«Школьны ранец» дзеля дзіцячых усмешак
Школьный дневник

«Школьны ранец» дзеля дзіцячых усмешак

У рамках акцыі «Школьны ранец» работнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва наведалі малышоў з малазабяспечаных і мнагадзетных сем’яў з вельмі прыемнай місіяй. Спецыяліст па сацыяльнай рабоце Ірына Людвічэнка і псіхолаг Людміла Шэстак прывезлі хлопчыкам і дзяўчынкам у падарунак наборы канцылярскіх тавараў. Усяго перад новым навучальным годам такую дапамогу аказалі 58 дзецям, у тым ліку пяці – ад раённай арганізацыі ГА «Белая Русь».

Першы адрас знайшлі хутка, мінуўшы гарадскія шматпавярхоўкі і спыніўшыся каля чатырохкватэрнага дома. Віка Насковіч пайшла ў другі клас, з заняткаў яе застаўся чакаць маленькі брацік Валерый. Не заўсёды ў сям’і хапае сродкаў на набыццё яркіх і зручных рэчаў, якія маюцца ў іншых школьнікаў і выклікаюць зайздрасць. Цяпер дзяўчынка не бу-дзе адчуваць сябе ў нечым аб-дзеленай. Мама Святлана Ула-дзіміраўна ад душы падзякавала за ўвагу і падтрымку.

Да Алёшы Сергеля завіталі ў завадскі інтэрнат. Хлопчыку 9 год, ён самастойны і разважлівы. Прыняў гасцей тактоўна і ветліва, бы дарослы. Расказаў пра 2-гадовую сястрычку Віку і 11-гадовага брата Германа, паказаў прыгожыя іконы ў шафе. Падарункі разглядаў уважліва, а па задаволеным выразе твару было бачна, што сшыткі, вокладкі, лінейкі, ручкі, алоўкі яму спадабаліся.

Трэцякласнік шчыра прызнаўся, што ў мінулыя гады не заўсёды добра спраўляўся са школьнай праграмай. Сёлета ён падрос, набраўся сіл і мае вялікае жаданне навярстаць упушчанае. Госці пажадалі, каб яго мары абавязкова збываліся, вучоба давалася лёгка, адзнакі атрымліваў самыя высокія.

Наступныя сустрэчы таксама прайшлі ў цёплых абставінах, лепшай падзякай дарослым была радасць у маленькіх вачанятах. Па словах работнікаў ТЦСАН у рамках акцый “Збяры дзіця ў школу” гуманітарную дапамогу атрымалі 27 малышоў і падлеткаў, “Стрыжкай да школы” скарысталіся 37 вучняў. Дарэчы, гэтыя акцыі працягваюцца да 15 верасня.

Дзеці ёсць дзеці – яны здзіўлялі даверам, дзяліліся сваімі галоўнымі навінамі і сакрэтамі. Шкада, што ў бацькоў не заўсёды хапае грошай на ўсё неабходнае для сваіх нашчадкаў. І вельмі добра, што хоць невялікай колькасці школьнікаў прыйсці на лінейку з усмешкай паспрыяла такая патрэбная і карысная дапамога дарослых і неабыякавых людзей.

 

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть