Школьный дневник

Гатовыя здзіўляць і ўражваць

У новым навучальным годзе адкрыла свае дзверы гімназія горада Лунінца. 366 таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак пасля летніх выпрабаванняў атрымалі новы і ганаровы статус – гімназісты.
Дзіцячыя галасы напоўнілі сваім вясёлым смехам калідоры і ўтульныя кабінеты ўстановы.
Вядома, настаўнікі не ўступаюць у талентах і вопыце сваім выхаванцам, таму заняткі пралятаюць, як адно імгненне. А што ж вучні? Заглянем, напрыклад, у 5 “А”.
Дзмітрый Рудовіч – прызёр шматлікіх конкурсаў па танцах, з задавальненнем паказвае свае ўзнагароды аднакласнікам. Ён ужо некалькі год наведвае танцавальны калектыў “Мірыданс”. Хлопчык са сваім творчым нумарам прымаў удзел ва ўрачыстай лінейцы, прысвечанай Дню ведаў.
Побач з ім – Станіслаў Благадзёраў. Вочы пяцікласніка ажыўляюцца, калі ён з запалам расказвае пра сваё захапленне: не першы год чытае часопіс “Юныя тэхнікі і вынаходцы”, нават завёў “моду” рабіць нешта з выдання і вучыць гэтаму сваіх сяброў.
Віталь Кацуба марыць аб чыгунцы. Няспешна выкладвае на парту тоўсты каляровы альбом аб гісторыі вузла. Яго аповяд настолькі натхнёны, што калі б не матуля, якая прыехала за ім пасля заняткаў, невядома, калі б скончылася гаворка. Жанчына сапраўды пацвердзіла, што сын можа гадзінамі сачыць за цягнікамі і ўяўляць, што, калі стане дарослым, зможа сам кіраваць вялізнай машынай.
Затым позірк прыкоўвае рыжая дзяўчынка Сафія Магарыта. У яе незвычайны занятак – вядзе відэа-блог: у свабодны ад заняткаў час здымае відэа і выкладвае на свой інтэрнэт-канал.
Лаліта Хоміч падышла і працягвае невялічкі сшытак, у якім сабраны ўласныя вершы. Зараз маладая паэтэса марыць пра дыплом урача, але хто ведае, можа ў будучым будзем чытаць яе творы ў кнігах і часопісах.
Вядома ж, калі ёсць зацікаўленасць да справы, то яна абавязкова перарасце ў талент. А педагогі ў сваю чаргу падтрымаюць сваіх выхаванцаў. Дарэчы, дзеці не толькі вучацца, але і адпачываюць разам. Сёлета пабывалі ў Брэсцкай крэпасці і аквапарку. Асаблі-выя ўражанні пакінуў сам мемарыяльны комплекс.

 

 

ДА НОВЫХ ПЕРАМОГ
Дзіцячы смех, радасныя ўсмешкі, спартыўны азарт барацьбы – такім запомніцца традыцыйны Дзень здароўя і спорту, які днямі прайшоў на стадыёне гімназіі горада Лунінца. Па традыцыі яму папярэднічала ўрачыстая лінейка: прагучаў дзяржаўны гімн, быў узняты сцяг.
Удзельнікамі спартыўнага свята ў гэты дзень сталі 140 вучняў, а яшчэ больш за 200 гімназістаў горача балелі за свае каманды. Напал кіпеў неверагодны. Тут можна было ўбачыць і слёзы расчаравання, і радасць перамогі.
На славу пастараліся педагогі фізічнай культуры ўстановы адукацыі Віктар Казун, Уладзімір Вабішчэвіч, а таксама малады спецыяліст Вольга Дземянец. У праграме прысутнічалі вялікі і міні-футбол, валейбол, гіравы спорт. У гэты незвычайна цёплы і сонечны восеньскі дзень спаборніцтвы аб’ядналі не толькі ігракоў і балельшчыкаў, але і падлеткаў розных узростаў, а гэта – адна з самых галоўных задач у спорце. Упэўнены, у іх планах яшчэ шмат цікавых мерапрыемстваў.
Марыя ХЛЕБУС, Наталля СІВЕЦ, Анастасія ГРЫШКО, члены гуртка “Юны карэспандэнт”.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть