Школьный дневник

Годны шлях сталення

аэродром

Старшакласнікі школ райцэнтра і навучэнцы сельгаскаледжа наведалі аэрадром. Экскурсію ў рамках месячніка грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі арганізавала Лунінецка-Ганцавіцкая структура ДТСААФ.

У аўтобусе каля КПП юнакі і дзяўчаты цярпліва чакалі, калі будуць аформлены адпаведныя дакументы і ім дадуць дазвол пазнаёміцца з воінскім бытам і службай. Сустракаў моладзь старшы лейтэнант Сяргей Ткачук. Ён расказаў аб задачах часці, паказаў складаную тэхніку, якой авалодваюць салдаты тэрміновай службы.

Падоўгу разглядвалі радыёлакацыйныя станцыі юнакі з лунінецкай СШ №4. Шматлікія пытанні аб надзейнасці, мэтах і асаблівасцях работы сыпаліся адно за адным. Пакідаючы ўзлётную паласу, зрабілі памятны фотаздымак.

Потым усіх запрасілі ў казарму. Памяшканне для адпачынку і сну ваеннаслужачых – прасторнае і чыстае, за парадкам тут сочаць строга. У бытавым пакоі ёсць усё неабходнае для прывядзення ў належны выгляд сваёй знешнасці і адзення.

– Падобныя экскурсіі дысцыплінуюць школьнікаў, – лічыць старшыня ЛунінецкаГанцавіцкай структуры ДТСААФ Барыс Гнедзька. – Сёння падлеткі змаглі адчуць, што такое армія. Думаю, што ім гэта пойдзе на карысць. Многія падчас экскурсіі прызналіся, што з задавальненнем адправяцца служыць. Для мяне пачутае стала вялікай нечаканасцю.

Калі салдаты расказалі пра службу, жыццё ў казарме, пад’ёмах і праверках, з натоўпу пачулася пытанне: «Няўжо ўсё так строга і рэжымна?» У вайскоўцаў яно выклікала толькі ўсмешку: цяжка спачатку было тым, хто дома не займаўся спортам, а цяпер – прывыклі.

Затым падлеткам прадэманстравалі зборку і разборку аўтамата АК-74 і дазволілі зрабіць яе самастойна. 10-класнік СШ №1 Ягор Зайцаў упершыню ў жыцці патрымаў у руках баявую зброю. Зразумеў, што службы не трэба баяцца. А таму, як сапраўдны мужчына, калі прыйдзе час – абавязкова адзене салдацкую форму. У ходзе экскурсіі наведалі таксама трэнажорную залу і пабывалі ў салдацкай сталовай.

У мяне ж экскурсія выклікала свае ўражанні. Успомніліся расказы бацькі пра службу. Тады ўхіляцца ад арміі было не прынята. Не служылі толькі тыя, каму не дазваляла здароўе. Цяпер ці то менталітэт у людзей памяняўся, ці то жыццё стала іншым, але некаторыя юнакі імкнуцца пазбегнуць “жыцця па статуце”. Будзем спадзявацца, што пасля такога візіту ўяўленні падлеткаў сапраўды зменяцца, а хтосьці, магчыма, на самай справе вырашыць звязаць свой лёс з арміяй.

 

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть