Школьный дневник

Да сям’і і працы — з любоўю!

dva-uchitelya

Гісторыя сям’і ТОКАРАВЫХ пачалася ў Мазырскім педагагічным універсітэце. Вучыліся на адным факультэце. Каця родам з Гомельскай вобласці, Аляксандр нарадзіўся і вырас у Велуце.

– Мы жылі ў адным інтэрнаце, дзе і пазнаёміліся, –  з усмешкай успамінае Саша. – Магу дакладна сказаць, што шлях да сэрца мужчыны ляжыць праз яго страўнік. А Кацюша так па-майстэрску гатуе! Спачатку проста сябравалі, хадзілі ў госці адзін да аднаго. Але калі бачыў, што хтосьці акрамя мяне аказвае ёй знакі ўвагі, раўнаваў. Вырашыў, трэба браць замуж, пакуль іншы не аказаўся на маім месцы!

Сямейнае жыццё пачалі ў Мазыры. Неўзабаве даведаліся, што стануць бацькамі. Нарадзілася дачушка. Кацярына ўзяла акадэмічны водпуск і на год пераехала з малой да бацькоў мужа. Саша вучыўся, а як толькі выдаваліся вольныя дні, спяшаўся да сваіх дзяўчынак.

– Не перастаю быць удзячнай свекрыві са свёкрам. Каб не іх дапамога і падтрымка, мы, пэўна, не справіліся б, – дзеліцца маладая матуля.

Пасля заканчэння ўніверсітэта яе размеркавалі на Лунінеччыну. Шукалі месца ў гарадской школе, але лёс распарадзіўся інакш – пасады настаўніка англійскай мовы ў райцэнтры тады не знайшлося (спецыяльнасць у Кацярыны – англійская мова, інфарматыка), а ў вёсках, як правіла, вывучаюць нямецкую. У Вялікіх Чучавічах прапанавалі работу абодвум: Аляксандру – выкладаць матэматыку, Кацярыне – інфарматыку.

– У мяне спецыяльнасць – матэматыка-інфарматыка, – дзеліцца Саша. – Марыў звязаць сваё жыццё з інфармацыйнымі тэхналогіямі. Пра тое, што давядзецца працаваць у школе, нават у думках не было. Але, як кажуць, «ніколі не кажы ніколі».

– Атрымліваецца быць настаўнікам?

– Шчыра кажучы, думаў пра горшае. Але да ўсяго прывыкаеш. Хваляваўся, што не спраўлюся з класным кіраўніцтвам, але тут трэба аддаць належнае дзецям. Прынялі як свайго!

– Сямейныя клопаты не перашкаджаюць рабоце?

– Толькі дапамагаюць! Заўсёды падтрымка пад бокам, і калі штосьці ў паперах не зразумела, Кацюша – побач,– кажа Аляксандр Эдуардавіч. – Галоўнае навучыцца размяжоўваць, – дадае Кацярына Сяргееўна. – Вось мы – настаўнікі. Выйшлі за дзверы – сям’я. Пра работу – ні слова!

– У апошнія гады ваша прафесія лічыцца не зусім прэстыжнай. Як ставіцеся да такой высновы?

– Усё залежыць ад самога настаўніка. Можна проста прыйсці і адвесці ўрок, а можна “гарэць” прафесіяй. Канешне, цяперашнія дзеці – не тыя, пра якіх расказваюць нам падручнікі ці савецкія фільмы. Ды і іх бацькі зусім іншыя. Калі ў сям’і размаўляюць пры дзіцяці неналежным чынам пра настаўніка і на сходзе хочуць чуць толькі добрае пра сваіх дачушак і сыноў, патрабуючы ставіць вышэйшую ацэнку не на падставе ведаў, а таму што “нам же нужно поступать”, адкуль возьмецца прэстыж?! – сцвярджае Кацярына. – Калі трапляеш у дзіцячы калектыў, сутыкаешся са стыхіяй, якой трэба навучыцца кіраваць, неабходна ўстанаўліваць кантакт, улічваць індывідуальныя асаблівасці кожнай асобы, чуць і прымаць іншага чалавека. Настаўнік павінен развівацца не толькі як прадметнік, але і як псіхолаг…

– На вашу думку, якім чынам можна прыцягнуць абітурыентаў паступаць у педагагічныя ВНУ?

– Сёння надзвычай важна забяспечыць педагога службовым жыллём, зменшыць паток папер. Толькі на карысць пойдзе магчымасць ільготнага крэдытавання, калі ў сям’і і муж, і жонка – настаўнікі.

– Жывяце з бацькамі?

– Не. Здымаем кватэру ў Вялікіх Чучавічах. Кожны дзень не наездзішся, ды і ўрокі ў нас не заўсёды ў адзін час.

– Не шкадуеце, што месцаў у горадзе не знайшлося?

– Ды якія нашы годы! Паспеем яшчэ! І дачку гадаваць тут куды лепш, – разважае сямейная пара. – А ў аграгарадку наша прафесія запатрабавана, напэўна нават больш, чым у райцэнтры.

На пытанне, у чым жа сакрэт іх сямейнага шчасця, Аляксандр і Кацярына адказваюць проста:

– Сям’я – штодзённая работа, якая павінна прыносіць радасць. Асобная моладзь зараз ставіцца да сям’і, дзяцей, працы, як да чарнавікоў: не заладзілася – у наступны раз атрымаецца лепш. У нас усё па-іншаму. Мы любім і паважаем адзін аднаго. Калі шчыра, то не складана быць ні бацькамі, ні мужам і жонкай, ні настаўнікамі. Галоўнае – да ўсяго ставіцца з любоўю!

 

Наталля Арашкевіч

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть