Общество

ШАЎКОВЫЯ НІЦІ суравага палатна

У першы дзень новага года юбілей адзначыла настаўніца пачатковых класаў Валянціна Дзмітрыеўна БУШЫЛА – яна працавала ў шэрагу школ, а на заслужаны адпачынак выйшла з СШ №4.
Незвычайная дата нараджэння – 1 студзеня. Ваенны, 1943 год. Але, дзякуючы любві бацькоў, пачатак жыцця ўяўляецца вельмі шчаслівым. На жаль, з вызваленнем і Перамогай не закончыліся выпрабаванні. Малышцы было 3 гады, калі ад цяжкай хваробы памерла мама, потым – малодшая сястрычка. Але пяшчота і клопат таты і бабулі, многіх сваякоў не дазволілі дзяўчынцы адчуць сіроцтва. Сям’я не цярпела ад голаду – кармілі зямля, лес, спрадвечная працавітасць, якой было не займаць сталым і малым вяскоўцам.
У спадчыну ад родных яна пераняла адказныя адносіны да справы. Добра вучылася ў школе. Пасля заканчэння 7-мі класаў у роднай вёсцы штодзень дабіралася ў 10-годку ў суседняе паселішча, за 12 кіламетраў. Немалую адлегласць пераадольвала іншы раз на веласіпедзе, а часцей за ўсё – пешшу.
У 1964-ым паспяхова закончыла Мазырскі педагагічны інстытут і была размеркавана ў наш раён. Першае месца працы – Бастынская СШ. Вялікую вёску называе другой радзімай. Тут сустрэла свой лёс – мясцовы статны прыгажун стаў мужам. Дарэчы, Васіль Рыгоравіч працаваў вадзіцелем, як і яе бацька. На жаль, абодва жывуць ужо толькі ў памяці сям’і…
Але спачатку давялося вытрымаць выпрабаванне Чарнобылем. Яе родная вёска ў Нараўлянскім раёне Гомельшчыны апынулася ў 30-кіламетровай зоне адчужэння. З узростам усё часцей у снах бачыць цудоўныя мясціны з таямнічымі лясамі, дзе прырода шчодра адорвала грыбамі і ягадамі, кветачнымі палянамі. Дзякуючы гэтаму, сціплае дзяцінства, абпаленае вайной, падаецца казачна багатым! Успаміны выклікаюць слёзы на вачах. Як і выказванне ўдзячнасці дзяржаве – Беларусь захавала святы абавязак памінання памерлых. Хаця і па спецыяльных прапусках, але на Радаўніцу цяперашняя лунінчанка мае магчымасць наведаць малую радзіму, пакланіцца магілам родных, сустрэцца з землякамі, якіх катастрофа на ЧАЭС раскідала по розных кутках вялікай краіны…
Якраз з 1986-га, які ў нашай гісторыі адзначаны сумам і болем катастрофы на ЧАЭС, маю цесныя зносіны з Валянцінай Дзмітрыеўнай. Нас аб’яднала СШ №2 г. Лунінца. Яна працавала тут пасля школы-інтэрната і аддзела адукацыі гарвыканкама, дзе займала пасаду метадыста па дашкольным і пачатковым выхаванні. Потым разам перайшлі ў СШ №4. У пенсійным узросце настаўніца яшчэ была запатрабавана ў Люшчанскай БШ. Наогул як педагог Валянціна Дзмітрыеўна ўжо 45 год сее “разумнае, добрае, вечнае” дзецям Лунінеччыны!
Злучыла нас і аграрная ніва – маем зямельныя ўчасткі ў цнянскім дачным таварыстве. На добрую зайздрасць суседзям Валянціна Дзмітрыеўна дасягае высокіх ураджаеў і шчыра дзеліцца з навакольнымі людзьмі пладамі сваёй працы, насеннем рэдкіх гатункаў садавіны і агародніны, мудрымі парадамі. 
Усям’і ветэрана-педагога выраслі дзве дачкі. Цікава, што для малодшай, Святланы, лёсавызначальнай стала сустрэча выпускнікоў у роднай СШ №2. З мужам і дзецьмі жыве ў Санкт-Пецярбургу, паспяхова займаецца бізнесам. Старэйшая, Іна, засталася адданай Лунінцу. Працуе ў цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэме, сама і разам з мамай часта гасцюе ў паўночнай сталіцы Расіі.
Валянціна Дзмітрыеўна свята беражэ баявыя і працоўныя ўзнагароды бацькі – удзельніка партызанскага руху. Ахвотна расказвае аб сваім родзе разумніцам-унучкам, цяперашнім студэнткам, будучым інжынерам, – каб шанавалі свае беларускія карані…
Нашчадкі сардэчна павіншавалі маму і бабулю, як і вучні, якія ўдзячны стараннай і добрасумленнай першай настаўніцы за спасціжэнне асноў вучобы. І ўсе жадалі юбілярцы моцнага здароўя, моцы духу, пабольш падстаў для аптымізму, доўгіх год жыцця ў акружэнні родных і блізкіх.
Наталля КАЗАНКОВА, старшыня раённага савета  ветэранаў педагагічнай працы.
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть