Школьный дневник

ЛЕТА – ЧАС АДКРЫЦЦЯЎ

Як правесці летнія канікулы цікава і карысна? Вернымі дарадчыкамі дзяцей і іх бацькоў выступаюць педагагічныя ўстановы, якія пачалі аздараўленчую кампанію з работы лагераў дзённага знаходжання. Не стала выключэннем Вулькаская-1 яслі-сад-СШ.
Тое, што педагогі тут багатыя на творчую выдумку, – бачна адразу. Рознацвецце клумбаў, каларастычная упрыгожанасць гульнявых пляцовак і атрадаў адразу ставарюць добры настрой. З парога пачула вясёлую гаману. Дзетвара з захапленнем разглядвала адзін аднаго, не адразу распазнаючы сябра пад рознакаляровым аква-грымам. Матылькі, коцікі, сабачкі, чалавекі-павукі – каго тут толькі не было! Прайсці міма такога каларыту не змагла, таму адразу зрабіла фотаздымак.
– Ой, Віка, цябе фатаграфуюць!
Гераіня адразу засаромелася і адвярнулася.
– Так, хто хоча на старонку газеты? – вырашыла браць ініцыятыву ў свае рукі старшы выхавальнік Марыя Каленковіч, падмігнуўшы мне.
– Газеты? Вы – журналіст? – пачула адразу некалькі недаверлівых галасоў.
Спрытнейшыя ўжо стаялі напагатове. Пасля некалькіх хвілін няўпэўненасці, хлопчыкі і дзяўчынкі пазіравалі не горш за зорак на чырвонай дарожцы.
З усмешкай сустрэла дырэктар лагера, настаўніца малодшых класаў Ніна Чымбур:
– Сёлета 37 школьнікаў наведваюць два атрады: аздараўленчы – “Вясёлы экспрэс” і спартыўна-аздараўленчы – “Лятучы галандзец”. Лагер дае дзіцяці пэўны пералік забаў, магчымасць праявіць сябе ў конкурсах, эстафетах, выпрабаваннях і прыгодах, параўнаць свае поспехі з дасягненнямі аднагодкаў. А бацькам – гарантыю таго, што іх сыночкі ці дачушкі накормленыя, за імі прыглядаюць і яны не блукаюць па вуліцы без справы. Ды і кошт пуцёўкі па кішэні: у сярэднім – 25 рублёў, астатняя сума – датацыя дзяржавы.
Невялікую экскурсію па летніку правялі хлопчыкі і дзяўчынкі “Лятучага галандца”.
– Кожны ранак у нас зарадка, знаёмімся з планам на дзень. Потым снедаем і адпраўляемся на мерапрыемствы. Больш падабаюцца тыя, калі можна паспаборнічаць у спрыце, лоўкасці ці творчасці. А ўжо, на гульнявой зоне, размешчанай у холе, бавім час калі надвор’е на вуліцы дрэннае. Пасля абеду малышы ідуць спаць.
– А вы не малыя? – пытаюся.
– Не, мы не спім, таму што нам ужо 11 год. Рыхтуемся да мерапрыемстваў, рэпітыруем альбо проста гуляем ці малюем.
– Засталося ўсяго толькі тры дзянькі. Так хутка лагер закончыўся, – з крыўдай у голасе дзеліцца Карына Русакевіч. – Трэба як след падрыхтавацца да святочнага закрыцця. Наш атрад нацэлены на перамогу ва ўсіх намінацыях.
Да варот праводзілі ўсім гуртам. Мой новы сябар Улад Місілевіч на развітанне дадаў:
– Заязджайце яшчэ. Мы тут да 24 чэрвеня будзем. І за нас не хвалюйцеся, час тут не марнуем. Шмат спартыўных мерапрыемстваў, гульняў. Кормяць смачненька. Жыві і радуйся! Вось толькі, каб яшчэ не сон… Але нічога не зробіш, рэжым.
Лета – час адкрыццяў. Маленькія вулькаўчане гэта дакладна ведаюць, таму з цікавасцю адкрываюць для сябе свет дзяцінства, усмешак і сяброўства.


  

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть