Общество

Рухацца наперад, захаваўшы лепшае

лисТакое пажаданне выказаў старшыня аблвыканкама Анатоль Ліс падчас чарговай сустрэчы з журналістамі, якая  21 студзеня прайшла ў фармаце відэа-канферэнцыі.

Перш чым пачаць дыялог, губернатар расказаў пра тое, чым жыве вобласць сёння, як развіваецца, якія ставіць перад сабой задачы і як будзе іх вырашаць. Прэс-канферэнцыю Анатоль Васільевіч справядліва назваў добрай магчымасцю данесці ўсё гэта да простага люду.

Той факт, што летась эканоміка рэгіёна мела станоўчую дынаміку, дазволіў мець па многіх пазіцыях паказчыкі, вышэйшыя за сярэднерэспубліканскія. Брэстчына ўпэўнена трымаецца сярод лідараў па тэмпах росту валавага рэгіянальнага прадукту (99,3 працэнта), прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасці (адпаведна 103,8 і 107 працэнтаў), экспарту тавараў і паслуг (103,8  і 117,7), рознічнаму тавараабароту (97,1), аб’ёмах уводу ў эксплуатацыю жылля (амаль 700 тысяч квадратных метраў). Тэмп росту выручкі ад рэалізацыі прадукцыі таксама адзін з самых высокіх у краіне: на 1 снежня 2016-га ў параўнанні з папярэднім годам ён склаў 113,2 працэнта. А чысты прыбытак у вобласці павялічыўся летась у 5,7 раза. Гэта дазволіла давесці намінальную сярэднямесячную заработную плату да 614 рублёў. Па гэтым паказчыку Брэстчына ўзнялася з апошняга 7-га на 5-ае месца. Разам з тым, падкрэсліў Анатоль Васільевіч, узровень заробкаў жыхароў рэгіёна цяжка назваць задавольваючым.

Кантралюемай назваў Анатоль Ліс сітуацыю на рынку працы. Узровень  беспрацоўя склаў 0,9 пра заданні 2 працэнты. Толькі за кошт новых прадпрыемстваў і вытворчасцей за мінулы год было створана каля 7,5 тысячы рабочых месцаў. Найбольш актыўна працаваў у гэтай сферы малы бізнес.

Нягледзячы на тое, што мінулы год быў дастаткова складаным, на Брэстчыне не спынялася мадэрнізацыя прамысловых прадпрыемстваў. У межах зацверджанага аблвыканкамам галіновага плана мерапрыемстваў па тэхнічнаму пераўзбраенню ішла рэалізацыя праектаў, мэтай якіх была арганізацыя выпуску канкурэнтаздольнай прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю. У выніку аб’ём інвестыцый летась дасягнуў 480 мільёнаў рублёў.

У мэтах падтрымкі прадпрымальніцтва з абласнога бюджэту 12 суб’ектам малога бізнесу былі прадастаўлены льготныя крэдыты на агульную суму каля 1 мільёна рублёў. Сродкі накіраваны на стварэнне новых і пашырэнне дзейнічаючых вытворчасцей, у тым ліку звязаных з перапрацоўкай мясцовай сыравіны. Ажыццяўлялася таксама фінансаванне праектаў, рэалізоўваемых прадпрыемствамі рэспубліканскай уласнасці.

Значная ўвага, па словах старшыні аблвыканкама, удзялялася сельскагаспадарчай вытворчасці. На Брэстчыне летась атрыманы самыя высокія за апошнія гады тэмпы росту валавай прадукцыі  аграпрама ва ўсіх катэгорыях гаспадарак – 107 працэнтаў і ў сельгасарганізацыях – 107,7 працэнта. Прырост у раслінаводчай галіне склаў 16,5 працэнта, у жывёлагадоўчай – 3 працэнты. Перадумовай гэтага стала павелічэнне ў паўтара раза аб’ёмаў нарыхтоўкі травяністых кармоў, у 9 разоў – кукурузы, на трэць – цукровых буракоў.

У жывёлагадоўлі амаль на 3 працэнты павялічана вытворчасць малака, на 2,2 – жывёлы і птушкі, на 8,5 працэнта – яек. “І тут важна, што асноўны прырост атрыманы за кошт росту прадуктыўнасці жывёлы”, – падкрэсліў Анатоль Ліс.

Вышэйшы за сярэднерэспубліканскі на Брэстчыне ўдой у разліку на карову – 5266 кілаграмаў (па рэспубліцы – 4854), сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы на дарошчванні і адкорме – 624 грамы (па рэспубліцы – 529), свіней – 651 грам (па рэспубліцы – 572). Прыкметна палепшылася якасць малака. Гатункамі “экстра” плюс “вышэйшы” рэалізавана яго летась 87,8 працэнта. Усё гэта стала асновай таго, што вобласць з года ў год займае ў краіне лідзіруючыя пазіцыі па вытворчасці прадуктаў харчавання.

Самым станоўчым чынам паўплывалі дасягненні ў аграпраме на экспарт сельскагаспадарчай прадукцыі і прадуктаў харчавання. Па гэтым паказчыку вобласць таксама займае 1-ае месца ў рэспубліцы. Дарэчы, акрамя названых, да асноўных экспартных састаўляючых можна аднесці прадукцыю дрэваапрацоўкі, акумулятары, лямпы напальвання, цацкі і інш.

У мэтах нарошчвання паставак за мяжу праведзена вялікая работа па дыверсіфікацыі рынкаў збыту. Асноўным гандлёвым партнёрам застаецца Расійская Федэрацыя. Менавіта ў гэтую краіну па выніках 11 месяцаў мінулага года прададзена тавараў на 1,3 мільярда долараў ЗША (102,6 працэнта ў параўнанні з адпаведным перыядам папярэдняга года). Адкрыта 11 новых краін-спажыўцоў тавараў з берасцейскай маркай – Аргенціна, Бразілія, Ліван, Македонія, Нігерыя, Аман, Панама, Партугалія, Саудаўская Аравія, Танзанія, Эквадор. У выніку сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі станоўчае. Па выніках 11 месяцаў мінулага года гэтыя паказчыкі склалі адпаведна 473,5, і 225,7 мільёна долараў ЗША.

Звяртаючыся да журналістаў, Анатоль Ліс акрэсліў праблемы ў будаўнічай галіне, якія сталі прычынай зніжэння аб’ёмаў будаўніча-мантажных і падрадных работ. Менавіта гэты фактар, па словах старшыні аблвыканкама, перашкодзіў забяспечыць запланаваны аб’ём валавага рэгіянальнага прадукта. Сёння спад спыніўся і заўважана станоўчая дынаміка развіцця галіны. Так, па падрадных работах прырост склаў 6,5 працэнтных пункта, а аб’ёмы будаўніча-мантажных узняліся да 83 працэнтаў. Пры гэтым па выніках года істотна перавыканана заданне па ўводу жылля, якога пабудавана 694,6 тысячы квадратных метраў пры плане 540.

У цэлым народнагаспадарчы комплекс вобласці забяспечыў летась паступленне ў мясцовыя бюджэты больш як 1,3 мільярда рублёў уласных даходаў, што на 20,3 працэнта больш, чым у 2015 годзе. Гэта дазволіла прафінансаваць шэраг значымых для вобласці сацыяльных аб’ектаў. Уведзены ў эксплуатацыю спальны корпус цэнтра медыцынскай рэабілітацыі дзяцей “Тонус”, школа-сад у Брэсце, завершана рэканструкцыя інфекцыйнага корпуса абласной бальніцы і гарадскіх ачысных збудаванняў. Адрамантавана каля 217 кіламетраў мясцовых дарог. Акрамя гэтага, з удзелам рэспуб-ліканскага бюджэту ўзводзіліся аднакватэрныя жылыя дамы для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў у абласным цэнтры, Баранавічах, Ганцавіцкім і Жабінкаўскім раёнах.

Не менш напружаным абяцае быць і 2017 год. Валавы рэгіянальны прадукт павінен вырасці на 2,2 працэнта пры росце прадукцыйнасці працы на 2,5. За кошт мадэрнізацыі, выпуску канкурэнтаздольнай прадукцыі і развіцця інавацыйных, экспартаарыентаваных і імпартазамяшчаючых вытворчасцей аб’ёмы прамысловай вытворчасці плануецца павялічыць на 2,1 працэнта. На 2 працэнты запланаваны рост валавай прадукцыі сельскай гаспадаркі. Сёлета мяркуецца атрымаць не менш як 1,4 мільёна тон збожжавых і зернебабовых, вытворчасць малака – павялічыць на 5 працэнтаў, жывёлы і птушкі – на 2 працэнты. Аднак самая галоўная задача, на думку кіраўніка вобласці, заключаецца ў павышэнні эканамічнай эфектыўнасці сельскагаспадарчай вытворчасці. А гэта значыць, неабходна не толькі нарошчваць аб’ёмы, але і паляпшаць якасць прадукцыі, скарачаючы страты і строга захоўваючы вытворчую і тэхналагічную дысцыпліну.

У дачыненні да іншых паказчыкаў было адзначана, што аб’ёмы будаўніча-мантажных работ сёлета павінны вырасці на 2,2 працэнта, экспарт тавараў – на 5, паслуг – на 4,8 працэнта. У планах вобласці – мець не менш як 80 мільёнаў долараў ЗША прамых замежных інвестыцый.

Варта адзначыць, што ўсё вышэйсказанае папярэднічала многім пытанням, даючы на іх вычарпальны адказ. Тым не менш, журналісты на працягу дзвюх гадзін вялі дыялог з кіраўніком вобласці. Што цікавіла “акул” пяра і мікрафона? Перш за ўсё, галіны эканомікі Брэстчыны, якім сёлета будзе ўдзяляцца асаблівая ўвага. Адказваючы на гэтае пытанне, Анатоль Ліс назваў харчовую, лёгкую, хімічную, дрэваапрацоўчую прамысловасці і машынабудаванне, асабліва, калі яны  арыентаваны на выкарыстанне мясцовай сыравіны. У пацвярджэнне пералічыў шэраг новых прадпрыемстваў і вытворчасцей, укараняемых інавацыйных праектаў, якія закліканы садзейнічаць іх далейшаму дынамічнаму развіццю. Была падкрэслена ў гэтай справе роля малога і сярэдняга бізнесу, балазе, па колькасці такіх арганізацый вобласць займае 3-яе месца ў рэспубліцы пасля Мінска і Мінскай вобласці.

Лёс многіх будаўнічых арганізацый хвалюе не толькі тых, хто там працуе. Ці ўдасца захаваць іх у сённяшняй складанай сітуацыі? Несумненна, што гэта – задача №1. Па словах А.В. Ліса, многае залежыць ад саміх працоўных калектываў і іх кіраўнікоў. Менавіта забеспячэнне тэмпаў росту аб’ёмаў падрадных работ, нарошчванне экспарту будаўнічых, архітэктурных і інжынерных паслуг і ўрэшце, забеспячэнне занятасці працоўных калектываў павінна стаць перадумовай выхаду на бясстратную работу ўсіх структурных падраздзяленняў галіны. Тым больш, што сёлета плануецца пабудаваць 472 тысячы квадратных метраў жылля. Што датычыць росту экспарту, то прагучала прапанова паглыбляць   аб’ёмы прапаноўваемых паслуг і, акрамя выканання саміх работ, весці інжынернае і арганізацыйнае суправаджэнне аб’ектаў, наладжваць доўгатэрміновыя адносіны з рэгіёнамі Расіі, развіваць стратэгічнае партнёрства з замежнымі кампаніямі.

Акрэсліў старшыня аблвыканкама і перспектывы развіцця свабоднай эканамічнай зоны “Брэст”, дзе сёння створана 21 000 рабочых месцаў, а гаспадарчую дзейнасць ажыццяўляюць больш як 70 рэзідэнтаў. Анатоль Ліс пералічыў падатковыя прэферэнцыі, якія павінны кампенсаваць скасаваныя ў межах Еўразійскага эканамічнага саюза некаторыя мытныя льготы. Разам з тым, была звернута асаблівая ўвага на сацыяльную адказнасць бізнесу перад работнікамі: заснавальнікам трэба думаць не толькі аб уласных прыбытках, але і аб тым, як падтрымаць людзей у няпросты час. Тым больш, што заробкі ў СЭЗ “Брэст” застаюцца хоць і вышэйшымі, чым у сярэднім па вобласці, але, па словах губернатара, не дацягваюць да прымальнага ўзроўню.

Журналістаў цікавілі таксама перспектывы развіцця рынку працы. А.В. Ліс расказаў, што сёлета запланавана стварыць не менш як 6,5 тысячы новых рабочых месцаў. Стаўка – на прадпрымальніцтва, дзе мяркуецца адкрыць 685 мікра- і малых арганізацый. Для гэтага ў абласным бюджэце прадугледжана 2,3 мільёна рублёў, якія будуць накіраваны на льготнае крэдытаванне прыярытэтных экспартаарыентаваных і імпартазамяшчаючых вытворчасцей. Акрамя гэтага, на развіццё суб’ектаў інфраструктуры пад-трымкі прадпрымальніцтва будзе накіравана 297 тысяч рублёў.

Адказваючы на пытанне, як сёлета будуць асвойвацца сродкі інавацыйнага фонду, А.В. Ліс адзначыў, што ў праект Дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь уключана шэсць праектаў Брэсцкай вобласці – будаўніцтва акумулятарнага завода “Волат”; стварэнне: інавацыйнай вытворчасці органамінеральных угнаенняў на аснове адходаў біягазавай устаноўкі СГЦ “Заходні”;  поўнага цыкла вытворчасці свінцова-акумулятарных батарэй; біягазавага комплексу па перапрацоўцы палімерных і арганічных адходаў вытворчасці і ачыстцы сцёкавых вод з атрыманнем біягазу і выпрацоўкай электрычнай энергіі; а таксама распрацоўка і арганізацыя вытворчасці прамысловых газавых лічыльнікаў і рэканструкцыя мерыстэмнай лабараторыі з будаўніцтвам цяпліцы плошчай 0,23 гектара ў аг. Моталь. Іх кошт – каля 80 мільёнаў рублёў. Запланавана таксама фінансаванне шэрагу навукова-даследчых, доследна-канструктарскіх і доследна-тэхналагічных работ на суму каля 550 тысяч рублёў. Працягнецца развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы суб’екта інавацыйнай інфраструктуры – Брэсцкага навукова-тэхналагічнага парка.

Што датычыць мерапрыемстваў, за кошт якіх плануецца ажыццявіць планы па прыцягненню прамых замежных інвестыцый, то кіраўнік вобласці растлумачыў, што ўжо сфарміраваны пералік інвестыцыйных праектаў на суму больш як 50 мільёнаў долараў ЗША. У ліку патэнцыяльных партнёраў – прадпрыемствы Брэста, Баранавіч, Кобрына, Пінска.

Не абышлі ўвагай журналісты і тэму ўтрыманства. Многіх цікавіла, колькі жыхароў раёна заплацілі пазначаны збор і колькі даказалі, што не з’яўляюцца ўтрыманцамі, а значыць папярэджанні з падатковай інспекцыі ім былі дасланы памылкова? Як стала вядома, па стану на пачатак года лісты з падатковых органаў былі накіраваны 70 тысячам жыхароў вобласці. Прыкладна 2,3 тысячы – заплацілі збор у суме 691 тысяча рублёў. Адменена патрабаванне аб уплаце збору ў адносінах да 4 тысяч чалавек. У асноўным гэта тыя, хто ў 2015 годзе знаходзіўся за межамі рэспублікі больш як 183 дні.

На гэтым, так бы мовіць, агульныя пытанні сябе вычарпалі. Журналісты з рэгіёнаў цікавіліся тым, што найбольш хвалюе жыхароў адной асобна ўзятай тэрыторыі. Скарысталіся магчымасцю агучыць мясцовыя праблемы і “Лунінецкія навіны”. Паколькі ў ходзе прэс-канферэнцыі прагучала запэўніванне, што практыка правядзення абласных “Дажынак” ў буйных населеных пунктах раёнаў будзе працягнута (сёлета фестываль-кірмаш пройдзе ў Давід-Гарадку на Століншчыне), была выказана просьба запісаць у планавы актыў правядзення свята г. Мікашэвічы.

А пытанне ад “Лунінецкіх навін” датычыла сферы аховы здароўя. У 2010 годзе ў Лунінцы ўвялі ў строй цудоўную раённую бальніцу. У новыя карпусы перасяліліся ўсе аддзяленні. У старым бальнічным гарадку засталося толькі інфекцыйнае, якое сёння не адпавядае сучасным патрабаванням. Імкнучыся задзейнічаць старыя карпусы, тут у свой час была адкрыта “Станцыя хуткай дапамогі”, а таксама прынята рашэнне рэканструяваць былое тэрапеўтычнае і педыятрычнае аддзяленне з тым, каб размясціць там інфекцыйнае. Гатова праектна-каштарысная дакументацыя, але па прычыне недахопу сродкаў у раённым бюджэце, рэканструкцыя замарожана.

Адказваючы на пытанне, якім старшыні аблвыканкама бачыцца будучае гэтага аб’екта, Анатоль Васільевіч адзначыў:

– Ведаю, што ў выпадку закрыцця інфекцыйнага аддзялення Лунінецкай цэнтральнай раённай бальніцы, шпіталізацыю пацыентаў з інфекцыйнай паталогіяй давядзецца ажыццяўляць у адпаведную бальніцу ў Малоткавічах, чые ложкі не разлічаны на насельніцтва Лунінецкага раёна. Плюс адлегласць – 70 кіламетраў, што стане прычынай павелічэння затрат на транспарціроўку хворых. Зразумела, што большасць пацыентаў у інфекцыйнае аддзяленне паступаюць па экстранных паказчыках і маюць патрэбу ў неадкладнай медыцынскай дапамозе. Зыходзячы з гэтага і было прынята рашэнне аб размяшчэнні інфекцыйнага аддзялення на плошчах былой тэрапіі і педыятрыі. Аднак стан будынка і асаб-лівыя патрабаванні да абсталявання інфекцыйнага аддзялення выклікалі неабходнасць правядзення рамонтных работ. Іх кошт немалы. Зразумела, што без падтрымкі абласнога бюджэту не абысціся. На жаль, сёлета, рэалізаваць гэты праект наўрад ці ўдасца, таму пастараемся ўключыць яго ў планы на 2018 год.

Задаць сваё пытанне кіраўніку вобласці меў магчымасць кожны з журналістаў – тых, хто прысутнічаў непасрэдна ў студыі, адкуль вялася трансляцыя, і тых, хто выходзіў на сувязь з раёнаў. Шанцам скарысталіся многія, у тым ліку і прадстаўнікі недзяржаўных выданняў. Адказы былі шчырымі і вычарпальнымі.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть