Прывілеі маладым спецыялістам
Общество

Прывілеі маладым спецыялістам

4a9e19eab27a084944ce595b8016adb8Замацаванню маладых спецыялістаў у сельскай гаспадарцы надаецца вялікая ўвага. Іх правы і абавязкі рэгламентуюцца шэрагам урадавых дакументаў. У прыватнасці,  Пастановай Саўміна ад 22.06.11 г. №821 “Аб некаторых пытаннях размеркавання, пераразмеркавання, накіравання на работу, наступнага накіравання на работу выпускнікоў, вяртання затрачаных дзяржавай сродкаў на іх падрыхтоўку і мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў, рабочых, служачых”, Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 12.08.13 г. №353 “Аб некаторых мерах па забеспячэнню арганізацый аграпрамысловага комплексу кадрамі”, а таксама Працоўным кодэксам Рэспублікі Беларусь. Менавіта на гэтыя дакументы па-вінны спасылацца на месцах пры прыёме на работу маладых спецыялістаў. Больш падрабязна на іх падчас нарады з удзелам старшынь прафкамаў і спецыялістаў па кадрах гаспадарак Лунінеччыны павяла размову юрысконсульт, галоўны спецыяліст па кадрах упраўлення райсельгасхарчу Таццяна Зіновенка.

Улічваючы той факт, што Лунінецкі сельгаскаледж прадугледжвае двухступеньчаты ўзровень адукацыі, Таццяна Васільеўна растлумачыла, якія выпускнікі адносяцца да маладых спецыялістаў, а якія – да маладых рабочых. Ад гэтага залежаць памеры выплат.  Так, пры прыёме на работу на працягу месяца з даты заключэння кантракта маладым спецыялістам з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй выплачваецца грашовая дапамога ў памеры месячнай стыпендыі, назначанай ім у апошнім семестры, а калі яе не атрымлівалі  – з разліку сацыяльнай стыпендыі, існуючай на момант выпуску. А грашовая дапамога маладым рабочым выплачваецца  з разліку тарыфнай стаўкі па прысвоенай кваліфікацыі (разраду, класу, катэгорыі) або адпаведнага акладу.  

Пры пераездзе закончыўшага навучанне на работу ў іншую мясцовасць,  а таксама членам яго сям’і, за кожны дзень знаходжання ў шляху выплачваюцца сутачныя і кошт праезду, на такіх жа ўмовах, як і пры накіраванні работніка ў службовую камандзіроўку. Аплачваюцца таксама расходы па правозу маёмасці чыгуначным, водным, аўтамабільным транспартам агульнага карыстання: да 500 кілаграмаў на маладога спецыяліста ці работніка і да 150 кілаграмаў на кожнага члена сям’і. Акрамя таго, на новым месцы работы маладому спецыялісту аказваецца аднаразовая дапамога ў памеры месячнай тарыфнай стаўкі (аклада), а членам яго сям’і – у памеры адной чацвёртай гэтай дапамогі. За дні збораў і ўладкавання на новым месцы (не больш як 6), а таксама за час знаходжання ў шляху налічваецца зарплата, зыходзячы з тарыфнай стаўкі (аклада) на новым месцы работы. Дарэчы, усе пералічаныя выплаты членам сям’і  маладога спецыяліста выплачваюцца толькі ў тым выпадку, калі на новае месца жыхарства яны пераязджаюць на працягу 1 года з дня фактычнага прадастаўлення ім жылога памяшкання.

Акрамя аднаразовых, маладым спецыялістам з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, прынятым на работу ў арганізацыі АПК, на працягу двух год з дня заключэння працоўнага дагавора павінны выплачвацца штомесячныя надбаўкі ў двухразовым памеры тарыфнай стаўкі першага разраду. Выплаты адносяцца на затраты на вытворчасць і рэалізацыю прадукцыі. Кіраўнікам і спецыялістам з вышэйшай або сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, якія пасля абавязковай адпрацоўкі ў АПК  застаюцца ў названых арганізацыях, на працягу наступных 3 год робяцца даплаты ў трохразовым памеры тарыфнай стаўкі першага разраду за лік сродкаў  рэспубліканскага бюджэту.

Для замацавання маладых спецыялістаў на сельгаспрадпрыемствах наймальнікі могуць устанаўліваць і аказваць ім дадатковыя выплаты, выдзяляць сродкі на кампенсацыю затрат на наёмнае жыллё і іншыя даплаты, прадугледжаныя калектыўным дагаворам.

Таццяна Зіновенка рэкамендавала прысутным пры прыёме на работу маладых спецыялістаў у загадах прапісваць асобным пунктам усе належачыя ім даплаты і своечасова іх выплачваць, а ў выпадку звальнення ў 3-дзённы тэрмін пісьмова паведамляць аб гэтым ва ўпраўленне райсельгасхарчу. Неабходна таксама  трымаць на кантролі тэрміны адпрацоўкі тых, хто пайшоў у армію ці знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску. Указала спецыяліст і на выяўленыя ў гэтым плане недапрацоўкі ў некаторых сельгас-прадпрыемствах. Асобная ўвага была ўдзелена правядзенню ідэалагічнай работы сярод школьнікаў у плане мэтавай падрыхтоўкі будучых спецыялістаў і работнікаў АПК. На гэтым засяродзіла ўвагу прысутных і прымаўшая ўдзел у мерапрыемстве старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Вольга Ермалёнак. Яна таксама заклікала старшынь прафкамаў падтрымліваць маладых спецыялістаў, дапамагаць ім адаптавацца ў калектывах, у вырашэнні бытавых пытанняў і ўключаць у калектыўныя дагаворы раздзелы па абароне іх правоў і інтарэсаў. 

На заканчэнні Таццяна Зіновенка адказала на пытанні прысутных:

– Ці будзе лічыцца маладым спецыялістам юнак, які адпрацаваў 2 гады на сельгаспрадпрыемстве ў іншым раёне, а зараз прыйшоў да нас?

– Толькі ў выпадку, калі на новае месца работы ён уладкаваўся на працягу 1 месяца пасля звальнення.

– Юнак пачынаў набываць вышэйшую адукацыю на “бюджэце”, а з 4-га курса перайшоў на платнае навучанне. Ці абавязаны ён адпрацоўваць вызначаны для бюджэтнікаў тэрмін?

– Так. Большую частку тэрміну ён навучаўся за кошт дзяржавы.

– Малады спецыяліст пасля заканчэння ВНУ два гады працаваў у ПМК, ці будзе належыць яму даплата ў трохразовым памеры ў наступныя тры гады?

– Уважліва чытайце статут прадпрыемства. Калі яно адносіцца да сельскагаспадарчых, то такія выплаты прадугледжаны.  

– Як вылічыць тэрмін адпрацоўкі для маладога спецыяліста, які праз месяц пасля працаўладкавання ідзе служыць у армію?

– Адлік пачынаецца з дня ўладкавання на работу. Пасля дэмабі-лізацыі спецыяліст павінен вярнуцца ў сельгаспрадпрыемства.  Прасачыце, каб ён абавязкова адпрацаваў належны час. Гэта датычыць і маладых жанчын, якія пасля заканчэння ВНУ ідуць у дэкрэтны водпуск. На практыцы бываюць выпадкі, калі выпускнікі,  якім у хуткім часе пасля набыцця адукацыі трэба ў армію ці дэкрэтны водпуск, ігнаруюць накіраванні на работу, памылкова лічачы, што гэты тэрмін ім і так залічыцца ў адпрацоўку. А дарма. Калі ў працоўнай кніжцы не будзе адпаведнага запісу аб працаўладкаванні – ні водпуск па догляду за дзіцём, ні служба ў арміі залічвацца не будуць.

Галіна Кучэйка



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть