Школьный дневник

Падарожжа ў казку: першавераснёўская лінейка ў Вульцы 2

Так трошкі трывіяльна, але вельмі шчыра, вызначыла для сябе ўражанне ад удзелу ў першавераснёўскай лінейцы ў Вулькаўскай 2 СШ.

Пабудаваная па лініі чарнобыльскага фінансавання школа за 5 год свайго існавання, здавалася, яшчэ больш папрыгажэла, набыла новыя рысы ўпэўненасці і дыхтоўнасці. На прышкольным двары набралі моцы дрэўцы, яркімі плямамі палымнеюць з густам аформленыя клумбы. У абжытых класах з сучасным начыннем сапраўднымі гаспадарамі адчуваюць сябе вучні. Вось толькі колькасць іх год ад года змяншаецца: сёлета за парты ў школе, разлічанай на 160 месцаў, селі 139 хлопчыкаў і дзяўчынак.

Усе яны раніцай 1 верасня сабраліся на святочную лінейку. Разам дружна віталі 12 першакласнікаў і 11 – будучых выпускнікоў. Уважліва слухалі наказы на дарогу з вуснаў дырэктара школы Аляксандра Шмата, настаўнікаў, бацькоў і вашай пакорлівай слугі.

Прыемным сюрпрызам для землякоў стаў прыезд начальніка раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Андрэя Лукашэвіча. У сённяшнім кіраўніку праваахоўнага падраздзялення цяжка ўбачыць рысы сарамлівага хлапчука-першакласніка. Між тым, роўна 35 год таму ён пераступіў парог Вулькаўскай 2 школы. Праўда, была яна зусім іншай – аднапавярховай, з цемнаватымі ка-лідорамі, вузкімі вокнамі і класамі, дзе з цяжкасцю месціліся ў сярэднім па тры дзясяткі вучняў…

Найбольш пакутавалі вясковыя гарэзы: у школе не было годнай спартыўнай залы. Да самых халадоў урокі фізічнай культуры праводзіліся на свежым паветры. Сённяшнія ўмовы для дзяцей у новай школе Андрэй Аляксандравіч назваў шыкоўнымі. Асабліва адзначыў заўзяты прыхільнік здаровага ладу жыцця прасторную спартыўную залу. А для таго, каб дзеткі менш часу бавілі за камп’ютарамі, перадалі ў падарунак набор спартыўных прыналежнасцей.

Пасля лінейкі перша-клашкі і іх бацькі ўладкаваліся на прыступках школы для традыцыйнага здымка на памяць.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть