Пытанні працаўладкавання і не толькі
Общество

Пытанні працаўладкавання і не толькі

Пытанні працаўладкавання і не толькі даводзіцца вырашаць у ходзе асабістых прыёмаў грамадзян і “прамых тэлефонных ліній” дэпутату раённага і абласнога Савета дэпутатаў Мікалаю АРАШКЕВІЧУ.

– Беспрацоўе – бадай, адна з самых распаўсюджаных праблем, якія хвалююць нашых грамадзян, – пачаў размову Мікалай Уладзіміравіч. – Усяго за апошнія паўгода да мяне звярнуліся 36 чалавек. 24 з іх прасілі са-дзейнічання ў пошуку работы. У асноўным гэта былі людзі сярэдняга ўзросту і моладзь. Але кожны павінен усвядоміць, што вырашыць адразу і станоўча падобныя пытанні ўдаецца, на жаль, не заўсёды. Усе ж ведаюць, наколькі складаная сітуацыя назіраецца сёння. Дакладна ведаю, што з тых, хто да мяне звяртаўся, 6 чалавек працаўладкаваны.

Не перабольшу, калі скажу, што на другім месцы па праблемных пытаннях заўсёды стаяць камунальныя. Людзей хвалююць расцэнкі на газ, ваду, ацяпленне, капітальны рамонт… Колькі часу ў нас дзейнічаюць вызначаныя ліміты на рэсурсы, усё роўна мы ніяк не навучымся эканоміць. Адсюль – дадатковыя страты, якія асабліва адчувальныя ў зімовы перыяд.

Не меншае ў землякоў зямельных спрэчак. Прычым, справа часам даходзіць да звароту да су-працоўнікаў міліцыі. Разбіраўся з падобнымі праблемамі разам з землеўпарадкавальнай службай райвыканкама. Яны, а таксама прадстаўнікі іншых арганізацый і ўстаноў заўсёды ўдзельнічаюць у сельскіх сходах і “Днях адкрытага пісьма”. Такая форма стасункаў з грамадзянамі па-ранейшаму застаецца вельмі актуальнай, аб чым сведчаць звароты не толькі ў час правядзення саміх мерапрыемстваў, але і пасля іх заканчэння – усё ж не кожны адважыцца задаць пытанне ўслых у зале.
На асабістых прыёмах людзі таксама цікавяцца шляхамі выхаду з цяжкага фінансавага становішча ААТ “Палессеэлектрамаш”. Сітуацыя, на жаль, працягвае заставацца складанай. Гэтае пытанне ўзнімалася перад нашым губернатарам Анатолем Лісам. Таму застаецца на кантролі як у раённых, так і абласных улад.

Яшчэ адна праблема, якую зусім нядаўна абмяркоўвалі з калегамі па дэпутацкім корпусе, датычыла закрыцця лазняў у сельскіх населеных пунктах Лунінеччыны. Бюджэтнае фінансаванне аб’ектаў, на жаль, спынена. Прагучала прапанова лясгасу выдзяляць пэўныя ўчасткі для нарыхтоўкі буралому, каб выкарыстоўваць яго ў якасці паліва. Гэта значна паўплывала б на змяншэнне выдаткаў на ўтрыманне лазняў. Але ж трэба разумець, што працаваць яны для 2-3 наведвальнікаў не будуць… Ад камунальнай службы запатрабавана арганізаваць падвоз жадаючых памыцца ў тыя населеныя пункты, дзе такія аб’екты пакуль функцыянуюць. Каб змяніць сітуацыю ў лепшы бок, рэкамендую пашукаць сярод насельніцтва актывістаў, хто адважыўся б узяць на сябе адказнасць за работу лазні ў сваёй вёсцы. Добра было б, каб гэта аказаўся чалавек з прадпрымальніцкай жылкай, сапраўдны гаспадар – ініцыятыўны і настойлівы. Зрэшты, калі справа датычыць асабістага камфорту і сваіх землякоў, здаецца, вагацца не трэба.

Так сталася, што наша сустрэча з М.У. Арашкевічам супала з яго пераменамі ў жыцці. Скарыстаўшыся правам на заслужаны адпачынак, Мікалай Уладзіміравіч змяніў род дзейнасці. Але спадзяемся, што гэта акалічнасць толькі станоўчым чынам паўплывае на яго дэпутацкую і грамадскую актыўнасць, а ў цэнтры клопатаў заўсёды будуць інтарэсы асобна ўзятага чалавека і малой радзімы ў цэлым.

Наталля ПАЎЛЮКЕВІЧ



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть