Школьный дневник

Мова сонца з Юрыем Жыгамонтам

zhigomont-yurij

Восенню мінулага года ў Беларусі пачаўся сацыяльны праект «Чытаем па-беларуску з velcom”. Стартавай пляцоўкай сталі сталічныя школы. Зараз асветніцкая ініцыятыва выйшла ў рэгіёны. Лунінец таксама апынуўся ў спісе гарадоў, дзе ў рамках праекта былі запланаваны заняткі са школьнікамі.

Галоўная задача гэтай асветніцкай працы – падтрымаць і развіць цікавасць да беларускай мовы і літаратуры ў малодшых школьнікаў. Настаўнікі праекта –  вядомыя пісьмен-нікі, артысты і тэлевядучыя.
Знаёміў маленькіх лунінчан з многімі фактамі з жыцця беларускіх пісьменнікаў і адкрываў таямніцы роднай мовы Юрый ЖЫГАМОНТ, вядучы тэлепраграмы “Падарожжа дылетанта”. Ён займальна распавядаў школьнікам аб паходжанні розных слоў, чытаў вершы класікаў беларускай літаратуры, спяваў абрадавыя песні.

Хлопчыкі і дзяўчынкі з вялікай цікавасцю слухалі і самі бралі актыўны ўдзел у гутарцы. У такой разняволенай абстаноўцы з вясёлымі жартамі і пацешнымі гульнямі прайшоў увесь урок.

Карэспандэнту “Лунінецкіх навін” выдалася магчымасць пагутарыць некалькі хвілін з тэлевядучым.

– Юрый Уладзіміравіч,чаму вы сталі “настаўнікам” акцыі?

– Я – беларус! І гэтымі сустрэчамі імкнуся данесці да дзяцей усю прыгажосць беларускай мовы, распавесці пра тое, як важна ведаць сваю гісторыю і памятаць свае карані. Таму вельмі знакава, што ў гэтым навучальным годзе праект пачаўся менавіта з Брэсцкай вобласці, дзе шмат месцаў з вялікай гісторыяй.

– Лічыце, што такія мерапрыемствы будуць мець плён?

– Мы ладзім падобныя акцыі дзеля таго, каб звярнуць увагу на родную мову і надаць ёй большы статус! На жаль, яе сталі забываць. І мы не маем права даць ёй знікнуць. Перш за ўсё гэта павінна ісці ад дзяржавы. У школах трэба, каб было не  ўрок-два ў тыдзень, а значна больш. Увогуле варта пераводзіць навучальныя ўстановы на беларускамоўнае выкладанне. Як толькі павялічыцца колькасць гадзін на вывучэнне мовы і гісторыі ў школах – вы ўбачыце, як людзі павернуцца да мовы.

– Чаму сустрэчы праводзяцца толькі з вучнямі пачатковых класаў?

– Яны – наша будучыня. Гэта тое зерне, якое неўзабаве ўзыдзе і дасць колас. Важна з маленства выхоўваць у іх беларусаў, якім будаваць нашу краіну. Па іх дасягненнях будуць пазнаваць, што яны – беларусы. Ім патрэбна данесці, што чалавек, які не ведае зямлі, па якой ён ходзіць, – без каранёў. Так наўрад ці можна да канца зразумець, хто ён ёсць. Скажу болей – чалавек, які не паважае сваю зямлю, не паважае культуру, не паважае родную мову, рана ці позна прыйдзе да таго, што зямля адплаціць яму тым жа.

– А малыя вас разумеюць?

– Яны прыслухоўваюцца да кожнага слова, імкнуцца адказваць. У іх быццам гаворыць дух продкаў.

– Часта ад сённяшніх школьнікаў, студэнтаў можна пачуць: “Зачем мне этот белорусский? У нас в стране два государственных языка!”

– І гэта трагедыя нашага народа! Мы – беларусы і родная мова – беларуская! Нам падарыла яе зямля. Прыгажосць ёсць у розных культурах. Але ці бачылі вы, напрыклад француза, які размаўляе не на роднай мове, ці англічаніна, якога прымушаюць размаўляць па-англійску? Смешна, згадзіцеся! Да беларускай мовы трэба дарасці. Яе веданне – гэта высокі ўзровень, які дазволіць вам яшчэ больш паважаць сябе. Сёння наша нацыянальная мова перайшла ў іншы свет. Яна стала мовай інтэлігенцыі.

– Ці ёсць якія-небудзь адрозненні лунінецкіх дзяцей ад іншых?

– Скажу так, складанасці з беларускай мовай ёсць ва ўсіх беларускіх дзяцей. І гэта зразумела. Рускую яны чуюць паўсюль: ад родных, на вуліцы, з тэлебачання. І зноў жа на гэта варта звярнуць сваю ўвагу дзяржаве. А яшчэ важна, каб у сям’і гутарылі з дзецьмі на роднай мове.

– Што могуць знайсці ў мове і нашай культуры тыя, хто іх сёння адмаўляе?

– Вялікае шчасце ведаць і бачыць тысячагадовае мінулае свайго народа, свае карані, ганарыцца імі. Усе ведаюць гісторыю і мовы іншых краін, але не адкажуць, хто такія князь Вітаўт, Гедымін, каралева Бона… Нельга ўсё жыццё абмяжоўвацца падарожжам у суседнія краіны, калі сваёй не імкнешся спазнаць! Лёс дзяржавы – гэта не лёс аднаго чалавека. Знікне мова – знікне душа народа, знікне нацыя і яе гісторыя, і, у рэшце рэшт, ты сам знікнеш назаўсёды.

Беларуская мова павінна гучаць паўсюль. Сярод сённяшняга пакалення заста-ліся тыя, хто захаваў у сабе агонь і любоў да роднай мовы. Мы, «настаўнікі» праекта, у тым ліку. І вось цяпер дзелімся гэтым агнём з іншымі. Раней ці пазней гэтага агню стане столькі, што святло пераможа цемру. Я веру ў гэта!



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть