Школьный дневник

Цеплыня юных сэрцаў

1ШАБЛОН ДЛЯ САЙТА

Цеплыня юных сэрцаў сагравае настаўніцу фізікі Багданаўскай СШ Наталлю СКІБА. У адказ вучні атрымліваюць даступнае тлумачэнне складанага прадмета, падтрымку і разуменне іх шматлікіх “чаму”.

Наша першае знаёмства аказалася завочным: падчас Дня падпісчыка ў мясцовай школе параілі абавязкова напісаць пра маладога спецыяліста. Але на той момант не пашанцавала: Наталля Аляксандраўна разам з выхаванцамі ездзіла на алімпіяду ў райцэнтр. Пазней яшчэ некалькі разоў наша сустрэча адкладвалася з-за пэўных жыццёвых абставін. Урэшце, у рэдакцыйны кабінет зазірнула сімпатычная дзяўчына:

– Можна да вас?

Яна аказалася шчырай суразмоўніцай, якая бясконца можа расказваць пра свой прадмет, старанных вучняў, іх маленькія поспехі. З будучай прафесіяй выпускніца Дзятлавіцкай СШ вызначылася яшчэ ў 10 класе. Выбар спыніла на фізічным факультэце Гомельскага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. Вучоба па спецыяльнасці “фізіка-тэхнічная творчасць” давалася лёгка, і неўзабаве Наталля атрымала доўгачаканы дыплом. Тры гады таму на першавераснёўскай лінейцы новага педагога прадставілі калектыву. Калегі аказаліся дружнымі. Падтрымку і разуменне адчула з боку дырэктара школы Алены Ярмольчык і яе намесніка па вучэбнай рабоце Валянціны Мелюх. Дагэтуль памятае першы працоўны дзень:

– Спачатку прыйшлі вучні 7 класа. Асаблівага хвалявання не было, а вось калі на ўрок завіталі 11-класнікі, крыху занервавалася: вышэй за мяне ростам, на іх фоне выглядала равесніцай… Але з эмоцыямі хутка справілася. Усё ж вопыт прыходзіць з часам. Акрамя асноўнага прадмета, выкладаю астраномію, чарчэнне, геаграфію, чалавек і свет. Разумею цікавасць да фізікі асобных юнакоў і дзяўчат, таму школьную праграму дапаўняю дадатковымі матэрыяламі. Юныя вяскоўцы вельмі любяць праводзіць разнастайныя доследы. Памятаю, вялікі рэзананс выклікала звычайная шышка, якую па чарзе апускалі ў халодную і гарачую ваду. Такім чынам, дзеткі на справе засвоілі цеплавое сцісканне і расшырэнне.

Наталлю не палохае адлегласць ад райцэнтра, дзе жыве з мужам. Дарэчы, вяселле з Сяргеем згулялі два тыдні таму. У аграгарадок дабіраецца аўтобусам, які адпраўляецца ў 5.20 раніцы. У калектыве пайшлі насустрач настаўніцы: нагрузку размеркавалі праз дзень. Частку сшыткаў бярэ з сабой дамоў, некаторыя паспявае праверыць да пачатку рабочага дня. Па суботах Наталля Аляксандраўна вяла міжшкольны факультатыў у СШ №4. Яго ўдзельнікі на працягу навучальнага года рыхтаваліся да цэнтралізаванага тэсціравання. Многа жадаючых прыходзіць на заняткі ў гурток “Юны фізік”. Прычым, як і на астатніх уроках, навучанне ў ім адбываецца на беларускай мове. Зараз малады педагог знаходзіцца ў чарговым водпуску. Плануе з мужам пабываць у Санкт-Пецярбургу, і 1 верасня з новымі сіламі скажа вучням: “Добры дзень! Сядайце, калі ласка, пачынаем урок!”.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть