Школьный дневник

БАВІМ ЧАС З КАРЫСЦЮ

Па інфармацыі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама 1865 дзяўчынак і хлопчыкаў адпачнуць на Лунінеччыне. У летні перыяд у раёне працуе 37 аздараўленчых лагераў з дзённым знаходжаннем, 2 – з кругласутачным. Таксама дзейнічаюць 4 лагеры працы і адпачынку.
Сцэнарый летніх канікул для многіх падлеткаў наканаваны: можна з галавой акунуцца ў адпачынак. Але вучні СШ №2 райцэнтра лічаць, што і з добрага правіла бываюць выключэнні. Сёлета дзесяць юнакоў і дзяўчат вырашылі сумясціць прыемнае з карысным, паспрабаваўшы свае сілы ў аздараўленчым лагеры працы і адпачынку «БЭМС».
– Асабіста я прапанову папрацаваць сустрэла з радасцю, – кажа Аляксандра Кавалец. – Гэта не толькі магчымасць правесці час у кампаніі сяброў, але і шанц самім зарабіць першыя грошы.
З раніцы падлеткі часцей за ўсё па дамоўленасці працуюць на базе ЖКГ: акультурваюць помнікі, прыбіраюць закінутыя магілы. А яшчэ – прыводзяць у парадак школьны двор, даглядаюць клумбы. З асаблівай стараннасцю добраўпарадкоўваюць стадыён, дзе ў новым навучальным годзе, магчыма, хто-небудзь з іх пакажа новы спартыўны рэкорд.
Не даводзіцца сумаваць і малодшым школьнікам, якія наведваюць прышкольны аздараўленчы лагер дзённага знаходжання «Сонечны» і спартыўна-аздараўленчы з аднайменнай назвай. Весела і заўзята тут бавяць час 94 выхаванцы.
Начальнік лагера Наталля Бойка разам з выхавальнікамі паклапаціліся аб тым, каб кожны дзень быў непадобны на папярэдні.
Хлопчыкі і дзяўчынкі паспелі наведаць з экскурсіяй раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, лакаматыўнае дэпо, краязнаўчы музей. З ветрыкам пракаціліся на каньках у Лядовай арэне і паглядзелі мультфільмы ў кінатэатры “Кастрычнік”. Арганізоўваць мерапрыемствы для дзяцей педагогам дапамагаюць і бацькі, якія з задавальненнем запрашаюць хлопчыкаў і дзяўчынак больш дасканала даведацца аб прафесіях у сябе на прадпрыемствах.
– Мы выдатна праводзім час, – дзеліцца камандзір атрада Аліна Канапацкая. – Яшчэ больш пасябравалі. Заўсёды з задавальненнем удзельнічаем у разнастайных віктарынах і конкурсах, спартыўных мерапрыемствах, тэатральных інсцэніроўках і інтэлектуальных гульнях.
Наталля АРАШКЕВІЧ. 

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть