Школьный дневник

Добрая кніга ўказвае шлях да храма

Так лічыць настаўніца рускай мовы і літаратуры СШ №2 г. Мікашэвічы Ніна Сцяпанаўна Грошава, з якой гутарым аб уплыве мастацкіх твораў на выхаванне чалавека і грамадзяніна.

– Вы набылі вышэйшую адукацыю ў савецкі час, калі, напэўна, ні ў лекцыях, ні ў размовах нават не дапускаліся словы духоўнасць ці хрысціянства…
– Але ж вывучалі гісторыю, з якой вынікала, што на выхаванне самасвядомасці славян рашаючы ўплыў аказала праваслаўе. У дапятроўскі перыяд усё культурнае жыццё было засяроджана каля Царквы. Потым у Расіі сфарміраваліся свецкія літаратура, паэзія, жывапіс, музыка, якія дасягнулі свайго эпагею ў ХІХ стагоддзі. Але руская культура не страціла таго магутнага духоўна-маральнага зараду, які давала праваслаўе. І аж да 1917 года захоўвалася жывая сувязь мастацтва і царкоўнай традыцыі.
– У паслярэвалюцыйны час скарбніца праваслаўнай духоўнасці для абсалютнай большасці грамадства была закрыта.
– Затое засталіся класічныя творы! Пра веру і Бога, Хрыста і Евангелле, малітву, багаслоўе і богаслужэнне мільёны людзей даведваліся ад Пушкіна і Гогаля, Дастаеўскага і Чайкоўскага, іншых вялікіх творцаў. На працягу 70-ці год дзяржаўнага атэізму руская культура заставалася носьбіткай хрысціянскага благавесту. Народ быў штучна адарваны ад сваіх каранёў, але літаратура працягвала сведчыць аб духоўна-маральных каштоўнасцях, якія савецкія ўлады ставілі пад сумненне ці імкнуліся знішчыць.
– Руская літаратура дарэвалюцыйнай эпохі справядліва лічыцца самай высокай вяршыняй у свеце. І істотна адрозніваецца ад узораў, якія прапаноўваў Захад.
– Галоўная асаблівасць увасоблена ў словах вялікага філосафа Бярдзяева: “Уся наша літаратура ХІХ стагоддзя паранена хрысціянскай тэмай, уся яна шукае выратавання… і збаўлення ад зла, пакут, жаху жыцця для чалавечай асобы, народу, чалавецтва, свету. У самых значных сваіх творах яна прасякнута рэлігійнай думкай”.
– Можна прывесці прыклады?
– Калі ласка, творы Аляксандра Пушкіна, у якіх гераіні заўсёды стрымліваюць абяцанне, якое далі Богу. І Яўгену Анегіну Таццяна Ларына адказвае: “Ды верна мужу я свайму – навек аддадзена яму”. Дарэчы, цудоўна пераклаў паэму на беларускую мову Аркадзь Куляшоў, 100-годдзе якога адзначаем сёлета.
– Гавораць, што душа чалавечая па прыродзе сваёй – хрысціянка. І гэта становіцца зразумелым, калі чытаеш творы аўтараў, якіх раней адносілі да рэвалюцыйных дэмакратаў, а ніяк – не да праваслаўных пісьменнікаў.
– Талент, дар Божы, усё роўна праявіць свой хрысціянскі пачатак… Знаёмы з грамадзянскай лірыкай Мікалая Некрасава. А пачытайце яго паэму “Цішыня” – уся яна прасякнута пачуццём пакаяння. Не задумваемся над глыбінёй паэзіі Афанасія Фета. Ён жа раскрыў ва ўсёй паўнаце прыгажосць Божага свету. Аб вечнасці прымушае разважаць філасофская лірыка Фёдара Цютчава. На хрысціянскія каштоўнасці абапіраецца Леў Талстой, ства-раючы грандыёзную карціну Барадзінскага змагання ў рамане “Вайна і мір”.
– Класіка заўсёды сучасная. Як трывожыць раман “Белая гвардыя” Міхаіла Булгакава аб жудасных падзеях, што адбыліся ў 1920-ыя ў Кіеве і паўтараюцца ў наш час!
– Але ці ўсе звярнулі ўвагу, што пісьменнік у якасці крытэрыю, ацэнкі чалавечых учынкаў прапаноўвае вечнасць? Грамадзянская вайна – найвялікшая з трагедый, якая адлюстравана і Міхаілам Шолахавым у рамане “Ціхі Дон”. Памятаеце, адзін з герояў збудаваў над магілкай чырвонаармейца каплічку, пад павеццю – сумны лік Божай Маці і чорная вязь славянскага пісьма: “В годину смуты и разврата не осудите, братья, брата”.
– Тысячагоддзямі вучыць Біблія, геніяльныя пісьменнікі, але грамадства дрэнна засвойвае гэтыя ўрокі.
– І ўсё ж вяршыні чалавечай думкі даюць надзею. Мне яшчэ раз хочацца нагадаць словы Пушкіна, што “Рэлігія стварыла мастацтва і літаратуру, – усё, што было вялікага з самай глыбокай старажытнасці, усё знаходзіц-ца ў залежнасці ад рэлігійнага пачуцця… Без яго не было б ні філасофіі, ні паэзіі, ні маральнасці”. Веру ў тое, што камусьці своечасова прачытаная кніга дапаможа знайсці дарогу да храма.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть