Общество

ПРЫГОЖЫ ЧАЛАВЕК І МУЖНАЯ ЖАНЧЫНА

Такімі незвычайнымі якасцямі прыцягвае Аляксандра Барысаўна ЗАЙЧАНКА. Настаўніца, якая выкладала англійскую мову ў СШ №1 г. Мікашэвічы і гімназіі, днямі адзначае 70-гадовы юбілей.

Немаўля ў 2,5 месяца засталося на руках у мамы, калі тату з пачаткам Вялікай Айчыннай прызвалі на фронт. Ураджэнка Валагодчыны апынулася ў сваякоў у горадзе Чопсара, дзе вырасла, закончыла школу і, працуючы ў друкарні, на грамадскіх пачатках стала важатай. Лёсам было наканавана, каб на зборы дружыны з нагоды дня нараджэння піянерыі дзяўчыну сустрэў запрошаны ганаровы госць – салдат тэрміновай службы, ураджэнец Беларусі. І хаця выхаваная ў строгасці Саня доўгі час трымалася на “камсамольскай адлегласці” ад кавалера, ён заявіў яе бацькам аб самых сур’ёзных намерах. Потым 5-гадовая перапіска двух студэнтаў (яна вучылася ў Волагдзе, ён – у Магілёве) правярала трываласць пачуццяў. Ажаніліся – і замест адпачынку мядовага месяца маладая сям’я накіравалася ў Казахстан па месцы размеркавання мужа.

– З першага дня ў Джэзказгане нам была выдзелена асобная кватэра, – удакладняе стрыманы Уладзімір Платонавіч, чыё прозвішча вось ужо 47-ы год носіць юбілярка. – Без мэблі, але маладыя спецыялісты горназдабываючай прамысловасці атрымлівалі неблагую зарплату. Хутка абзавяліся хатнімі рэчамі, хаця матэрыяльны бок для нас ніколі не меў вызначаючай ролі…

На казахстанскай зямлі нарадзіліся два сыны. Калі для ўмацавання здароўя малодшага ўрачы параілі пераехаць у іншыя кліматычныя ўмовы, з шэрагу прапаноў сям’я зноў выбрала тую, дзе забяспечвалі кватэрай. З 1976 года Зайчанкі асталяваліся ў Мікашэвічах.

– З балота – у балота, – жартуюць родныя.

І тлумачаць, што Чопсара – горад дзяцінства і юнацтва юбіляркі – у перакладзе азначае “балота”.

Маё знаёмства з Аляксандрай Барысаўнай адбылося ў той трагічны момант, калі асабістае гора сям’і перажываў увесь раён. Старэйшы сын, названы імем мамы, 19-гадовым загінуў у Афганістане… Піянерская дружына СШ №4 палічыла за гонар насіць імя Аляксандра Зайчанкі. Запрошаная ў школу, яго мама спачатку насцярожана аднеслася да сходу настаўнікаў і вучняў. І толькі пачуўшы словы, вершы і песні, прысвечаныя тым, чые душы абпаліў Афган, яна паверыла ў нашу шчырасць. З таго часу маю гонар называць калегу сваім сябрам.

Яе прафесійная дзейнасць адзначалася ўзнагародамі абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. Як класны кіраўнік, Аляксандра Барысаўна і яе вучні на лыжах “дасягалі” Паўночнага Полюсу і Эверэста ў завочных вандроўках, што праводзіла рэспубліканская газета “Зорька”. Заняўшы 2-ое месца ў Беларусі, былі ўзнагароджаны кнігамі і фотаздымкам ганаровых палярнікаў з іх аўтографамі. Разам з класам пабывалі на экскурсіях у многіх гарадах-героях. На веласіпедах даследавалі месцы былых змаганняў паблізу Мікашэвіч. У 4 кіламетрах ад горада выявілі паўразбураную магілу савецкіх салдат, добраўпарадкавалі яе і дабіліся, каб памяць загінуўшых была ўшанавана годным чынам.

Аляксандра Барысаўна была прызнана “Настаўнікам года” ў самым першым раённым конкурсе. Яе вучні паспяхова ўдзельнічалі ў прадметных алімпіядах у Лунінцы і Брэсце. З 1994-га яна стала ўзначальваць групы дзяцей, якія выязджалі на аздараўленне ў Ірландыю, і садзейнічала ўмацаванню шматгадовых партнёрскіх сувязей з дабрачынцамі “ізумруднага вострава”.

Вытрыманы, добразычлівы, шчыры чалавек выклікае павагу кожнага, хто знаёмы з Аляксандрай Барысаўнай. Не маючы прывычкі крыўдзіцца, яна толькі тактоўна заўважае:

– Апошнія гады нас, маці загінуўшых “афганцаў”, не запрашаюць на ўрачыстыя сходы 15 лютага. А мне так хацелася б сустракацца з воінамі-інтэрнацыяналістамі. Усе ж яны – нашы сыны…

Сашы, які з 1985-га ўсмешкай на вялікім фотапартрэце жыве ў памяці родных, у сёлетнім сакавіку споўнілася б 45 год. Адзначылі гэту дату, як і напярэдадні, у лютым, 40-годдзе Дзмітрыя. Па слядах бацькі сын працуе на РУВП “Граніт” – галоўны энергетык. У красавіку адзначае юбілей Аляксандра Барысаўна. Не заўважаць узрост дазваляе яе запатрабаванасць: перадае веды англійскай мовы ўнукам – 14-гадоваму Сашы і 7-гадоваму Жэньку.

Зайчанкі дачакаліся цяпла і аддаюцца працы на прысядзібным участку. Вырошчваюць надзвычай смачную гародніну, а прыгажосць руж радуе не толькі гаспадароў. Любоў, з якой яны адносяцца да наваколля і навакольных, у шмат разоў большай вяртаецца гэтым добрым людзям.

Наталля КАЗАНКОВА, старшыня раённага савета ветэранаў педагагічнай працы.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть