Общество

ШЧАСЛІВА работай і сям’ёй

10 студзеня 80-гадовы юбілей адзначыла былая настаўніца СШ №1 г. Лунінца Лідзія Пятроўна МАЦКЕВІЧ.

Яна нарадзілася ў Пінску ў сям’і рабочага. У родным горадзе закончыла сярэднюю школу і 2-гадовы педінстытут (вышэйшую адукацыю набывала пазней у Мінску). Тут жа лёс падарыў сустрэчу з чалавекам, прозвішча якога хутка стала агульным. Лінатыпіст Эдуард Ула-дзіміравіч Мацкевіч, віцебчанін, у 1955-ым быў пераведзены з Пінска ў нашу раённую друкарню, якую потым шмат год узначальваў. З таго часу Лунінец стаў для сям’і другой радзі-май. Лідзія Пятроўна спачатку загадвала тут філіялам Пінскай завочнай школы. Пасля яе расфарміравання прыйшла ў СШ №1 г. Лунінца, якой аддала 38 год працы да выхаду на заслужаны адпачынак у 1994-ым. Аўтарытэт настаўніцы гісторыі адзначае Уладзіслава Антонаўна КАЧУРА, якая шмат год была намеснікам дырэктара СШ №1 па вучэбна-выхаваўчай рабоце: – Па роду абавязкаў часта наведвала ўрокі, якія дэманстравалі высокі прафесіяналізм Лідзіі Пятроўны. Яна выдатна валодала матэрыялам, цікава выкладала прадмет. Ахвотна рыхтавала адкрытыя ўрокі, прычым, для калег не толькі з нашага калектыву, але і іншых школ. Цікава, што такімі ж захапляльнымі былі ў Лідзіі Пятроўны і адкрытыя класныя гадзіны. У размовах па душах увасаблялася дабрыня і шчырасць педагога. Яна доўгі час узначальвала прафкам школы, са спагадай і чуласцю адносілася да жыццёвых патрэб настаўнікаў і тэхнічнага персаналу. Мой сын, вучань Лідзіі Пятроўны, і яго сябры заўсёды гаварылі, што ім пашанцавала на выдатнага выкладчыка і класнага кіраўніка. Мне таксама пашчасціла ведаць гэтага цудоўнага чалавека з тых часоў, калі мая дачка была школьніцай. Як падабаліся вучням урокі абаяльнай, добразычлівай, захопленай настаўніцы! Улюбёная ў прадмет, Лідзія Пятроўна прыцягвала і да пазаўрочных заняткаў: дружна афармлялі кабінет гісторыі, што лічыўся адным з лепшых у горадзе; выраблялі наглядныя дапаможнікі… Сведчаннем высокага прафесіяналізму педагога з’яўляюцца шматлікія ўзнагароды: медалі “За доблесную працу” (1970) і “За працоўную доблесць” (1981), Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета БССР (1987). Тады ж Лідзія Пятроўна была выбрана дэлегатам VII з’езда настаўнікаў. Вяла і рознабаковую грамадскую дзейнасць – узначальвала раённае згуртаванне аховы помнікаў, была лектарам таварыства “Веды”, за што таксама неаднаразова адзначалася граматамі раённага і абласнога ўзроўню. Людзі актыўнай жыц-
цёвай пазіцыі, Мацкевічы не сумуюць і на пенсіі. Займаюцца гаспадарчымі справамі, чытаюць, глядзяць пазнавальныя тэлеперадачы. Лідзія Пятроўна заўважае, што пасля сур’ёзнай траўмы нагі абмежавана ў прагулках на значную адлегласць. Выказвае шчырую ўдзячнасць калегам і былым вучням, якія не забываюць настаўніцу, часта наведваюць шчырую сямейную пару. Гэтыя сустрэчы застаюцца ў памяці сапраўднымі святамі душы… Старэйшы сын Мацкевічаў, Аляксандр, з сям’ёй жыве ў Лунінцы, працуе машыністам лакаматыўнага дэпо. Малодшы, Віктар, – у Ірландыі. Адарылі бацькоў трыма ўнукамі, тыя, у сваю чаргу, – дзвюма праўнучкамі. Юбілярка дзеліцца такім простым і вельмі зразумелым жаданнем: каб на святкаванне 80-годдзя сабраліся ўсе родныя. Застаецца пажадаць, каб здзейснілася мара паважанага годнага чалавека! Наталля КАЗАНКОВА, старшыня раённага савета ветэранаў педагагічнай працы.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть