Школьный дневник

«Давайце знаёміцца па-новаму!»

любачинская школа 1975Такое неспадзяванае запрашэнне прагучала на сустрэчы выпускнікоў-1975 Любачынскай СШ. Стоячы на ступеньках роднай альма-матэр, адкуль 40 год таму па розных накірунках разышліся жыццевыя дарогі, яны ўглядаліся ў адначасова знаемыя і не зусім твары.

І няхай іх валасы пасівелі, многія ўжо носяць ганаровае званне бабуль і дзядуль, у вачах па-ранейшаму зіхаціць вясёлы агеньчык юнацтва — бесклапотнага, шчаслівага, напоўненага самымі лепшымі марамі на будучыню… У фае будынка сваіх выхаванцаў чакалі настаўнікі, сямейная пара Бірылаў: Дзям’ян Емяльянавіч выкладаў нямецкую мову, а Маргарыта Сцяпанаўна — хімію.

Былыя вучні нетаропка хадзілі па светлых школьных калідорах, з цікавасцю знаёміліся з выставай фотаздымкаў на алеі выпускнікоў, крыху пашкадаваўшы, што фатаграфіі выпуску 1975 года не было. “Вось тут размяшчалася бібліятэка, — хваляй нахлынулі ўспаміны. — Вунь там сядзела наша піянерважатая Надзея Іванаўна Капылец, а сюды мы бегалі за булачкамі па 6 капеек!”. Заглядваючы ў кабінеты, госці з хваляваннем спыніліся ў “сваім” класе. Расселіся за парты, і стала настолькі гаманліва, што ў выпадку рэальнага ўроку многія палажылі б дзённікі на настаўніцкі стол. I яны раптам адчулі сябе хлопчыкамі і дзяўчынкамі. Каця Пятніца прыехала на сустрэчу з Брэста, Оля Аўчарук — з Бабруйска, Оля Кузьміч — з Бялыніч, Таня Содзька і Толя Бярозка — з Мінска, Света Бандацкая — са Шклова, Оля Юрцэвіч — з Буда-Кашалёва. Найбольшыя адлегласці давялося пераадолець цёзкам: Маша Булатоўская асталявалася ў Санкт-Пецярбургу, а Маша Лукашэвіч — у Саратаве (дарэчы, яна — мама трох сыноў і бабуля 5 унукаў). Не хавалі радасці лунінчане Валя Бярозка, Вера Грудзько, Ніна Калянковіч, Адам Дубініч і Галя Лукашэвіч, а таксама Дзіма Емельяновіч з Міжлесся. Хвілінай маўчання ўсе ўшанавалі памяць пайшоўшых з жыцця аднакласнікаў і настаўнікаў. Крыху пазней размясціліся ў мясцовым Доме культуры, дзе зноў і зноў вярталіся ў шчаслівую маладосць, дамовіўшыся аб новай сустрэчы праз 5 год.

 



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть