Школьный дневник

Трымаем алімпіядныя пазіцыі

олимпиада школьниковЗ 65-ці навучэнцаў Лунінеччыны, якія ўдзельнічалі ў трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, 25 — вярнуліся з перамогай. Кожны трэці прывёз у скарбонку дасягненняў сваёй установы адукацыі дыплом абласнога ўзроўню. Тым самым, наша каманда пацвердзіла статус лепшых сярод сельскіх раёнаў на Брэстчыне!

Найбольшую колькасць узнагарод заваявалі гімназісты: з Лунінца — 11, з Мікашэвіч — 7. Калі першым яшчэ ёсць да чаго імкнуцца (у 2012-ым ліцэісты атрымалі 14 дыпломаў), то іх равеснікам з маладога горада ўдалося палепшыць мінулагодні паказчык. Вучні лунінецкай СШ №2 пацвердзілі колькасць дасягненняў па інфарматыцы, палепшыўшы іх якасць: з трох дыпломаў III ступені да аднаго — I (Андрэй Некрашэвіч, 8 клас) і двух — II ступені (9-класнік Кірыл Гулін і 10-класнік Максім Мелехавец). Гэтыя юнакі будуць удзельнічаць у заключным этапе алімпіяды. На поспех сваіх выхаванцаў спадзяецца настаўнік Iван Альфрэдавіч Трэгубаў, імя якога ўжо гучала на падобных інтэлектуальных спаборніцтвах.

Падтрымліваюць традыцыі пераможцаў і вучні Уладзіміра Уладзіміравіча Зылевіча. Дыпломы II ступені па фізіцы і астраноміі прывезлі мікашэвіцкія гімназісты. 10-класнік Данііл Гарбарчук другі год запар атрымаў адзнаку вышэйшай вартасці па біялогіі. Аналагічную ўзнагароду па матэматыцы заваяваў вучань 9 класа той жа ўстановы адукацыі Данііл Шкурскі. Гэтыя два юнакі таксама будуць абараняць гонар Лунінеччыны на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды. Дарэчы, такія планы ёсць у 11-класніка гімназіі з Лунінца Аляксандра Мікуліча. Ён — уладальнік адразу трох дыпломаў па дакладных навуках раённага маштабу, а абласнога — II ступені па матэматыцы. Там жа вучацца Вольта Жук і Надзея Садзько. У дзяўчат ёсць усе шанцы паказаць свае веды па хіміі і беларускай мове, аб чым сведчаць іх дыпломы II ступені.

Адказны час зараз у вышэй названых педагогаў, а таксама Алены Аляксандраўны Алексюк, Раісыі Уладзіміраўны Сінькевіч, Алены Мікалаеўны Емельяновіч, Таццяны Васільеўны Казловай, Валянціны Канстанцінаўны Казун, хто падрыхтуе выхаванцаў да наступных інтэлектуальных спаборніцтваў.

Радуе той факт, што кожны год у склад пераможцаў абласнога этапа ўваходзяць вучні вясковых школ. Сёлета заявілі аб сабе прадстаўнікі Краснавольскай яслі-сад-СШ і Дзятлавіцкай СШ. Увогуле, высокія вынікі дасягнуты, дзякуючы сур’ёзнай, карпатлівай рабоце ў рэсурсных цэнтрах, створаных на базе гімназій раёна, дзе правядзенне заняткаў не абмяжоўваецца кабінетамі гэтых устаноў: арганізоўваюцца паездкі на кафедры ВНУ, прыцягваюцца да супрацоўніцтва іх выкладчыкі. Чакаем удзельнікаў заключнага этапа рэспубліканскай алімпіяды на чарговым Парадзе зорак з новыімі перамогамі!

Галіна ЦЯЛЬПУК,
загадчыца сектара дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі
аддзела адукацыі, спорту і турызму



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть