Общество

САПРАЎДНАЕ СВЯТА

Прыўзняты настрой панаваў у прадстаўнікоў чыгуначных
арганізацый, жыхароў і гасцей Лунінца з самага ранку. З радасцю глядзелі на
калону прыгожа апранутых мужчын і жанчын прахожыя.

Ва ўрачыстай абстаноўцы ўзнагароды з рук старшыні раённага
выканаўчага камітэта Васіля Агіевіча, начальнікаў станцыі Лунінец Юрыя
Барысава, дыстанцыі пуці Мікалая Шырчанкі і дэпо Анатоля Жука атрымалі больш як
100 лепшых работнікаў сталёвых магістраляў. Намеснік начальніка Баранавіцкага
аддзялення Беларускай чыгункі Іван Ляўковіч падкрэсліў значнасць Лунінецкага
вузла ў краіне. Вышэйшай узнагароды – звання «Выдатнік Беларускай чыгункі”
ўдастоены намеснік начальніка дыстанцыі пуці 
Фёдар Рашэцкі.

У год юбілею чыгункі і наказ у гонар маладых
спецыялістаў, якія сёлета прыступілі да работы, гучаў незвычайна. Даў яго
Ганаровы чыгуначнік, двойчы выдатнік Беларускай чыгункі, член Прэзідыума савета
ветэранаў Баранавіцкага аддзялення Іосіф Раманоўскі. А пасля ўрачыста прагучала
клятва захоўваць працоўныя традыцыі, пераймаць прафесійны вопыт, выхоўваць
лепшыя якасці, паважаць выбраную прафесію і павялічваць працоўную славу
Беларускай чыгункі. Ад імя ветэранаў слова трымала Лідзія Серадзюк. Яна ж
выказала ўдзячнасць за матэрыяльную падтрымку былых чыгуначнікаў.

Цудоўныя музычныя нумары падрыхтавалі самадзейныя артысты
Дома культуры чыгуначнікаў, а таксама народныя ансамблі «Весніца” і «Прымакі”.
Вельмі ўразіла лунінчан і гасцей горада выступленне заслужанай артысткі
Рэспублікі Беларусь Іны Афанасьевай. Яна ж перадала прывітанне ад чыгуначнікаў
з Валкавыска.

Дзеці з задавальненнем коўзаліся на надзіманых горках і
батутах, каталіся на машынках і атракцыёнах, моладзь і людзі старэйшага ўзросту
адпачывалі за столікамі, што арганізавалі гандлёвыя кропкі.

Вячэрняя праграма даўно не збірала такой колькасці
гараджан. З густам падабраныя нумары – дзіцячы блок, шлягеры мінулых год і
сучасныя песні – знаходзілі прыхільнікаў у прадстаўнікоў розных пакаленняў.
Авацыямі сустракалі юнакі і дзяўчаты выступленне мясцовай маладзёжнай музычнай
групы. А каратысты пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Карасёва падарылі лунінчанам і
гасцям горада некалькі хвілін адрэналіну. Трэба адзначыць і тое, што
канцэртна-забаўляльная праграма цалкам адпавядала свайму прызначэнню, а
музычныя нумары не перабіваліся пасля кожнай песні рознымі віншаваннямі і
прывітаннямі. Усе атрымлівалі асалоду ад свята, завяршыў якое ўражваючы
феерверк. Чыгуначнікі падарылі лунінчанам сапраўднае свята!



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть