Школьный дневник

Развіваць здольнасці малышоў

image-1

Развіваць здольнасці малышоў закліканы калектыў Цэнтра дзіцячай творчасці ў Лунінцы. У атмасферы радасці і добразычлівасці тут прайшоў “Дзень адкрытых дзвярэй” з удзелам шматлікіх юных і дарослых землякоў.

Увагу саміх хлопчыкаў і дзяўчынак, іх бацькоў прыцягнулі выставы работ, “Сувенірная лаўка” і “Арка творчасці”. Свае лепшыя канцэртныя нумары падрыхтавалі для гледачоў вакальныя і танцавальныя калектывы “Залатое птушаня”, “Мірыданс”, “Васількі”, “Фолькмадэрн”, “Божыя кароўкі”, а таксама асобныя выканаўцы Арсеній Маркавічэнка, Аляксандра Муравейка, Яўгенія Бугакава, Ліана Яраховіч, Кірыл Емельяновіч.

З прывітальным словам выступіла дырэктар ЦДТ Іна Шчупак, якая пажадала дзеткам нязгаснай прагі да новых ведаў, выдатных ацэнак і пакарэння новых вяршынь творчасці. А яшчэ Іна Іванаўна выканала прыемную місію па ўзнагароджванню калег за работу, якую яны правялі летам і ў вельмі сціслыя тэрміны. Граматы ад раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму, ЦДТ атрымалі педагогі Кацярына Самчук, Ілона Ліцкевіч, Галіна Гімбатава, Святлана Галка, Наталля Арканнікава, тэхработнікі Ніна Вайтовіч і Аляксей Быстры. Не менш радасці чулася ў голасе загадчыцы аддзела па асноўнай дзейнасці Вольгі Шохан, якая ўрачыста прадставіла выхаванцаў другога года навучання. Многія выступленні чаргаваліся з гульнямі-крычалкамі, удала праведзенымі вядучай Святланай Філонік. Праз мудрагелістыя пытанні, дасціпныя жарты і кемлівасць Святлана Леанідаўна выяўляла самых кемлівых і знаходлівых дзяцей.

– У цяперашні час мы працягваем набор жадаючых у групы, якія дзейнічаюць на платнай аснове, – расказала дырэктар ЦДТ Іна Шчупак. – Запіс ажыццяўляецца ў аб’яднанні па інтарэсах “Чароўны пэндзлік” і “Танцавальны” (дзеткі 5-6 год), “Вакальны” (6-7 і 8-9), “Фом-фларыстыка” (13-16), “Умелыя ручкі” (7-12), “Беларуская кераміка” (з 6 год). Заняткі звычайна праходзяць два разы на тыдзень, кошт аднаго складае 1 рубель 88 капеек. Таму заклікаем усіх, хто хоча развіваць свае здольнасці дэкаратыўна-прыкладнога і мастацкага накірункаў, прыходзіць да нас! Будзем сябраваць!

image

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть