Школьный дневник

“Дзюймовачка” з 11 “Б”…

дюймовачкаВучаніца СШ №4 Вікторыя ШЭЎЧЫК – самая маленькая ў класе па росту, але ўзровень яе ведаў – найвышэйшы ў школе!

Падставы для гэтага сцвярджэння дае плён у вучобе. У мінулым навучальным годзе 10-класніца паспяхова ўдзельнічала ў раённых алімпіядах, аб чым сведчаць дыпломы па пяці прадметах: І ступені – па беларускай мове, грамадазнаўству, курсах “Здаровы лад жыцця” і “Асновы права”, ІІІ – па гісторыі. Вылучаная на вобласць, у Брэсце Віка пацвердзіла сваё лідарства ў правазнаўстве, а па грамадазнаўству была адзначана Дыпломам ІІІ ступені.
Сёлета ў скарбонку дасягненняў роднай школы 11-класніца прынесла 4 дыпломы з 6-ці. На раённых алімпіядах Вікторыя заняла трэцяе месца па рускай мове, другое – па беларускай мове і гісторыі, першае – па грамадазнаўству, а потым па гэтым прадмеце годна абараніла гонар раёна на абласных спаборніцтвах “разумнікаў і разумніц” – узнагаро-джана Дыпломам ІІІ ступені.
– Навучыць можна таго, хто хоча вучыцца! – гэта меркаванне настаўніцы Ліліі Канстанцінаўны Гоман датычыць не толькі яе любімай вучаніцы.
Педагог падкрэслівае, што Вікторыя на ўласным прыкладзе адлюстроўвае дакладнае меркаванне: талент – гэта 10 працэнтаў адоранасці і 90 – працавітасці. Лілія Канстанцінаўна не хавае сваёй заклапочанасці тым фактам, што сучасных дзяцей вельмі складана зарыентаваць на імкненне да вучобы, калі тэлекамунікацыі прымушаюць грамадства выбіраць іншыя прыярытэты. На жаль, большасць цяпер папулярных медыаперсон з гонарам адзначаюць, што ў школе былі горш, чым “ціхія троечнікі”, а сакрэты набыцця іх багаццяў звычайна застаюцца “за кадрам”. Раней, калі “выбіваліся ў людзі”, так бы мовіць, неправедным шляхам, лічылася за сорам хваліцца. Цяпер гэта стала нормай жыцця.
– Тым больш заслугоўваюць павагі такія дзеці, як Віка, – адзначае Лілія Канстанцінаўна. – Яны не паддаліся тыповым меркаванням сучаснага асяроддзя і працуюць з дзяцінства, разумеючы, што веды – самы важкі капітал.
Захапляешся дзяўчынай не толькі таму, што вучаніца шануе дарагія пакаленню яе бабуль маральныя каштоўнасці. Такія дзеці абвяргаюць распаўсюджанае ўяўленне, што сучасныя настаўнікі аддаюць перавагу рэпетытарству перад адданасцю дзецям, уласцівай педагогам савецкага часу. Калі выкладчыкі бачаць зацікаўленасць вучняў, яны шчодра дзеляцца і пазашкольным матэрыялам, таму што аддача ў выглядзе поспехаў вучня ў алімпіядным руху – гэта і прызнанне запатрабаванасці высокіх прафесійных якасцей настаўніка.
Завочна пазнаёмілася з Вікторыяй не так даўно, калі “ЛН” высвятлялі, хто з юных землякоў цікавіцца краязнаўствам. Публікавалі пытанні – чакалі водгукаў. Звярнула ўвагу на напісаныя акуратным почыркам адказы старшакласніцы з райцэнтра. Вікторыя Шэўчык стала адным з прызёраў конкурсу раённай газеты. І цяпер рады паведаміць аб алімпіядных поспехах юнай лунінчанкі.
Сустрэліся з Вікай у сонечны марозны дзень напярэдадні яе дня нараджэння – 27 студзеня. Дзяўчына светла ўсміхалася і расказвала пра бацькоў, вясковых бабуль і дзедаў. Ёй падабаецца вучыцца, таму і поспехі не прымушаюць сябе чакаць. У вольны час ходзіць з сяброўкай у басейн. З любімых заняткаў назвала яшчэ чытанне – аддае перавагу фантастыцы і дэтэктывам. Даўно вызначылася і з будучай справай – “чысты гуманітарый”, як сама сябе назвала, марыць аб паступленні ў эканамічную ВНУ. Ад Вікторыі зыходзілі такія шчырасць і пазітывізм, што верылася ў здзяйсненне яе мар. І было вельмі прыемна, што дзяўчына папрасіла занатаваць яе на фоне адметнасці гістарычнага Лунінца – сімвалу пачатку хуткага шляху ў новае жыццё, падмуркам якога будуць трывалыя веды.
Таццяна КАНАПАЦКАЯ.
Фота аўтара.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть