КультураМикашевичиНовости районаОбщество

«Прымакі» Лунінецкага Дома культуры чыгуначнікаў адзначаюць 20-гадовы юбілей!

Днямі адзін з самых яркіх і самабытных калектываў раёна – «народны» ансамбль народнай песні і музыкі «Прымакі» Лунінецкага Дома культуры чыгуначнікаў Культурна-спартыўнага цэнтра Баранавіцкага аддзялення Беларускай чыгункі адзначае свой 20-гадовы юбілей.

Сцэнічную пляцоўку не толькі Лунінеччыны “Прымакі” пакарылі літаральна імгненна, зачараваўшы ўсіх сваім іскрамётным выкананнем жартаўлівых народных песень і неверагоднай энергетыкай. Іх з’яўленне стала сапраўднай сенсацыяй, фурорам. Як іх толькі не называюць: Лунінецкімі песнярамі, цешчынымі ўлюбёнцамі, якія вось ужо на працягу двух дзясяткаў гадоў дораць сваю творчасць людзям. Яны розныя па характарах, але іх аб’ядноў-вае адно – бясконцая любоў да музыкі, беларускай народнай песні і старадаўніх традыцый, якія нам калісьці пакінулі нашы мудрыя продкі.

Пачалося ўсё з таго, што ў 2002 годзе намаганнямі тагачаснага дырэктара Дома культуры чыгуначнікаў Вячаслава Харытановіча быў створаны аматарскі калектыў, назва якога і пайшла з вядомай жартаўлівай песні “Прымакі”. 

– Усё адбывалася досыць спантанна, – прыгадвае Вячаслаў Яўгенавіч. – Сярод маіх знаёмых і сяброў было шмат таленавітых музыкаў і спевакоў. Тады і падумалася, а чаму не паспрабаваць і не стварыць ансамбль, у якім спявалі б толькі адны мужчыны. Як аказалася, першы блін не стаў камяком. У нас усё атрымалася.

Лунінецкіх энтузіястаў “Прымакоў” не толькі заўважыла кіраўніцтва Баранавіцкага ад-дзялення Беларускай чыгункі, але і падтрымала матэрыяльна, выдаткаваўшы сродкі на пашыў сцэнічных касцюмаў. Творчаму ўзлёту музыкаў непасрэдна паспрыяў на той час начальнік чыгуначнай станцыі Лунінец, а сёння кіраўнік Баранавіцкага ад-дзялення Беларускай чыгункі Валерый Вярэніч, які разгле-дзеў у калектыву вялікі творчы патэнцыял і не памыліўся. Бясспрэчна, прыгожа апранутыя мужчыны ў нацыянальных строях з шыкоўнымі галасамі нікога не пакінуць раўнадушным. Падчас выступлення “Прымакоў” – абавязкова аншлаг. А як зай-граюць музыкі, не ўсядзець на месцы, ногі так і просяцца ў скокі. Аб неверагоднай папулярнасці артыстаў сведчыць і той факт, што праз чатыры гады з моманту ўтварэння ансамбля, у 2006 годзе,  ён удастоены звання “народны”. “Прымакі” – пераможца шэрагу абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. Калектыў з’яўляецца лаўрэатам дарожнага фестывалю народнай творчасцi “Мелодыi стальной магiстралi”. Хлопцы неаднаразова выступалі на тэлебачанні, удзельнічалі ў здымках навагодняй тэлеперадачы “У гасцях у Дзеда Мароза” і ў тэлевізійным фестывалі АТН “Песні маёй краіны”. Ансамбль выязджаў з канцэртамі і за межы рэспублікі.

– Удзельнікі калектыву не толькі хораша спяваюць, але і акампануюць сабе самастойна на народных інструментах, – гаворыць дырэктар Дома культуры чыгуначнікаў Андрэй Канапацкі. – Самабытнасць гурта яшчэ і ў тым, што яго дзейнасць накіравана на выкананне і папулярызацыю мясцовага фальклору, беларускай народнай песні і музыкі.

Зараз у складзе калектыву шэсць чалавек, узрост якіх ад 20 да 52 гадоў. Гэта  мастацкі кіраўнік  Дзмітрый Абравец, як гаворыцца, майстра на ўсе рукі, які складае вершы, піша цудоўную музыку, займаецца аранжыроўкай і хораша спявае, а таксама віртуозныя музыкі: Вячаслаў Харытановіч (народныя шумавыя інструменты), Андрэй Канапацкі (жалейка, балалайка), Віталь Дзедзін (бас-гітара), Леанід Дамарад (барабан, гітара) і Кірыл Шчур (вакал). Дарэчы, Леанід Дамарад і Кірыл Шчур прыйшлі ў ансамбль адносна нядаўна, але настолькі аздобілі яго сваёй прысутнасцю і таленавітасцю, што “Прымакі” без хлопцаў ужо і не ўяўляюцца.

З асаблівым пачуццём замілавання і цеплыні ўзгадваюць удзельнікі калектыву і сваю сцэнічную цешчу – цудоўную жанчыну, пявунню, аўтарку шматлікіх вершаў і баек – Настассю Якавец, якая, на жаль, дачасна пайшла з жыцця.

Сёння калектыў адкрыты для неабыякавых, крэатыўных і ўлюбёных у музыку ды фальклор маладых людзей. Як прызнаўся ў размове Андрэй Канапацкі, у планах на бліжэйшы час – абнавіць і папоўніць рэпертуар, а таксама амаладзіць “Прымакоў”. Хаця ў творчай скарбонцы лунінецкіх музыкаў больш за 200 аўтэнтычных народных песень, многія з якіх выконваюцца ў стылі фольк-мадэрна. Ёсць музычныя нумары, пакладзеныя на творы мясцовых паэтаў – Андрэя Мазько, Андрэя Гурбановіча, Таццяны Коваль, Галіны Зайцавай, Настассі Якавец, Людмілы Шпакоўскай, Міхаіла Яраховіча, Юрыя Івашкевіча і Андрэя Канапацкага.

“Прымакі” – творчыя, апантаныя, таленавітыя і адданыя сваёй справе артысты – запрашаюць лунінчан на свой юбілейны канцэрт, які мае адбыцца 2 снежня ў гарадскім Доме культуры і абяцаюць здзівіць аматараў народнай музыкі і песні новай шыкоўнай праграмай.

Дваццаць гадоў для калектыву – немалы прамежак часу. Гэта не толькі перыяд станаўлення, але і росквіту “Прымакоў”, зорка якіх яскрава ззяе на творчым небасхіле Лунінеччыны, бо кожны з удзельнікаў ансамбля – сапраўдны дыямант, што сваім талентам і творчасцю ўпрыгожвае сцэнічную пляцоўку і дорыць радасць гледачам.

Кацярына Яцушкевіч

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть