Прынцыпова, справядліва, удумліва
Общество

Прынцыпова, справядліва, удумліва

Як вядома, у красавіку 2015 года быў падпісаны Дэкрэт №3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”. З пункту гледжання сацыяльнай справядлівасці ўплата падаткаў павінна быць забяспечана ўсімі працаздольнымі грамадзянамі. І большасць гэтых грамадзян          у актыўным узросце выконваюць пазначаны канстытуцыйны абавязак. Аднак ёсць і тыя, хто на працягу пэўнага часу не ўдзельнічаў у фінансаванні дзяржаўных расходаў ці ўдзельнічаў менш як 183 дні ў годзе. Менавіта яны, перш       за ўсё, падпадаюць пад дзеянне Дэкрэта №3. Аднак жыццё – рэч непрадказальная. Іншы раз яно можа павярнуцца так, што чалавек проста не здолее супрацьстаяць абставінам, вымушаны пакінуць работу і самым карэнным чынам змяніць лад пражывання. Ці, скажам, да пазначаных 183-ох дзён не хапае зусім крыху.  Як быць тады? З гэтым пытаннем звярнуліся да намесніка старшыні райвыканкама Анатоля ЗАХАРКЕВІЧА:

– Менавіта для разгляду падобных выпадкаў 13 лютага 2017 года пры райвыканкаме была створана спецыяльная камісія, якая надзелена паўнамоцтвамі рэкамендаваць вызваліць таго ці іншага грамадзяніна ад уплаты збору на фінансаванне дзяржрасходаў у сувязі са знаходжаннем у цяжкай жыццёвай сітуацыі. Адразу ўзнікае пытанне: што лічыць гэтай цяжкай сітуацыяй? Па-першае, гэта праблемы на рынку працы, якія перашкаджаюць уладкавацца на работу. Па-другое, неабходнасць догляду за непрацаздольным блізкім родзічам. Па-трэцяе, стан здароўя заяўляльніка, наяўнасць хвароб, якія не дазвалялі весці паўнацэннае жыццё, і некаторыя іншыя ўважлівыя абставіны. І ўсё ж кожны канкрэтны выпадак патрабуе індывідуальнага падыходу і разгляду – прынцыповага і ўдумлівага. Менавіта гэтым кіруецца ў сваёй рабоце камісія, у склад якой уваходзяць прадстаўнікі практычна ўсіх зацікаўленых службаў і ведамстваў.

— Колькі чалавек звярнуліся сюды за вызваленнем ад уплаты збору?

— Больш як два дзясяткі. Сітуацыі самыя розныя. Ну, вось, да прыкладу, жыццёвы выпадак з Мікашэвіч. Жанчына на працягу 6 месяцаў даглядала цяжка хворага бацьку ажно да самай яго смерці. Ёсць медыцынскія дакументы, якія пацвярджаюць гэты факт. Зразумела, што выйсці на работу проста не было магчымасці. Зараз яна працуе, але да 183-ох дзён, вызначаных Дэкрэтам №3, не хапіла ўсяго некалькі тыдняў. І сёння заробак у яе невялікі, дачка, якую гадавала адна, вучыцца на Міншчыне ў каледжы. Камісія аднадушна прыняла рашэнне вызваліць яе ад уплаты збору. Або ўзяць мужчыну з Лунінца. Усё жыццё ён працаваў токарам. Але 2 гады таму захварэў, урачэбна-кваліфікацыйная камісія дала заключэнне аб немагчымасці працаваць па спецыяльнасці. Уогуле ёсць супрацьпаказанні для фізічнай работы. Тут таксама неаспрэчныя падставы для вызвалення. І такіх нямала. Але ёсць іншыя. Яшчэ адзін жыхар райцэнтра спрабаваў пераканаць, што на працягу некалькіх год не змог уладкавацца, маючы дастаткова запатрабаваную спецыяльнасць газаэлектразваршчыка. Аднак спецыялісты ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне запэўнілі, што такія вакансіі перыядычна паяўляюцца. Мужчыне адмовілі ў вызваленні ад уплаты збору.

— Бачу, што на разгляд камісіі паступаюць заявы з поўным пакетам дакументаў, якія, на думку таго ці іншага грамадзяніна, пацвярджаюць права на льготу. А ці бывае інакш?

— Вядома. Мінулы раз ды і нядаўна, 28 лютага, на стол камісіі ляглі заявы ад некалькіх грамадзян, якія, верагодна, спадзяваліся на “авось”. У зваротах самым маляўнічым чынам яны спрабавалі расказаць пра сваё цяжкае становішча і неабходнасць у сувязі з гэтым  вызвалення ад уплаты збору. Праўда, акрамя іх пісьмовых запэўніванняў, ніякіх пацвярджаючых дакументаў выяўлена не было. Ім прыйдзецца заплаціць збор. Здараюцца выпадкі, калі суму змяншаем на 50 працэнтаў. Для гэтага таксама павінны быць падставы.

— А ці праводзіць камісія выязныя пасяджэнні?

— Так. 24 лютага камісія працавала ў Мікашэвічах. Меркавалі весці прыём 2 гадзіны, а на справе працавалі намнога больш. Прынялі ўсіх звярнуўшыхся , а гэта – 31 чалавек. Многія прыходзілі за кансультацыяй. Тлумачылі ўсе нюансы, зыходзячы з кожнага канкрэтнага выпадка. Прынялі 3 заявы на вызваленне ад уплаты, што пацвярджалі і прадастаўленыя дакументы. Быў нават выпадак, калі звярнулася жанчына, якая не атрымала яшчэ паведамлення з падатковай інспекцыі. Як законапаслухмяная грамадзянка, яна хвалявалася, ці не згубілася яно на пошце. Давялося растлумачыць, што такія паведамленні дасылаюцца паступова па меры праверкі спісаў. Заадно растлумачылі наведвальніцы, ці мае яна права на льготу. Практыку правядзення такіх выязных пасяджэнняў будзем працягваць.

— Вы сказалі, што пратаколы камісіі носяць рэкамендацельны характар. Што гэта значыць?

— Гэта значыць, што канчатковае слова – за членамі раённага выканаўчага камітэта. Менавіта гэты орган сваім рашэннем надае юрыдычную сілу рэкамендацыям камісіі. За час работы яшчэ не было выпадку, каб члены райвыканкама усумніліся ў правільнасці нашых вывадаў. Будзем і надалей імкнуцца прынцыпова, справядліва і ўдумліва ставіцца да кожнага са зваротаў грамадзян.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть