Шчаслівы свет рускай грамадзянкі Беларусі
Школьный дневник

Шчаслівы свет рускай грамадзянкі Беларусі

IMG_2688-1Так называе сябе настаўніца вышэйшай катэгорыі Любоў ПАРЫВАЙ, якая выкладае ў пачатковых класах СШ №3 г. Лунінца.

Для народжаных у СССР радзіма — дагэтуль тая вялікая крата, адлегласці якой успрымаюцца ўмоўна. Бацькi працавалi на Далёкiм Усходзе, дзе яна i паявiлася на свет. Потым пераехалi ў Сібір да сваякоў (у час рэпрэсіі радня мамы асталявалася там не па сваёй волі) — гэта месца школьнага дзяцiнства. Потым бацькі вярнулiся ў родныя мясцiны Курганскай вобласцi, дзе iх дачка закончыла Шадрынскi педагагiчны iнстытут. Далей з мужам-афіцэрам служыла за мяжой. Калi яго накiравалi ў наш горад, сваю мару — вучыць дзяцей — Любоў Сямёнаўна на практыцы ажыццяўляе з 1993-га.

— Чаму менавіта пачаткоўцы? — паўтарае маё пытанне настаўніца. — Лёсам наканавана. У свой час на “выдатна” закончыла падрыхтоўчыя філалагiчныя курсы для паступлення ў Цюменскі ўнiверсiтэт. Мела час для разваг — i ў выніку стала студэнткай факультэта пачатковых класаў. Hi разу не пашкадавала аб сваiм выбары! Мае вучні — шчырыя i адкрытыя, гавораць тое, што думаюць, не ўмеюць падманваць i крывiць душой. Сваю задачу бачу ў тым, каб дзеці як мага надалей захавалi ў характары гэтыя рысы, што i дазваляюць называцца чалавекам…

Творчая натура, яна iмкнецца абудзіць у вучнях iскрынку мастацкiх здольнасцей. Разам рыхтуюць тэатралiзаваныя пастаноўкі i канцэртныя праграмы. Удзельнічаючы ў агульнашкольных творчых спаборніцтвах, часта дасягаюць поспеху. Чарговая ўзнагарода 1 “А” класа, што заняла годнае месца на стэндзе “Куток вучня”, — дыплом за другое месца ў конкурсе “Алё, мы шукаем таленты”.

— Усведамляю: школа ў стане толькi крыху скарэкцiраваць тую аснову, якая закладваецца ў сям’i, — адзначае настаўніца, — але раблю усё, што магу, каб выхаваць свaix вучняў добрымі, чулымі, міласэрнымі. Гэта — складаная задача, тым больш, што не кожная сям’я падзяляе накіраванасць на захаванне спрадвечных маральных каштоўнасцей. Але Любоў Сямёнаўна застаецца аддадзенай тым запаветам, якiя атрымала ад сваіх педагогау i якiя карыстаюцца павагай у маладога пакалення калег. У раённым конкурсе “Настаўнік года-2011” яна стала пераможцай у намінацыі “Традыцыі i сучаснасць”. Сейбiт “разумнага, добрага, вечнага” верыць у сваiх выпускнiкоў. У iх розныя лёсы, але iмкнуцца не падводзiць першую настаўніцу. Ужо чатыры разы Любоў Сямёнаўна праводзіць выпускныя балi для сваiх малышоў. Для цяперашняга, пятага, падрыхтавала сюрпрыз да 1-га верасня.

Дарэчы, гэта нагода i прадвызначыла нашу сустрэчу. У канцы лета сяброўка паскардзiлася, што сын не хоча ісці ў школу. Прычына падалася жартоўнай. Хлопчык назірае за суседкай — пажылой настаўніцай — i ледзь не плача:

— Марыя Iванаўна як пачала хадзiць у школу, так i дагэтуль ходзiць. Што ж, i мне усё жыццё прападаць у школе?..

А другая сяброўка паведаміла, што яе сын не дачакаецца, калi ж прагучыць першы званок. Справа у тым, што у сярэдзiне жнiўня на яго iмя прыйшоў “Лiст першакласнiку” з такiмi словамi:

“Добры дзень, дарагi Ванечка! Піша табе твая першая настаўніца Любоў Сямёнаўна. Хутка ты прыйдзеш у школу ў першы клас. Вiншую цябе! Ты стаў дарослым. Я цябе вельмi чакаю. Спадзяюся, што мы з табой пасябруем, што ты з задавальненнем будзеш наведваць урокi i добра вучыцца. Ты навучышся чытаць, пiсаць, лiчыць, навучышся сябраваць i жыць па правiлах нашага агульнага школьнага дома. Ты пазнаёмішся з іншымі дзецьмі, i вы станеце сапраўднымi сябрамі. А я буду кожную ранцу чакаць цябе ў класе, рада буду бачыць твае вясёлыя вочкi і чуць твой звонкі галасок на ўроках. Да сустрэчы!”.

Шчаслівая мама гаварыла, што з гэтым лістом сын наведаў усіх родных i знаёмых, што так ганарыцца ўпершыню дасланым менавіта яму канвертам, што лічыць дні, якія засталiся да пачатку заняткаў у школе. Зацiкавiла, што першакласнікаў — сотні, а ліст атрымалi толькі 29 будучых вучняў Любові Сямёнаўны.

— Што тут дзіўнага? — усмiхнулася яна. — Кажуць, век жыві — век вучыся. Iнтэрнэт можа падказаць шмат ідэй. Гэта запрашэнне — з вопыту расiйскiх настаўнкаў. Калi мае лунiнецкiя калегi не выкарысталі яго, значыць, прыдумалi сваю “разыначку” на 1-ае верасня. Калi ва ўсіх усё будзе аднолькава, гэта страцiць сваю прыцягальнасць. Сапраўдныя педагогi iмкнуцца ствараць святы вучням. I не толькі ў Дзень ведаў.

Такiм жа шчырым быў адказ Любові Сямёнаўны на пытанне аб адносінах з беларускай мовай. Па-першае, сказала яна, гэта — не тайская, каб баяцца перашкод у авалодванні. Настаўнiца прызнаецца, што слоўнікавы запас недастаткова багаты, але самастойна робіць пераклады раней невядомых выказванняў, якія прыцягнулі ўвагу, хаця яны i не датычаць урокаў.

Дачка мела педагагічныя схiльнасцi, але, жартуе Любоў Сямёнаўна, вырашылi, што для сям’і дастаткова адной настаунiцы. Працуе бiёлагам-бiятэхнолагам на малочным заводзе. Як i мама, любіць чытаць. Сама ж педагог у вольны час па-ранейшаму ахвотна звяртаецца да Чэхава, а расказы Зошчанкi лічыць лепшымi лекамi ад стомленасці. Любоў Сямёнаўна зноў усмiхаецца:

— Ранiцай з задавальненнем іду на работу, а пасля ўрокаў з задавальненнем вяртаюся дамоў. Таму дачка называе мяне абсалютна шчаслiвым чалавекам. I гэта сапрауды так.

Таццяна КАНАПАЦКАЯ



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть