Школьный дневник

Навуку за плячамі не носяць

Аднойчы ў школе настаўніца ўшчувала аднаго са знаёмых за нежаданне вучыцца.

“А навошта?” – юнак сапраўды слаба разумеў, што ў жыцці яму ўсё гэта спатрэбіцца.
“А як жа ты, будучы ў арміі, напішаш ліст сваёй каханай? Як прачытаеш шыльды, калі паедзеш у незнаёмы горад?”
Хлопец паціскаў плячыма, утаропіўшы позірк на падлогу, і маўчаў. Мінуў час. Сустракаючыся з ім на вуліцы, часам у душы жыве шкадаванне. Ён стварыў сям’ю, нарадзіліся дзеці, і яму бывае так сорамна перад роднымі за сваю неадукаванасць. Асабліва давялося чырванець на бацькоўскім схо-дзе, калі сынава настаўніца раздала чыстыя анкеты, а дарослы мужчына не мог напісаць у іх самае элементарнае. І хлапчук потым вельмі крыўдзіўся, калі аднакласнікі кпілі з яго: “Твой тата не ўмее пісаць”. Не менш непрыемная сітуацыя адбылася з дачкой, калі тая тэрмінова паехала з дому і пакінула на стале запіску з просьбай аб дапамозе. Бацька глядзеў на радкі і не разумеў, што ад яго патрабуецца, бо не ўмеў чытаць. Толькі цудам тады сям’я пазбегла бяды, але ў дзяўчыны застаўся горкі асадак ад татавай непісьменнасці. Часта такой заганы саромелася і жонка, імкнучыся скрыць мужаў недахоп ад знаёмых, а пры сварцы часам магла і сама паўшчуваць яго.
Нельга сказаць, што чалавек быў не здольны да навукі. Змог добра зарэкамендаваць сябе ў рабочай прафесіі, мае падзякі ад кіраўніцтва. І каб у падлеткавым узросце ў яго было крышачку больш стараннасці, родным бы не давялося чырванець. Ды і сам ён цяпер зразумеў, што пазбаўлены магчымасці даведацца столькі новага са свежых газет і цікавых кніжак.
Гэта гісторыя згадалася зараз, калі пачаўся новы навучальны год, і не ўсе юнакі і дзяўчаты пераступілі школьны парог з радасцю і жаданнем авалодаць неабходнымі ведамі.
Усе мы былі маленькімі і хацелі, каб летнія канікулы не заканчваліся ніколі. Але ці варта заўсёды аддавацца толькі задавальненням, а не імкнуцца спасцігнуць неабходнае, дзякуючы чаму мы заўсёды будзем адчуваць сябе ўпэўнена. Пішучы паведамленне сябрам, не будзем чырванець за граматычныя памылкі, у размове лягчэй знойдзем патрэбныя словы, каб пра-вільна выказаць свае думкі.
Ды і матэматыкай грэбаваць не варта, бо ў жыцці часта здараюцца сітуацыі, калі пад рукой няма калькулятара, а падлік трэба зрабіць тэрмінова. Даволі часта сутыкаемся з геаграфіяй, калі накіроўваемся на экскурсію ці ў падарожжа. Біялогія спатрэбіцца кожнаму, каб лепш разабрацца ў сабе, у будове жывога арганізма. Каб зразумець, чаму працуе электрычнасць, бліскае маланка і яблык падае на зямлю, адкрыем падручнік фізікі. З чаго складаецца кропелька вады нам раскажа настаўнік хіміі. А без гісторыі наогул немагчыма зразумець лад жыцця ўсяго чалавецтва. Асабліва цікава зазірнуць у мінулае родных мясцін і свайго народа.
Вельмі цяжка давядзецца ў іншай краіне, не ведаючы замежную мову. Часам атрымаць давер можна толькі ад шчырай гутаркі ці ад чарадзейнага слова “калі ласка”, сказанага проста і зразумела.
У маленстве мы ўсе чамусьці думалі, што нашы адзнакі ў школьным журнале патрэбны толькі настаўнікам. Імкнуліся перахітрыць іх – падгледзець патрэбны матэрыял ці спісаць у суседа па парце. Але з гадамі давялося зразумець, што нашы “тройкі” і “дзясяткі” патрэбны толькі нам самім. І нават не зусім яны, а тыя веды, за якія нам пасля заканчэння школы адзнаку ставіць само жыццё.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть