Сэнс і радасць жыцця Лідзіі ЯЦУКЕВІЧ з Вічына (Лунінецкі раён)
Новости районаОбщество

Сэнс і радасць жыцця Лідзіі ЯЦУКЕВІЧ з Вічына (Лунінецкі раён)

Святочны сакавіцкі ранак для Лідзіі ЯЦУКЕВІЧ з Вічына заўсёды напоўнены шчырымі віншаваннямі з вуснаў самых родных мужчын. Муж і чатыры сыночкі дораць любоў і ўвагу адзінай жанчыне, на якой трымаюцца ўтульнасць і згуртаванасць іх вялікай сям’і.

Лідзія вырасла ў Цне, муж Васіль – у Сасноўцы. Так патрэбна было лёсу, каб яны аднойчы су-стрэліся каля маляўнічай рачулкі, дзе ў летнюю спякоту збіралася моладзь з усіх навакольных вёсак. Знаёмства хутка перарасло ў добрае сяброўства, і неўзабаве юнак і дзяўчына зразумелі, што ім цікава быць разам, а ад позірку ў вочы сэрцы стукаюцца мацней.

Далей прыемныя падзеі прыспешвалі адна другую. Вяселле, нараджэнне першага сыночка Генадзя, за ім – Арцёма. Калі хлопчыкі крыху падраслі, бацькі адчулі, што не хапае дачушкі, яркія сукеначкі і каляровыя банцікі на незнаёмых малышках моцна прыцягвалі ўвагу. Ды лёс непрадказальны – на свет зноў паявіўся сын. Як толькі Коля навучыўся хадзіць і размаўляць, гісторыя паўтарылася – з раддома прывезлі маленькага Ромку.

– Значыць так Бог дае, на нябёсах відней. Толькі б здаровенькімі былі, – згадзілася з мужчынскім “царствам” адзіная ў сям’і жанчына. І з усмешкай дадала:

– Няхай растуць хутчэй, спадзяюся, прывядуць у дом нявестак. Вось тады будзе раўнапраўе. А там, хто ведае, можа на ўнучак лепш пашанцуе… 

Зараз Генадзь вучыцца ў 11 класе. Паспяхова асвойвае дакладныя навукі, мае добрыя ацэнкі па хіміі, фізіцы, матэматыцы. У перспектыве  – паступленне ў ВНУ. Арцём вясной атрымае дакумент аб базавай адукацыі. Яго прыцягваюць рабочыя спецыяльнасці, плануе навучацца на зваршчыка і электраманцёра. Музычныя здольнасці праяўляюцца ў 5-класніка Колі – займаецца па класе фартэпіяна. Восенню стане першакласнікам Ромка.

Варта дадаць, што ўсе хлопцы любяць спорт. Фізічна актыўныя, яны заўсёды імкнуцца праводзіць вольны час у рухомых гульнях. Сярод захапленняў – выпальванне па дрэве, вырабы з саломкі і лепка.

Задаволены колькасцю юных памочнікаў у гаспадарскіх справах тата Васіль. Ён паспрабаваў сябе ў розных якасцях. Спачатку атрымаў спецыяльнасць трактарыста, быў качагарам, грузчыкам і прадаўцом. Паспытаў і таго хлеба, які атрымліваюць у заробках. Калі даходы перасталі кампенсаваць аддаленасць ад сям’і, уладкаваўся ў сельгаспрадпрыемства. Зараз працуе слесарам халадзільнага абсталявання на МТФ №7 у ААТ “Дварэцкі”.

Таксама з жывёлагадоўляй у гэтай арганізацыі звязана прафесійная дзейнасць Лідзіі. Пачынала з даяркі і цялятніцы. Але, займаючыся доглядам за падапечнымі, пастаянна хвалявалася за іх самаадчуванне, цікавілася спецыяльнасцю ветфельчара. Упэўніў-шыся, што ў гэтым яе пры-званне, прайшла неабходнае навучанне. Калі Ромка падрос, прыступіла да работы. Усё атрымалася, а набыццё вопыту толькі спрыяе лепшым вынікам. Была на розных участках, цяпер ёй даверылі клапаціцца пра статак у Ракітна. Справа падабаецца, але праблема ў іншым – з-за аддаленасці аб’екта ад дому і штодзённай занятасці ў ранішні і вячэрні час мала ўвагі застаецца на дзетак.

Акрамя асноўных абавязкаў патрабуецца час, каб справіцца з хатнімі клопатамі. Жывуць Яцукевічы ў прыватным доме ў Вічыне. Купілі будынак, які даўно пуставаў. Дзякуючы стараннасці, хутка ператварылі яго ў абжыты і прыгожы. На падворку трымаюць карову, свіней, свой-скую птушку. На агародзе ёсць дзе вырошчваць шматлікія культуры, цягнуцца ў вышыню садовыя дрэвы. Для вялікай сям’і ў пакоях цеснавата, але ніхто не скардзіцца, усе дружныя.

З-за недахопу жылплошчы мнагадзетным за кошт дзяржаўных сродкаў выдзелілі двухпакаёвую кватэру ў Лунінцы. Ды пакуль не імкнуцца мяняць вясковы спакой і размеранасць на гарадскія краявіды. А захапленне рыбалкай стала вызначальным для правядзення адпачынку. Як толькі знаходзіцца вольны час, едуць на Прыпяць. Шанцавала на значныя трафеі, ды ўсё ж галоўнае – свежае паветра, яднанне з прыродай. Да вандровак далучаюцца знаёмыя з Міншчыны, якія вельмі зайздросцяць нашаму суседству з прыгажуняй-ракой.

– Калі для мужчын такое захапленне распаўсюджанае, то жанчына з вудай для некаторых выглядае нязвыкла, – расказвае Лідзія. – Але бачылі б вы, колькі ў апошні час паявілася рыбачак. Здаецца, у гэтым хутка перагонім мужоў і братоў. 

Матуля можа бясконца гутарыць аб дзецях. Яны хутка растуць, з узростам мяняюцца звычкі і захапленні, паяўляюцца новыя рысы ў характарах. Бацькі не імкнуцца навязваць ім свае жаданні,  даюць магчымасць самастойна вызначыцца з будучыняй. Вучаць асноўнаму – быць працавітымі, сумленнымі, стараннымі, любіць сваю краіну.

Марыя Яраховіч



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть