Саграваюць успаміны ветэранаў
Общество

Саграваюць успаміны ветэранаў

Калісьці ўсе яны былі маладымі. Поўныя сіл і энергіі, з дня ў дзень сваёй стваральнай працай мацавалі дабрабыт гаспадарак і роднага краю. І ў зімнюю сцюжу, і ў летнюю гарачынь старанна клапаціліся пра жывёлу, сеялі і ўбіралі збожжа, каб на стале заўсёды былі хлеб, малако і мяса… З надыходам пенсійнага ўзросту спыніць рабочы рытм жыцця для некаторых аказалася няпроста. Таму не спяшаліся на заслужаны адпачынак, а працягвалі адвечную сялянскую працу, і гэтым самым з года ў год павялічвалі стаж работы. Таму і не дзіўна, што ў многіх ён значна перавысіў чвэрць стагоддзя.

У жыхара вёскі Чэрабасава Аляксандра Панкевіча, якога ўшаноўвалі дома, ён склаў 52 гады. Прымаючы падарунак ад старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Вольгі Ермалёнак, пажылы чалавек не стрымаў слёз:

– Я думаў, што цяпер пра мяне ніхто з былых калег і не ўспомніць, – расчулена прамовіў Аляксандр Іванавіч. –  З “калгаснай” работай развітаўся яшчэ ў лютым. Цяпер ужо канчаткова. Першую спробу пайсці на заслужаны адпачынак зрабіў пасля таго, як 38 год адпрацаваў на трактары. Але засядзецца дома не далі. Амаль адразу папрасілі, пакуль падбяруць новага малаказборшчыка, заняцца зборам малака ў насельніцтва. Згадзіўся на тры месяцы, а атрымалася – на 13 год. На жаль, працягваць гэту справу далей не дазваляе здароўе…

Cваю працоўную дзейнасць Аляксандр пачаў у 15 год. Спачатку было паляводства, затым вучоба ў прафтэхвучылішчы, служба ў арміі і работа трактарыстам. Узгадваючы працоўныя будні, не шкадуе аб тым, што ў маладосці не паехаў з родных мясцін шукаць лепшага жыцця. Тут пабудавалі дом, разам з жонкай Надзеяй Аляксандраўнай выгадавалі 5 дзяцей. Шкада толькі, што бацькоўская любоў не бязмежная. Яна так і не здолела зберагчы самага малодшага сына, які загінуў далёка ад роднага дома  падчас службы ў арміі. Цешаць бацькоўскія сэрцы дружныя сем’і сына Віктара і дачок Алы, Іны і Ларысы, якія падарылі дзядулі з бабуляй 4 унукаў. Нягледзячы на тое, што жывуць не ў Чэрабасава, не перастаюць клапаціцца пра сваіх самых родных людзей.

З былой свінаркай ААТ “Дварэцкі” Святланай Сумарэвіч сустрэча ладзілася ў адміністрацыйным будынку сельгаспрадпрыемства. Павіншаваць жанчыну з нагоды майскіх святаў, якая на працягу амаль 30 год клапацілася пра свінаматак і адначасова  даглядала па 200-300 парасят, далучыліся выканаўчы дырэктар Віталь Карчэўскі, антыкрызісны ўпраўляючы Іван Грыцкевіч, старшыня прафкама Людміла Сарока і многія іншыя спецыялісты гаспадаркі. Такая ўвага крыху ўсхвалявала віноўніцу ўрачыстасці і адначасова надала ўпэўненасці, што чалавека працы, нягледзячы ні на якія эканамічныя складанасці, у гаспадарцы не перастаюць цаніць і паважаць. Адзінае шкадаванне – закрыты свінакомплекс. Было б па іншаму, Святлана Іванаўна не пайшла б на заслужаны адпачынак у 55 год. У яе па-ранейшаму застаюцца сілы і жаданне працаваць, ды аб’екта для прыкладання старанных і ўмелых рук няма. Святлана Іванаўна пажадала здароўя і поспеху сённяшняму калектыву і падзякавала за аказваемую пенсіянерам дапамогу: таннейшыя “соткі” і тэхніку, выдзяляемую для апрацоўкі зямлі.

Трактарыста дзяржаўнага прадпрыемства “Азярніца” Рамана Раковіча падарунак за працу “знайшоў”  на мехдвары. Яго механізатарскі стаж налічвае 30 год, на працягу якіх ён выдатна спраўляецца са сваімі абавязкамі і заўсёды – у ліку лепшых. Раману Максімавічу давяраюць самыя адказныя ўчасткі работы. Займаць лідзіруючыя месцы на сельгасработах у гаспадарцы працавітаму трактарысту даводзілася часта, а вось трапіць у лік пераможцаў раённага спаборніцтва ўдавалася толькі тройчы. І ўсе разы – на хімапрацоўцы пасеваў. Прымаючы падарунак і дзякуючы за ўвагу, а павіншаваць яго з Першамаем на мехдвор прыехаў таксама кіраўнік гаспадаркі Мікалай Малашчыцкі, Раман Максімавіч выказаў шкадаванне, што сёлета адмянілі раённыя спаборніцтвы на веснавых палявых работах. А гэта быў выдатны стымул для працавітых людзей.

Былога старшыню СВК “Гарадоцкі” Міхаіла Чырца (на здымку злева) ўшаноўвалі ва ўтульнай дамашняй абстаноўцы. Акрамя падарунка ад райкама прафсаюза работнікаў АПК, яшчэ адзін уручыў сённяшні кіраўнік гаспадаркі Аляксандр Епішка. Паціскаючы руку яшчэ не старога, але спакутаванага ад хваробы чалавека, ён нібы падзя-ліўся з ім сваёй сілай. А словы ўдзячнасці за тое, што на працягу 11 год кіравання “Гарадоцкім” Міхаіл Іванавіч здолеў захаваць яе патэнцыял падбадзёрылі віноўніка ўшанавання. Спачатку Міхаіл Чырэц працаваў прычэпшчыкам на гусенічных трактарах, затым – слесарам у сельгастэхніцы. Калі закончыў сельскагаспадарчы тэхнікум, уладкаваўся аграномам у адну з гаспадарак Піншчыны, адначасова набываў вышэйшую адукацыю ў Горацкай сельгасакадэміі. З 1976-га стаў працаваць на Лунінеччыне: аграномам у “Дварэцкім”, намеснікам старшыні – у “Чырвоным Кастрычніку”, дыспетчарам – у “Гарадоцкім”. На працягу жыцця вернай спадарожніцай застаецца Раіса Іванаўна, разам з якой выгадавалі двух сыноў і дачакаліся дзвюх унучак…

Сямёра ўнукаў – самая вялікая радасць, што заўсёды цешыць сэрца былога заатэхніка дзяржаўнага прадпрыемства “Новае Палессе” Таццяны Самусевіч. Гэта становіцца зразумелым без слоў, як толькі трапляеш ва ўтульнае жыллё, сцены якога ўпрыгожваюць фотаздымкі малых і малюнкі самай старэйшай – 13-гадовай Дашы, якая адточвае сваё майстэрства ў Брэсцкай школе мастацтваў…

Каб знайсці справу жыцця, ураджэнка вёскі Лахаўка ў маладосці працавала ў рыбгасе “Лахва”, на чыгунцы, а спынілася там, дзе нарадзілася, уладкаваўшыся ў “Новае Палессе” ў 1987 го-дзе. Старанная, ветлівая і добразычлівая, яна заўсёды карысталася ў калектыве павагай і даверам. Такой жа застаецца сёння. Прымаючы падарунак і віншаванні з нагоды Першамая, былы спецыяліст падзякавала за тое, што памятаюць ветэранаў і выказала спадзяванні на адраджэнне “Новага Палесся”, якое раней было адным з самых моцных калгасаў на Лунінеччыне. 



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть