Сад без хат, ці Гісторыя Добрай Волі
Общество

Сад без хат, ці Гісторыя Добрай Волі

добрая воля 03

Лунінеччына заўсёды была багатая на маленькія, прыгожыя вёсачкі, жыццё ў якіх праходзіць няспешна і ціха. Добрая Воля – адна з іх. Раскінулася ў маляўнічым куточку сярод гаманлівых сосен і зараснікаў чаромхі з водарам першых пралесак. Тут будаваліся новыя дамы, святкаваліся шумныя вяселлі, падворкі поўніліся дзіцячым смехам. Адзіная доўгая вуліца кожную вясну патанала ў квецені садоў, летам тут пахла свежаскошаным сенам і яблыкамі.

Адладжаны рытм спакою парушыўся 30 год таму, калі над маленькім куточкам «раю» разверзлася страшнае воблака з радыяцыяй. Амаль зусім невядомае мясцовым жыхарам слова «Чарнобыль» раздзяліла жыццё кожнага з іх на дзве палавіны – «да» і «пасля». У той красавіцкі ранак займаліся прывычнымі справамі, не ведаючы, колькі глытаецца атруты разам з ежай і паветрам, вопратка і абутак уяўляюць невялікі рэактар, “бэры” і “рэнтгены” імгненна завалодваюць кожнай клетачкай у людзях.
Навіны прыходзілі адрыўкамі. Нешта перадавала замежнае радыё, найчасцей даведваліся ад знаёмых. Спачатку было недаўменне: «Як? Чаму менавіта мы? Пакаранне за што?». Але адказаў не было, людзі мірыліся з горкай рэчаіснасцю. Аптымістычныя весткі з тэлеэкранаў адрозніваліся ад дазіметрычных замераў, якія зашкальвалі. Вясковыя чуткі абрасталі неверагоднымі прагнозамі, дакладнай інфармацыяй не валодаў ніхто. Усе знаходзіліся ў адчаі.

Забарона ўжываць малако з асабістых падворкаў, дзе на кожным былі адна ці некалькі кароў, прывяла ледзь не да панікі. Яшчэ больш негатыўна ўспрынялася рэкамендацыя не збіраць грыбы і ягады ў навакольным лесе, бо да гэтага менавіта прыродныя багацці былі тут неад’емнай часткай жыцця. Паступова змірыліся, быццам прызвычаіліся, а далей было яшчэ складаней.

Не перадаць тыя адчуванні мясцовых жыхароў, калі ім паведамілі пра абавязковае адсяленне. Кожны гаспадар тут старанна ўладкаваў сваё жытло, нават невялікі куточак у ім прывёў у адпаведнасць са сваімі жаданнямі, а тут трэба ўсё кінуць і ехаць у невядомасць? Шмат дамоў толькі што пабудаваліся, людзі ледзь паспелі адсвяткаваць наваселле. Прапанова атрымаць на новым месцы камунальныя выгоды парадавала толькі моладзь, а для старэйшых пераезд аказаўся пакутлівым і балючым.
Тым не менш, будаўніцтва пасёлка для перасяленцаў у Дубаўцы пачалося, іх жыццё  паступова ператварылася ў існаванне на клунках. Пазбаўляліся ад лішняй жыўнасці, развітваліся з коньмі ці каровамі са слязамі на вачах. З жалем пакі-далася кожная яблынька, кожны куст. Здавалася, вокны родных дамоў пазіралі на гаспадароў, як на здраднікаў. Забітыя на іх дошкі выглядалі варожа і няўтульна…

Частка жыхароў наогул адмовілася ад пераезду. Але жыццё ў глыбінцы было ўжо не такім, як раней. Закрылі магазін і пачатковую школу, паменшала насельніцтва, і людзі адчувалі сябе пакінутымі. Улады пайшлі насустрач, неўзабаве для жадаючых дабудавалі яшчэ некалькі дамоў у Дубаўцы. Пасля гэтага на старым месцы засталося толькі некалькі абжытых хат.

Вёска апусцела. Незаўважана праляцеў час, якому падпарадкоўваецца ўсё жывое. Многія пабудовы хутка прыйшлі ў заняпад. На маляўнічай вуліцы утварылася пустка. Цяпер нават былыя гаспадары дакладна не скажуць, дзе менавіта стаяў іх дом, могуць пераблытаць з суседскім. Адчуўшы вальготнасць, разрастаюцца кусты бэзу, не здаюцца часу грушы і яблыні. З болем кідаецца ў вочы гэта незвычайная панарама – абапал дарогі цвітуць сады і няма хат. Гонкая бяроза ўзнялася побач з прыпечкам, дзе некалі гатавалася ежа і веяла цяплом…

На сённяшні дзень насельніцтва Добрай Волі і прылягаючых хутароў налічвае 9 падворкаў, на якіх пражывае 10 чалавек. Малодшы адзначае 52-гі дзень нараджэння, траім старэйшым сёлета спаўняецца па 85 год. Нават з гэтай нязначнай колькасці пастаянна тут пражываюць не ўсе – патрабуецца дадатковы догляд, старых забіраюць да сябе дзеці ці ўнукі.

Так складваецца чалавечы лёс, што дажываць старасць часта даводзіцца ў адзіноце. Толькі ў адной хаце засталося двое жыхароў – сямейная пара Алены і Васіля Іовічаў. Іх дом – першы на ўездзе ў вёску. Гаспадар з 1943 года нараджэння, але яшчэ працуе ў будаўнічай брыгадзе ў СВК “Вулькаўскі світанак”. На работу дабіраецца на веласіпедзе, дома трымаюць свіней і коней. Жонка маладзейшая на 5 год, але скардзіцца на боль у нагах. Яны не шкадуюць, што не пераехалі ў Дубаўку, падабаецца жыць на радзіме. Часта наведваюцца дзеці і ўнукі. Зусім нядаўна дачакаліся першую праўнучку, якую назвалі Ганначкай.

добрая воля 01

– Раней было цесна, здаралася, за кожную баразну з суседкамі спрачаліся, а цяпер столькі зямлі пустуе, і нікому яна не трэба, – уздыхае жанчына. – Хаця грэх скардзіцца, людзі ў нас былі дружныя. Калі вяселле ці провады ў армію, то абавязкова ўсіх запрашалі. І расцягвалася свята амаль на ўвесь тыдзень…

Такія ж цёплыя ўспаміны пра аднавяскоўцаў, якія раз’ехаліся па свеце, захаваліся і ў суседкі Надзеі ГОПТА. Жанчына ў 17 год прыйшла сюды ў сям’ю мужа, усё жыццё працавала на ферме. Мае пяцёра дзяцей, якія жывуць у Дубаўцы. Ёй жа вельмі балюча пакідаць дыхтоўны будынак, што пабудавалі перад самай радыяцыяй. Але два гады таму страціла гаспадара. Адзінота часам палохае, з-за гэтага перавезла да адной з дачок старую хату, упарадкавала яе.

– За 60 год будуюся ў трэці раз. Ніколі не ведаеш, якім будзе заўтрашні дзень. Каб хто да аварыі сказаў, што наша вёска апусцее, не паверыла б. Лепш бы цесна, ды каб разам усе, як раней…

Сумны позірк на апусцелы сад суседзяў і на свой прыгожы дом з кветкамі на клумбе ярчэй за ўсякія словы сведчыць пра горыч ад страчанага.

Далей вуліца доўга цягнецца пустая, толькі некалькі дамоў пазіраюць асірацелымі аканіцамі з выпаўшымі рамамі. Пакуль не вярнуліся на бацькаўшчыну і буслы, раней іх адзінае гнездаванне сярод вёскі дадавала хоць крышачку ўтульнасці. Цяпер нешматлікія жыхары з надзеяй пазіраюць на пустую буслянку. Калі і птушкі не вернуцца на радзіму, людзям будзе яшчэ горш балюча.

У другім канцы вёскі засталіся тры абжытыя сядзібы. Пенсіянеркі Марыі Грудзько не аказалася дома. Соф’я Гасюк нядаўна перанесла цяжкую хваробу, наступствы якой толькі пераадольвае. Таму для яе больш важна здароўе, а не месца жыхарства. Расказвала, што раней пад самую хату наведвалася многа дзікоў, перакопвалі ўвесь агарод. Зараз іх не бачна, але часта прыбягаюць зайцы, якія і лю-дзей тут амаль не баяцца.

На лаўцы чакала аўтамагазін, які прыязджае па пятніцах з Бродніцы, іх трэцяя суседка Пелагея ГАСЮК. Жанчына мае інваліднасць, пацярпела яшчэ ў час вайны, калі была падлеткам. Яе бабулю тады спалілі разам з хатай на вачах у дзяўчынкі. У Добрай Волі правяла ўсё жыццё, сваёй сям’і і дзетак Бог не даў. Не мае тэлефона, бо і званіць няма каму. Прывыкла да адзіноты, таму пазірае на навакольны свет з вялікай доляй аптымізму, прымае жыццё такім, якое яно ёсць.

добрая воля 02

– Дзе б варона не лятала, заўсёды застанецца варонай. Так і чалавек. Дзе б не жыў, а ўсюды будзе такім, якім ён ёсць. І праблемы знойдуцца, не ўсё так проста.

Нельга было не згадзіцца з трапным выказваннем з вуснаў жанчыны. Тым больш, што і ў Дубаўцы некаторыя перасяленцы не зусім задаволены становішчам, і са смуткам згадваюць сваю былую радзіму.

Улады не забываюцца пра Добрую Волю. Нядаўна падсыпалі гравійную дарогу працягласцю каля сямі кіламетраў ад Вулькі 2 і палажылі асфальт на вясковай вуліцы. Падрыхтавалі бетонныя слупы для лініі электраперадачы, якімі неўзабаве заменяць драўляныя. Аўтамагазін прывозіць любыя тавары, якія заказваюць мясцовыя жыхары, а тыя перадаюць шчырую ўдзячнасць прадаўцам.

Хутка мая імправізаваная экскурсія закончылася, роўная сцежка павяла назад па непаўторных лясных краявідах з магутных сосен і густога алешніку, усё больш аддаляючыся ад вёскі. Надоўга запаў у сэрца адзіны вялікі сад, які застаўся на былых сядзібах. Дрэвы мужна трымаюцца і аддана дораць прыгажосць ды смачныя плады, быццам спадзеючыся, што людзі сюды яшчэ вернуцца…

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть