Общество

Рэха “Вялікай размовы”

Мне неаднойчы даводзілася ўдзельнічаць у прэс-канферэнцыях з кіраўніком дзяржавы. І заўсёды гэта станавілася незабыўнай падзеяй. Сустрэча з журналістамі (а дыялог, як і вядзецца, распачыналі менавіта яны) ператваралася ў даверлівую размову пра тое, што хвалюе і пра што вельмі карціць спытаць менавіта ў першай асобы дзяржавы. Да мікрафонаў выстрайваліся чэргі, пытанні былі ў большасці сваёй “непрычасанымі” і ад гэтага – вельмі шчырымі. Ніводнае з іх не заставалася без адказу і наступнай аператыўнай рэакцыі службаў, ад якіх залежыла іх вырашэнне.
Не сумняваюся, што менавіта так было і на гэты раз. Хіба што больш дасканалай стала сама арганізацыя правядзення адказнага мерапрыемства: перад кожным з удзельнікаў – мікрафон, дзякуючы якому пры неабходнасці адразу ж можна было ўступіць у размову. Ды і фармат крышку змяніўся. Паколькі магчымасць акрэдытацыі аддалі на водкуп рэдакцыям, на сустрэчу з Прэзідэнтам, як і практычна ўсе рэдакцыі Брэсцкай вобласці, “Лунінецкія навіны” накіравалі звычайнага журналіста, які адказвае на старонках газеты за асвятленне сацыяльных праблем.
Асабіста я ўважліва сачыла за мерапрыемствам у прамым эфіры на сайце lnc.by. Той факт, што праводзілася яно ў гадавіну прэзідэнцкіх выбараў, не мог не накласці адбітак на сам ход размовы. Зрэшты, у вялікай ступені абавязаны гэтым сённяшняй сітуацыі ў Беларусі. Яна, дзякуй Богу і Прэзідэнту, застаецца стабільнай і спакойнай, чаго не скажаш пра нашых суседзяў. Бачылі, што творыцца ў Вільнюсе? Аднак зларадстваваць чамусьці не хочацца. Пры ўсіх наяўных і не вельмі праблемах там не жадаюць іх заўважаць. Тамтэйшых науседаў ды ландсбергісаў, а таксама іх паплечнікаў з некаторых іншых краін, ахвотна прытуліўшых нашых беглых “змагароў”, куды больш хвалюе “адсутнасць дэмакратыі” ў Сінявокай ды перспектыва ўвядзення новых санкцый супраць нашай краіны (чытайце – нашага народа).
Чым, калі не папярэдняй змовай можна растлумачыць той факт, што ўсе замежныя акрэдытаваныя журналісты абмежавалі спектр сваіх пытанняў да Прэзідэнта вельмі вузкім колам. Умясціць іх можна было ўсяго ў тры словы – “нелегітымнасць”, “гвалт”, “рэпрэсіі”. Мабыць, яны наіўна думалі, што ім проста не дадуць магчымасці выказацца: а як жа, адсутнасць дэмакратыі! Далі. Ад разгубленасці яны мямлілі, спрабуючы на хаду перабудаваць загадзя падрыхтаваныя аднатыпныя запыты. Атрымлівалася, шчыра сказаць, не заўсёды. Тым не менш Аляксандр Лукашэнка цярпліва зноў і зноў паўтараў апанентам прапісныя ісціны: Беларусь – самастойная і незалежная дзяржава, якая ніколі не пацерпіць умяшальніцтва ў свае ўнутраныя справы.
Сёння я абсалютна не здзіўляюся таму факту, што замежныя “паборнікі дэмакратыі”, якія так хвалююцца за наша з вамі будучае, у раскручаных тэлеграм-каналах, што актыўна выкарыстоўваліся для антыбеларускай прапаганды, на пазаўчарашнія шматтысячныя пратэстныя мітынгі ў Вільнюсе адказвали “ганаровым” маўчаннем. Як вы думаеце, чаму? Адказ – на паверхні, і прыказка пра бервяно ва ўласным і смяццінку ў чужым воку як нельга дарэчы. “Дэмакратыя”, адным словам.
Але ж, даволі. Вернемся да “Вялікай размовы”. Шмат было там незвычайных момантаў. Здаецца, да драбніц ужо ўсё прааналізавалі, разабралі на цытаты гучныя выказванні Прэзідэнта. На адну з такіх “драбніц” проста не магла не звярнуць увагі. Маю на ўвазе момант, калі гаворка зайшла пра беларускае грамадзянства для перасяленцаў з іншых краін. У маім акружэнні таксама ёсць прэтэндэнтка на тое, каб стаць грамадзянкай Беларусі.
Шмат год таму прыехала яна з Украіны – замуж выйшла за тутэйшага хлопца. Дом пабудавалі, дзяцей нарадзілі і выгадавалі, адукацыю годную ім далі. І ўвесь час рукі не даходзілі, каб займець беларускі пашпарт. Яно быццам і нагоды асаблівай не было: від на жыхарства ўпаўне “закрываў” усе праблемы. Вось толькі калі вайна ва Украіне пачалася, Оленка (менавіта так, паўжартоўна, на ўкраінскі манер дагэтуль клічуць яе сябры) упершыню настойліва загаварыла не толькі пра беларускае грамадзянства, але і пра тое, каб “перацягнуць” сюды каго-нікаго з родных. Вось толькі сарвацца тым з наседжанага месца аказалася не так і проста, ды і ваенны канфлікт далекавата ад Валынскай вобласці, дзе жыве радня.
У чарговы раз атрымаць грамадзянства Беларусі жанчына цвёрда вырашыла летась – якраз у неспакойныя жнівеньскія дні. І марудзіць не стала – сабрала дакументы і падала ў міграцыйную службу. Трэба сказаць, што Оленка беларускую мову любіць, і нават раёнку, дзе большасць публікацый менавіта на гэтай мове, выпісвае і чытае не першы год. Аднак у асабліва адказныя моманты міжволі пераходзіць на украінскую. Вось і рашэнне сваё абгрунтавала коратка і даходліва, на якой бы мове яно ні гучала:
– Білорусь стала моєю другою батьківщиною!
І дадала:
– Там люди моляться, щоб Україні бог послав такого Президента, як у Білорусі. І завжди кажуть, як вам пощастило, що у вас такий батько!
Працэс з атрыманнем грамадзянства, аднак, чамусьці зацягнуўся. Гэтая невядомасць не тое што дадавала хвалявання, але ж трывожыла. І калі ў ходзе “Вялікай размовы” нехта з журналістаў узняў гэтае пытанне, адказ Прэзідэнта быў лаканічным:
– Да канца года ўсе павінны атрымаць грамадзянства.
А словы Аляксандра Рыгоравіча пра тое, што ён гатовы рабіць усё, каб некалькі тысячам ці нават сотням людзей у роднай, блізкай Украіне стала лепш, мая знаёмая ўспрымала літаральна са слязамі на вачах…
І насамрэч, дробязь, здавалася б, а які глыбінны мае сэнс. Асабліва ў святле падзей, што сёння адбываюцца на мяжы з Літвой, якая ўпэўнена дэманструе ў адносінах да замежных мігрантаў злачынныя парасткі фашызму. А што да сённяшніх пратэстных акцый у Вільнюсе, то яны не што іншае, як яскравае пацверджанне высновы, што правіла бумеранга ніхто не адмяняў, а “зло, излученное тобой, к тебе вернется непременно”. Бессмяротны Амар Хайям.

 

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть