Самая шчаслівая «акцыя»
Общество

Самая шчаслівая «акцыя»

Папулярнае ў цяперашні час слова «акцыя» прыдумалі гандляры, жадаючы зацікавіць пакупнікоў сваёй прадукцыяй і тым самым абысці шматлікіх канкурэнтаў. Разнастайныя бонусы і скідкі даюць магчымасць набыць тавар па меншай цане ці нават купіць за кошт адной дзве адзінкі. Менавіта з-за апошняй акалічнасці лунінчане Людміла і Яўген Хасанавы жартуючы кажуць, што гэтай вясной ім пашанцавала стаць удзельнікамі самай галоўнай, самай жаданай на свеце акцыі, дзякуючы якой яны сталі шчаслівымі ўдвая. Плануючы нарадзіць трэцяе дзіцятка, на свет у іх сям’і паявіліся адразу дзве маленькія прыгажунькі – Арына і Крысціна…

Наступнай вясной споўніцца 20 год, як аднойчы Яны сустрэліся. Было свята 8 Сакавіка, якое тады выдалася на дзіва цёплым, нават паспеў растаць снег. Кампанія моладзі вырашыла правесці яго на ўлонні прыроды. Для масавасці запрасілі далучыцца яшчэ некалькіх сяброў, сярод якіх аказаліся Яўген і Людміла. Сонца дарыла першыя яркія промні, якія закранулі пачуцці юнака і дзяўчыны, дапамаглі разгарэцца моцнаму каханню.

Ён працаваў на чыгунцы манцёрам пуці, яна была навучэнкай вучылішча. Сябравалі, сустракаліся, сумавалі, калі даводзілася развітвацца хоць ненадоўга. Вяселле наладзілі праз год, поўнае светлых спадзяванняў на лепшае. Марачы пра свой куточак, неўзабаве прыдбалі ва ўласнасць невялікі дом у райцэнтры, паступова ўсё ў ім даводзілі ў адпаведнасць густам і жаданням. Нешта перараблялі, прыбудоўвалі, участак засаджвалі любімымі раслінамі.

Атрыманыя маладой гаспадыняй у ПТВ-160 сельгасвытворчасці спецыяльнасці швачкі, повара і агародніка дапамагалі стварыць утульнасць і камфорт у доме і на падворку. Пазней Людміла працавала памочнікам брыгадзіра вытворчай брыгады ў “Хваецкім”, была нарыхтоўшчыцай у гандлёвай сферы. Але з часам прыйшло цвёрдае ўсведамленне, што жонка і дачка чыгуначнікаў павінна займацца такой жа справай, таму атрымала адпаведную адукацыю і ўладкавалася аператарам у Лунінецкую дыстанцыю пуці.

Хасанавы марылі пра сапраўдную сям’ю, асновай якой з’яўляюцца дзеці. Таму хутка пакоі дома агучыў крыкам першынец Ромка. Другім крыху больш як праз год на свет паявіўся Сашка. Бацькі радаваліся хлопчыкам, але ў глыбіні душы марылі пра дзяўчынку. Ды вырашылі не спяшацца са здзяйсненнем запаветнага жадання, трэба спачатку падгадаваць маленькіх мужчын. Вадзілі ў дзіцячы сад, рыхтавалі да школы. А потым неяк незаўважана час паляцеў хутчэй, і неўзабаве перад старэйшымі паўсталі два самастойныя падлеткі.

Тут зноў задумаліся Людміла і Яўген пра маленькую прыгажуню-ляльку. Яны вельмі хацелі заплятаць малышцы доўгія мяккія валасы, прымяраць квяцістыя сукеначкі і завязваць рознакаляровыя банты. Чамусьці на гэты раз спадзяваліся, што народзіцца дзяўчынка. Але іх чакала шокавая навіна – на ўльтрагукавым даследаванні дактары паведамілі пра двойню.

Паяўленне дзвюх дзяўчынак стала для ўсёй сям’і вяршыняй радасных пачуццяў, якім не было межаў. Тады і ўзнікла жартоўнае выказванне: “Трапілі на “акцыю”. Хацелі прыдбаць адну, а тут адразу дзве дачушкі і сястрычкі”. Мама, якая працяглы час адчувала меншынство “жаночай салідарнасці” ў акружэнні трох прадстаўнікоў моцнай паловы чалавецтва, раптам заваявала раўнавагу. Дзяўчынкі хоць і маленькія, але менавіта ім дастаецца самая большая ўвага.

Тата і мама Людмілы з Дзятлавіч. Галоўнай справай жыцця стала чыгунка, таму на пастаяннае месца жыхарства асталяваліся ў райцэнтры. Тут прайшло дзяцінства і юнацтва дачушкі. Бацькі Яўгена прыехалі ў Лунінец з Томска. Мама – расіянка, татавы карані – з Татарстана. Таму ў жылах малодшых Хасанавых ёсць кроплі крыві адразу трох нацыянальнасцей.

Дарэчы, Лунінеччына стала для родных Яўгена асаблівым месцам. Аднойчы ў госці прыехалі дзве яго стрыечныя сястры з Томска. Невялікі тэрмін знаходжання на беларускай зямлі меў свае нечаканыя наступствы – дзяўчаты пазнаёміліся з мясцовымі юнакамі, пасябравалі і неўзабаве стварылі з імі свае сем’і. Нават цяжка ўявіць, колькі было жартаў сярод землякоў з такога ўдалага гасцявання.

Людміла – аматар экзатычных раслін, у пакоях іх утульнага дома знайшлося месца для незвычайных вазонаў. Даўно пладаносіць лімон, чакаюць ураджаю з граната, мандарына, разрастаецца свой інжыр. Аднойчы ў магазіне аддалі дрэўца кавы, якое ўжо амаль засохла. Прапанавалі за сімвалічную плату, бо ніхто не верыў, што хворую расліну яшчэ можна выратаваць. Але добрай гаспадыні атрымалася ўдыхнуць у яе жыццё, і цяпер гэта вялікі і прыгожы прадстаўнік паўднёвага кантынента, на якім у адпаведны час паяўляюцца маленькія зярняты. 

З кветак Людміла раней захаплялася фіялкамі. Але нядаўна аддала перавагу архідэям. На клумбах каля дома па-добраму суседнічаюць шматлікія віды мясцовых насаджэнняў і прывазныя, для якіх палескі клімат з’яўляецца нялёгкім выпрабаваннем. Але калі адносіцца з любоўю і цярпеннем, то ўсё атрымаецца. Летам непаўторны водар дораць 60 кустоў руж, мноства лілей. Увосень падворак стракаціць рознакаляровымі хрызантэмамі.

Яўген падтрымлівае жонку ў цікавых пачынаннях і дапамагае ў стварэнні прыгажосці ў доме і на падворку. Дэкаратыўны вадаём, арыгінальныя клумбы, прыстасаванні для кветак і кустоў зроблены яго рукамі. Дарэчы, не змяніў аднойчы выбраную прафесію, застаецца старанным чыгуначнікам.

Сын Раман вучыцца ў Брэсцкім каледжы на будаўніка, Аляксандр асвойвае праграму за 9 клас у СШ №1 райцэнтра. Арыне і Крысціне споўнілася па 7 месяцаў. Людміла кажа, што клопатаў з малышкамі не меншае, кожная патрабуе ўвагі. Заплача адна, тут жа прачынаецца другая, разам просяцца на рукі, час кармлення – аднолькавы. 

Як бы ні было складана, бацькі ўпэўнены, што ўсе хваляванні і недасыпанні пераадольныя. Яны адчуваюць сябе бязмежна шчаслівымі і шчыра жадаюць падобнага папаўнення тым сем’ям, дзе даўно чакаюць дзетак.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть