы, набыцця і развіцця працоўных навыкаў, ладзяцца мерапрыемствы па арганізацыі адпачынку.

Пры ТЦСАН функцыянуе таксама аддзяленне дзённага знаходжання пажылых людзей. У ім працуюць гурткі і клубы па інтарэсах, дзе грамадзяне развіваюць свае таленты і здольнасці. Вельмі запатрабаваны клуб камп’ютарнай адукаванасці. Пасля навучання ў ім і авалодвання інтэрнэтам пенсіянеры, не выходзячы з дому, без праблем заказваюць білеты на транспарт, талоны да ўрача, аплачваюць камунальныя паслугі.

Правяла Галіна КУЧЭЙКА



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть