Сацыяльнае жыллё для «спадчыннікаў»
Общество

Сацыяльнае жыллё для «спадчыннікаў»

жильеЗаканадаўствам замацаваны асаблівыя правы за членамі сямей наймальнікаў жылых памяшканняў сацыяльнага карыстання. Разам з ім у сацыяльнае жыллё засяляюцца муж (жонка), непрацаздольныя дзеці, якія не маюць у дадзеным населеным пункце ва ўласнасці іншага жылля. А як быць сям’і, калі наймальнік пераехаў у іншае памяшканне ці пайшоў з жыцця? Ці замацаваны якія-небудзь гарантыі? Аб гэтым вядзем размову з начальнікам аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Кацярынай МІЛАВАНАВАЙ:

— Згодна з артыкулам 115 Жыллёвага кодэкса Рэспублікі Беларусь, дагавор найму жылога памяшкання сацыяльнага карыстання дзяржаўнага жыллёвага фонду скасоўваецца або спыняецца. Аднак, у выпадку, калі ў сям’і ёсць паўналетнія непрацаздольныя члены, якія пражывалі сумесна з наймальнікам і не маюць у валоданні і карыстанні жылога памяшкання дзяржаўнага жыллёвага фонду або ва ўласнасці ў дадзеным населеным пункце іншага жылля агульнай плошчай 15 квадратных метраў і больш на аднаго чалавека, якое адпавядае ўстаноўленым для пражывання санітарным і тэхнічным патрабаванням, з ім заключаецца дагавор найму жылога памяшкання сацыяльнага карыстання дзяржаўнага жыллёвага фонду. Гэта ж распаўсюджваецца і на працаздольных членаў сям’і, але такі дагавор мае тэрмін — да 10 год.

—    А як быць далей?

—    На працягу тэрміну, які ўстаноўлены дагаворам найму, грамадзянам, што жывуць у сацыяльным памяшканні, прадастаўляецца пазачарговае права на паляпшэнне жыллёвых умоў шляхам будаўніцтва, рэканструкцыі ці набыцця жылога памяшкання з дзяржаўнай падтрымкай. Калі ж за гэты час наймальнік не скарыстаўся дадзеным яму правам, па рашэнню мясцовай улады жыллёвае памяшканне з сацыяльнага пераходзіць у склад камерцыйнага і заключаецца новы дагавор у парадку і на ўмовах, вызначаных заканадаўствам.

—    Ведаю сям’ю, якая жыла ў аднапакаёвай кватэры і знаходзілася на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Ёй прапанавалі здаць яе мясцовым выканаўчым і распарадчым органам, а ўзамен далі двухпакаёвую сацыяльную. Яны жывуць у ёй з 2005 года. Але наймальнік летась пайшоў з жыцця. Ці могуць члены сям’і і надалей жыць на займаемай плошчы?

—    Калі сацыяльнае жыллё было прадастаўлена да 8 красавіка 2006 года, у выпадку смерці наймальніка заключаецца дагавор найму жылога памяшкання сацыяльнага карыстання дзяржаўнага жыллёвага
фонду з адным з працаздольных паўналетніх членаў сям’і. Норма распаўсюджваецца на працаздольных паўналетніх членаў сям’і наймальніка, які памёр пасля 8 красавіка 2006 года.

—    Ці значыць, што грамадзяне, якія жывуць у сацыяльным памяшканні па дагавору найму тэрмінам да 10 год і не маюць ва ўласнасці кватэры ці дома, прызнаюцца маючымі патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў і могуць разлічваць на атрыманне льготнага крэдыту?

—    Так. Прычым, згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №13 ад 06.01.2012 г. “Аб некаторых пытаннях прадастаўлен-ня грамадзянам дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве (рэканструкцыі) або набыцці жылых памяшканняў” такія грамадзяне маюць пазачарговае права на атрыманне льготнага крэдыту або аднаразовай субсідыі на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылога памяшкання. Максімальны тэрмін, на які прадастаўляюцца льготныя крэдыты, не перавышае 20 год. Працэнты за карыстанне гэтымі крэдытамі на працягу тэрміну іх пагашэння ўстанаўліваюцца ў памеры 20 працэнтаў стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка, дзеючай на дату зацвярджэння спісаў на атрыманне льготных крэдытаў, але не менш за 5 працэнтаў гадавых.

Гутарыла Алена ДАНІЛОВІЧ



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть