Шакаладнае кола для ўнучкі
Общество

Шакаладнае кола для ўнучкі

еврорейс ДРУП “Еўрарэйс” штогод дзень нараджэння адзначае ва ўрачыстай і цёплай, сапраўды сямейнай атмасферы.

Кіраўнік экспедыцыйнай службы Валянціна Канапацкая, рыхтуючыся да імянін  прадпрыемства, заказала торт… у выглядзе “фуры” (на здымку з ім – Юлька КАНАПАЦКАЯ).

Сюрпрыз Валянціны Сцяпанаўны ўдаўся! Нават вопытныя “дальнабойшчыкі”, якія шмат чаго бачылі на дарогах ад Нідэрландаў да Казахстана і якіх цяжка чымсьці здзівіць, захоплена гадалі, чым “загружаны прычэп” (аказалася, такой жа смачнай фруктова-цеставай начынкай, як і “кабіна”). Уражаная моладзь таксама здымалася каля “салодкага аўтамабіля” на мабільныя тэлефоны, хаця знаўцы тэхнікі адзначалі, што для рэальнага “ДАФа” не хапае “дзвюх восяў”. Затое “стужачкі” з глобусам былі як сапраўдныя! Смак жа торту не перадаць словамі – яго трэба было паспытаць і растаць ад задавальнення! Хіба што вадзіцель Уладзімір Кіпцэвіч, аддадзены калектыву з часу стварэння, не крануў шакаладнае кола:

– Пачастую ўнучку…

Імянінны стол быў накрыты пасля шчырай і сардэчнай урачыстасці, на якой лепшым работнікам уручаліся граматы з прэміямі. Праўда, адна ўзнагарода не мела грашовага “дадатку” – дыплом Беларускай асацыяцыі міжнародных аўтамабільных перавозчыкаў, якім быў адзначаны Юрый ДАВІДЗЮК. Але менавіта яна сярод “дальнабойшчыкаў” лічыцца “медалём вышэйшай пробы” і дае пропуск да адзначэння (з адпаведным прызнаннем) у ЕС. Пажадаем такога маральнага заахвочвання кожнаму вадзіцелю “Еўрарэйса”!

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть