Прямая линия

За дапамогай – да сенатара

На пытанні чытачоў “ЛН” адказвае член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Таццяна Дзмітрыеўна УДАВЕНКА.

Добры дзень, Таццяна Дзмітрыеўна! Тэлефануюць вам жыхары дома №13 па вуліцы Савецкая ў Лунінцы. Мы доўга чакалі капітальнага рамонту і, нарэшце, дачакаліся. Але ў нас без праблем не могуць. Калі рамантавалі пад’езды, пазнімалі ўсе скрынкі для перыёдыкі, і цяпер нам паштальёны не носяць ні газет, ні часопісаў. Мы і выпісваць іх не будзем – выкінутыя грошы. Звярнуліся да начальніка раённага вузла паштовай сувязі Ніны Дударга, але яна сказала, што гэта не яе справа. А справа гэта, як аказалася, камунальнікаў: менавіта яны павінны ўстанавіць нам новыя паштовыя скрынкі або хаця б вярнуць старыя. Аднак дырэктар жыллёва-камунальнай гаспадаркі Васіль Вакульчык пытанняў і просьбаў людскіх, як гэта бывае нярэдка, не чуе. Вось і просім мы, Таццяна Дзмітрыеўна, дапамагчы вырашыць нашу праблему, таму што чулі пра вас, як пра чалавека ўважлівага, спагадлівага і аўтарытэтнага.
– Кіраўніцтва камунальнай службы паведаміла нам, што новыя паштовыя скрынкі для вашага дома ўжо заказаны. Больш таго, будуць устаноўлены да 10 снежня 2013 года. Так ці інакш, трымаем праблему на кантролі да поўнага яе вырашэння.
– Дзякуй!
Надзея Цыбульская, Лунінец. Таццяна Дзмітрыеўна, хачу паскардзіцца вам на якасць бульбы, якую пенсіянерам прадавалі праз раённы савет ветэранаў. Купіла яе больш як на 500 тысяч рублёў, а клубні дуплаватыя ў сярэдзіне, трапляюцца і гнілыя. Ды і ўвогуле, хто гэтую бульбу правяраў на ўтрыманне тых жа нітратаў і радыенуклідаў? Калі спытала ў прадаўца сертыфікат якасці, то яна мне яго прад’явіць не змагла.
– Павінна вам сказаць, Надзея Мікалаеўна, што яшчэ ў верасні пробы бульбы з фермерскай гаспадаркі “Юліян” (а менавіта яна пастаўляла клубні пенсіянерам) былі дастаўлены ў кантрольна-таксікалагічную лабараторыю дзяржаўнай установы “Галоўная дзяржаўная інспекцыя па насенняводству, каранціну і абароне раслін” у п. Сеніца пад Мінскам. Даследаванні праводзіліся ў адпаведнасці з Санітарнымі нормамі і правіламі “Патрабаванні да харчовай сыравіны і харчовых прадуктаў” і Гігіенічнымі нарматывамі “Паказчыкі бяспекі і бяс-шкоднасці для чалавека харчовай сыравіны і харчовых прадуктаў”, зацверджаных пастановай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 21.06.2013 г. №52. Згодна з вынікамі даследаванняў, бульба ад “Юліяна” адпавядае ўсім патрабаванням. Утрыманне нітратаў у ёй у тры разы меншае за гранічна дапушчальны ўзровень (84 супраць 250), радыенуклідаў – амаль у 8 разоў меншае (10 супраць 80), астаткаў пестыцыдаў наогул не выяўлена. Па ўсіх параметрах клубні адпавядаюць самым высокім патрабаванням.
– Яшчэ ў мяне да вас пытанне. У свой час муж уступіў у жыллёва-будаўнічы кааператыў №16, з якога пазней яго выключылі, але грошы вярнулі не ўсе. Засталіся вінаватымі суму ў больш як 300 000 рублёў. Калі мы яе атрымаем?
– Як паведамілі ў аддзеле жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама, ваш муж Цыбульскі Аляксандр быў прыняты ў ЖБПК №16 у 2011 годзе. Ён унёс першапачатковы ўзнос у суме 249500 рублёў. Акрамя гэтага, чатыры разы ад яго паступалі членскія ўзносы па 24500 рублёў, усяго – 347500 рублёў. На гэтым паступленні спыніліся. Згодна з пратаколам №20 агульнага сходу членаў ЖБПК №16 ад 09.08.2012 г. ён быў выключаны з членаў кааператыва за няўплату членскіх узносаў. Рашэннем райвыканкама ад 30.08.2012 г. №1147 гэты пратакол зацвер-джаны. Згодна з п.5 арт.1 Жыллёвага Кодэкса Рэспублікі Беларусь уступны ўзнос – сума грашовых сродкаў, якая ўносіцца грамадзянінам у арганізацыю забудоўшчыкаў і выкарыстоўваецца для пакрыцця расходаў, звязаных з дзейнасцю гэтай арганізацыі. Членскія ўзносы – грашовыя сродкі, якія перыядычна ўносяцца членам арганізацыі, у тым ліку на аплату працы яе работнікаў і іншыя патрэбы. Уступны і членскія ўзносы пры выхадзе з кааператыва забудоўшчыкаў не вяртаюцца.
Марыя Пятроўна, Лунінец. Хачу звярнуць вашу ўвагу на лёс пустуючых будынкаў. Прыйшла ў заняпад былая кантора мехкалоны, не знаходзяць прымянення вызваленыя будынкі старой бальніцы. А чаму б не пераабсталяваць іх пад жыллё для маладых спецыялістаў?
– Вельмі слушная ваша заўвага, Марыя Пятроўна. Пытанне гэтае зараз дэталёва абмяркоўваецца ва ўладных структурах. Так, мяркуецца пераабсталяваць пад інтэрнат маласямейнага тыпу адзін з будынкаў старой бальніцы. Вывучаецца магчымасць рамонту і наступнага выкарыстання пустуючых пакояў у інтэрнаце ліцэя. Усе праблемы – у фінансаванні, а сродкаў, як разумееце, на гэта трэба нямала.
– Яшчэ пытанне. Чаму знікла з продажу лунінецкае вагавое сметанковае масла, а паступае ў магазіны толькі фасаванае?
– Нельга сказаць, што ў магазінах не хапае сметанковага масла. У продажы яно розных вытворцаў, з дабаўленнем раслінных тлушчаў і без, рознай тлустасці і, адпаведна, кошту. Думаю, любы самы патрабавальны пакупнік знойдзе для сябе гэты прадукт па густу. Што датычыць лунінецкага масла, то ў гандаль яно і сапраўды паступае цяпер толькі фасаваным па 200 грамаў. Даказана, што менавіта ў такім выглядзе яно найлепш захоўвае якасныя характарыстыкі і паляпшае ўмовы продажу. Акрамя разнастайнай карыснай інфармацыі, на ўпакоўцы ёсць усе патрэбныя звесткі пра гэты прадукт, што, згадзіцеся нельга забяспечыць пры продажы вагавога масла. Сметанковае масла ў скрынках вялікай вагой з ААТ “Лунінецкі малочны завод” да канца года будзе пастаўляцца толькі на прадпрыемствы для далейшай перапрацоўкі.
Ларыса Гардзіевіч, Лунінец. Таццяна Дзмітрыеўна, хацелася б даведацца пра перспектывы добраўпарадкавання нашага завулка Бальнічны. Рух транспарту тут дастаткова насычаны. Летам – пыл, восенню і вясной – гразь: забруджана агароджа, па гэтай прычыне за фортку нельга ўзяцца. Улетку многія каля плоту высадзілі кветкі, шкада было глядзець на расліны… А якую нязручнасць церпяць людзі!
– Вымушана вас расчараваць. На будучы год асфальтаванне завулка Бальнічны не запланавана. Разам з тым, дырэктар КУШВП ЖКГ “Лунінецкая ЖКГ” Васіль Вакульчык паабяцаў, што па меры неабходнасці завулак пастаянна будзе падсыпацца і грэйдзіравацца.
Падрыхтавала Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ.

Показать больше

Похожие статьи

3 комментария Комментариев

  1. Эта Цыбульская всех задрала.Порода такая.Дай на халяву так еще и не нравится-дуплянатая,гнилая…Человек от души старался а тут на тебе,еще и хлопот набрался,Не нравится сади сама,еще здоровее коня колхозного,самую можно в плуг запрягать.А с жильем тожк на протяжение многих лет колбасит.В Украине свое загнала,а тут дай.А что она сделала за свою жизнь для Бепаруси? Только дай.А вот дудки.И никакой ей помощи,Татьяна Дмитриевна,даже от себя лично этой поскуде,а то Вы душа добрая и отзывчивая.А она все врет.

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть