Общество

ШЧАСЦЕ – ГАРМОНІЯ Ў СЯМ’І

У жыцці кожнага чалавека чаргуюцца розныя моманты: радасці і гора, крыўды і поспехі, няўдачы і перамогі. Вельмі важна, каб заўсёды побач былі самыя блізкія і дарагія, якія падтрымаюць ці парадуюцца разам, на каго можна разлічваць у цяжкія хвіліны. Тыя, хто мае вялікую сям’ю, – самыя шчаслівыя.

Яўгенія і Мікалай пазнаёміліся, як і многія іншыя пары, на дыскатэцы. Спадабаліся адзін аднаму. Нягледзячы на розніцу ва ўзросце ў 14 год, дзяўчына вырашыла звязаць з юнаком сваё жыццё. Маці падтрымала дачку. Так пачалася агульная гісторыя Далгавечных з Кажан-Гарадка.

“Пасля вяселля 11 год жылі з бацькамі мужа. Потым атрымалі дом ад мясцовай гаспадаркі, – падзялілася жанчына. – Мы вельмі хацелі і чакалі малышоў, аднолькава былі падрыхтаваны да гэтага, разумелі сваю адказнасць перад імі. Лічу, што не можа быць паўнацэннай сям’і без дзетак”.

Калі нарадзіўся Сашка, якога назвалі ў гонар Прэзідэнта, Яўгенія і Мікалай ужо выхоўвалі траіх дачушак – маміных памочніц. Любві, цеплыні і пяшчоты хапала на ўсіх, таму паміж дзецьмі не было крыўд, зайздрасці і рэўнасці, наадварот, старэйшыя прыглядалі за меншымі, каб у матулі быў час на адпачынак.

Самая малодшая, любіміца сям’і, Ксюша з’явілася на свет насуперак усім выпрабаванням. Цяжарнасць праходзіла складана, і ўрачы папярэдзілі жанчыну, што дачушка можа нарадзіцца хворай, адправілі ў сталічны раддом. Там Яўгенія Далгавечная сутыкнулася з не зразумелай для яе рэакцыяй будучых мам на тое, што ў яе ўжо чацвёра дзетак.

“Такім выказванням супрацьпастаўляю сваё меркаванне. Дзеці – мой гонар, – адзначыла гаспадыня. – Яны ў мяне малайцы, добра вучацца і па хатняй гаспадарцы дапамагаюць, разумеюць, калі з бацькам не можам ім нешта купіць. Але мы стараемся, каб у іх усё было не горш, чым у іншых”.

Пятнаццацігадовая Кацярына марыць стаць урачом, каб дапамагаць людзям. Сашка – футбаліст і вельмі любіць будаваць. Насця, Юля і маленькая Ксюшка забаўляюцца з жывёламі, якіх у гаспадарцы хапае: качкі, 2 парасят, трусы, карова і конь. Калі ў дзяцей ёсць любімы занятак і добры настрой, бацькі адчуваюць спакой і гармонію. А што яшчэ патрэбна для шчасця?!

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть