Школьный дневник

Плён непрадметнай алімпіяды

алимпиадаТак можна назваць творчае спаборніцтва школьнікаў па краязнаўству, якое ў суботу адбылося на базе СШ №3 г. Лунінца.

У раённай алімпіядзе камандам дадаткова налічваліся балы за паспяховыя вынікі завочнага туру. Адзін з конкурсаў праводзіўся сярод музеяў устаноў адукацыі. Юныя экскурсаводы Багданаўскай СШ адзначаны Дыпломам І ступені, Мікашэвіцкай гімназіі і Вялуцкай СШ – ІІ. Апошнія сталі “сярэбранымі” лаўрэатамі і ў вобласці. Такой жа вартасці раённую ўзнагароду ў конкурсе “Дакументальны сведка вайны” атрымалі вучні Палескай СШ. Фіналістамі рэспубліканскага конкурсу-фестывалю “Мясціны майго дзяцінства” сталі пераможцы раённага і абласнога этапаў вучні Дзятлавіцкай СШ, якія заахвочаны адпачынкам ў прэстыжным дзіцячым цэнтры “Зубраня”.

Тэмай практычнай часткі алімпіяды было “Завочнае падарожжа па краязнаўчым маршруце “Гераічная абарона Брэсцкай крэпасці”. Яна складалася з пісьмовага апісання архітэктурнага аб’екта на тэрыторыі музейнага комплекса і 5-ці пытанняў, на якія, пасля папярэдняй паўгадзіннай падрыхтоўкі, адказвалі вусна.

Цяпер дакладна ведаю: пры чарговым наведванні цытадэлі над Бугам хацела б, каб экскурсію праводзіў Андрэй Савіч. 11-класнік Багданаўскай СШ на чысцейшай беларускай мове (дарэчы, адзіны з 16-ці каманд!) упэўнена, цікава і прыцягальна паведаміў аб гісторыі будаўніцтва фортаў, казематаў і мастоў; падзеях Першай і Другой сусветных войнаў, што выпалі на лёс Брэста; прыкладах сапраўднага патрыятызму, якімі абаронцы крэпасці дагэтуль уражваюць свет.

Такую ж дакладнасць і гатоўнасць падзяліцца сваёй інфармацыяй пры адказах прадэманстравалі краязнаўцы Мікашэвіцкай гімназіі і Вялуцкай СШ. Пяцёрку лідараў практычнай часткі алімпіяды замкнулі каманды Палескай СШ і мікашэвіцкай СШ №2.

Карэктывы ўнес тэарэтычны тур – краязнаўчае тэсціраванне па пытаннях, што адлюстроўваюць гераічныя старонкі баявой спадчыны Беларусі і Брэстчыны. Найбольшую колькасць балаў тут набралі адказы вучняў Палескай СШ, роўную – мікашэвіцкіх СШ №2 і Дварэцкай СШ, затым – Вялуцкай і Лунінскай СШ.

У агульным выніку першае месца заняла каманда Палескай СШ, другое – Вялуцкай СШ, трэцяе – мікашэвіцкіх СШ №2 і гімназіі, чацвёртае – Багданаўскай і Лунінскай СШ, пятае – СШ №3 г. Лунінца.

Відавочна, ніводнае спаборніцтва не абыходзіцца без спрэчных момантаў. Не пазбаўлена была заўваг і алімпіяда па краязнаўству. Трэба ўлічыць, што праводзіцца яна не кожны год, значыць, назапашванню пэўнага вопыту будзе спрыяць і сёлетняя. Раённы цэнтр турызму, які з гэтага навучальнага года ўзначаліў Васіль Уладзіміравіч Шэляговіч, запрасіў у журы вядомых сваёй захопленасцю педагогаў-краязнаўцаў. Алена Міхайлаўна Нямчэня (гімназія), Алена Уладзіміраўна Говар (Сінкевіцкая СШ), Ганна Трафімаўна Кляўцэвіч (СШ в. Вулька 1) і іншыя прыцягваюць сучасную моладзь да даследаванняў таямніц даўніны. Упэўнена, для амаль 50-ці вучняў, якія прынялі ўдзел у алімпіядзе, слова патрыятызм набыло вельмі канкрэтнае гучанне. Гэта ж падкрэсліла і метадыст цэнтра турызму Людміла Васільеўна Карповіч:

– Зразумела, жадаем пераможцам годна прадставіць раён на абласной алімпіядзе, дзе трэба будзе адказаць на 10 пытанняў і правесці экскурсію па аднаму з вызначаных аб’ектаў. Але прайграўшых у алімпіядзе не бывае. Удзельнікі пашырылі і паглыбілі інтэлектуальныя і пазнавальныя магчымасці, актывізавалі сваю творчую ініцыятыву, далучыліся да вывучэння інфармацыі, неабходнай кожнаму грамадзяніну краіны.

 

 

 

 

 



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть