У ліцэі – перазагрузка
Прыкладна так мовай інфармацыйных тэхналогій можна ахарактарызаваць падзеі, якія сёння адбываюцца ў агульнаадукацыйным ліцэі г. Лунінца. Справа ў тым, што, згодна з рашэннем раённага выканаўчага камітэта №408 ад 27.03.2014 г., ліцэй будзе пераўтвораны ў гімназію і з 1 верасня 2014 года пачне адлік сваёй гісторыі ў новым статусе. Чым выклікана такое рашэнне? Што нясе новаўвядзенне юным талентам Лунінеччыны? Ці адпавядае яно веянням часу? На гэтыя і іншыя пытанні папрасілі адказаць дырэктара навучальнай установы Аляксандра ГРУШЭЎСКАГА.
– Прынятае рашэнне вельмі своечасовае. І мы ўдзячны раённым уладам, што яны прыслухаліся да нашых прапаноў і падтрымалі іх. Не першы год тут працую, прыйшоў сюды, калі найбольш здольных вучняў набіралі пасля 7-га класа. Дарэчы, той час можна назваць для ліцэя “зорным”, бо менавіта ён адзначаны вялікай колькасцю слынных перамог. Потым пачалі браць дзяцей у 9 клас, апошнім часам – у 10-ты. Навучальная ўстанова пачала нагадваць “педагагічны вакзал”, праз які дзеці ішлі транзітам. Яны не паспявалі адчуць сябе ліцэістамі, асэнсаваць гонар насіць гэтае званне. Педагогі сустракалі ў асобах новых выхаванцаў у большасці выпадкаў амаль дарослых людзей са сваім светапоглядам, наборам стэрэатыпаў паводзін, якія складана было іншы раз мяняць. Але галоўнае, іх цяжка было згуртаваць, зацікавіць пазакласнымі мерапрыемствамі. Асноўны занятак – падрыхтоўка да цэнтралізаванага тэсціравання, і гэтаму, па зразумелых прычынах, у юнакоў і дзяўчат падпарадкоўвалася ўсё. Не дзіўна, што і сама навучальная ўстанова з часам пачала губляць непаўторны дух творчасці і высокага палёту, уласцівы ўстановам такога кшталту. Вось мы і задума-ліся над тым, як стварыць педагагічную прастору, якая б садзейнічала развіццю ўсіх без выключэння талентаў навучэнцаў, дапамагла выхаваць адукаваную асобу, здольную свядома выбіраць прафесію, не спыняцца на шляху самаўдасканалення ў нашым вельмі інфарматызаваным грамадстве. Улічваючы ўсё гэта, становіцца зразумелым, што працаваць трэба пачынаць не з дзесяці-класнікамі, а намнога раней. Такія магчымасці дае гімназія, куды набіраць дзяцей плануецца з 5-га класа. Вядома, вельмі ўплывовым бокам з’яўляюцца бацькі. Менавіта таму мяркуем усю нашу работу ладзіць на прынцыпе зацікаўленасці – настаўнікаў, вучняў і бацькоў. Абавязкова будзем арыентаваць дзетвару на высокія паказчыкі ў алімпіядным руху і на навукова-практычных канферэнцыях. Вельмі спадзяемся, што ўдасца набраць таленавітых, матываваных да вучобы падлеткаў, якіх будзе дысцыплінаваць сам асяродак прэстыжнай навучальнай установы.
– Ні для каго не сакрэт, што апошнім часам у ліцэй з мэтай захавання педагагічнага калектыву, бралі практычна ўсіх вучняў, якія выказвалі жаданне сюды трапіць. З рэарганізацыяй сітуацыя памяняецца?
– Спадзяемся на гэта. Пры наборы будзе працаваць строгая экзаменацыйная камісія. Усе заданні, як і на выпускных экзаменах, будуць прапанаваны ў дзень іспытаў па тэлевізары. Мяркуем у кожнай паралелі мець па 2 класы. Гэта не 11, як зараз, а будзе 15. Таму канкурэнцыя будзе абавязкова. І няхай не трывожацца дырэктары гарадскіх школ наконт адтоку іх вучняў. Каласальнага адтоку не будзе, бо плануем больш актыўна задзейнічаць вясковыя школы. А потым… Лепш мы забяром дзетак з сярэдняга звяна, каб кіраўнікам навучальных устаноў было лягчэй планаваць сваю работу, і яны не апынулі-ся ў сітуацыі СШ №1 г. Лунінца, калі ў адзін з гадоў 50 працэнтаў дзесяцікласнікаў перайшлі ў ліцэй, і ў школе замест 4-ох засталіся два 11-ыя класы. І галоўнае, што мы, вобразна кажучы, развязваем ім рукі з профілямі. У нас застаюцца фізіка-матэматычны і хіміка-біялагічны накірункі ў 10-ых класах. У малодшых – таленты будзем развіваць на ўзроўні факультатываў. Калі ж удасца вырашыць праблему інавацыйнай пляцоўкі па мультыпрофілях (а я ўпэўнены, што так яно і будзе), то дзяленні па профілях здолеем пачаць у 8 і 9 класах. Ужо сёння пачынаем рэкламную кампанію, будзем выязджаць у школы, у тым ліку і вясковыя, тлумачыць перавагі гімназіі вучням і бацькам.
– У ліцэй выпускнікі часта ішлі, у тым ліку, і за добрымі ведамі па замежнай мове. Цяпер жа філалагічнага профілю няма…
– Хвалявацца няварта. Статус гімназіі прадугледжвае павялічаную колькасць навучальных гадзін па многіх прадметах. У тым ліку, і па замежнай мове. Калі ў звычайнай школе на гэтыя мэты адводзіцца 3 гадзіны ў тыдзень, то ў гімназіі – 5. Тое ж можна сказаць па хіміі, біялогіі, матэматыцы, фізіцы – гэтым прадметам у нас будзе ўдзяляцца прыкметна больш увагі, чым у школах. Што датычыць пераліку профіляў, то ён, вядома ж, можа мяняцца з улікам пажаданняў вучняў і іх бацькоў. Варта разумець, што пакуль ідзе працэс станаўлення, своеасаблівая перазагрузка навучальнай установы. Пераходны этап завершыцца, і ўсё стане на свае рэйкі.
– Не памылюся, калі скажу, што бацькоў несумненна будзе хваляваць якасны склад педагагічнага калектыву гімназіі, уменне настаўнікаў пераключыцца з работы са старшакласнікамі на сярэдняе звяно. Ці не плануеце, Аляксандр Аляксандравіч, дадаткова ўмацаваць калектыў маладымі кадрамі?
– Толькі часткова і кропачна. Ёсць дамоўленасць з некаторымі найбольш вопытнымі настаўнікамі са школ, якія згадзіліся перайсці на работу ў гімназію. Гэта выклікана тым, што ліцэй пакінулі дастаткова слынныя калегі-пенсіянеры, якія мелі непахісны аўтарытэт у вучняў – Ларыса Андрэеўна Ціханчук, Ніна Рыгораўна Лях… Мы вымушаны шукаць годную ім замену. Вельмі спадзяемся, што гэта атрымаецца. Астатнім настаўнікам давядзецца падстасоўвацца пад новыя ўмовы работы з малодшымі дзеткамі. Зараз яны актыўна над гэтым працуюць – знаёмяцца з праграмамі, набываюць вучэбна-метадычныя комплексы. Галоўнае ж, што нашы педагогі добра ведаюць свае прадметы, валодаюць сучаснымі методыкамі іх выкладання, умеюць знаходзіць патрэбнае рэчышча зносін з выхаванцамі. Гэта павінна даць добры плён.
– Ці будуць створаны належныя ўмовы для вучобы дзяцей, улічваючы іх рознаўзроставы склад?
– Мяркуецца, што ў гімназіі бу-дзе 15 класаў-камплектаў – каля 380 вучняў. Плошчы дазваляюць размясціць іх камфортна і зручна. Акрамя гэтага, адноўлена былое памяшканне майстэрні, пры неабходнасці зможам задзейнічаць інтэрнат, які знаходзіцца ў крокавай даступнасці. Усе санітарныя нормы і патрабаванні будуць захаваны. У тым ліку і ў плане харчавання дзетвары. На харчблоку – новае сучаснае абсталяванне, зручная мэбля ў сталоўцы. На гэтыя мэты летась выдаткавана 1 мільярд 300 мільёнаў рублёў бюджэтных сродкаў. У зале – 150 пасадачных месцаў, што дазваляе выбраць найбольш выгадны варыянт для арганізацыі харчавання гімназістаў. Вучняў чакаюць светлыя і ўтульныя кабінеты, спартыўная і актавыя залы, багатая бібліятэка.
– У мінулыя гады ў асобных пакоях навучальнага корпуса і інтэрната зімой было халаднавата…
– Гэтая праблема ўжо вырашана. Праведзена рэканструкцыя кацельні, адрамантаваны ацяпляльныя сеткі. Інтэрнат гатовы прыняць навасёлаў. У тым ліку і пяцікласнікаў. Думаю, праблем з гэтым не будзе. Выязджаюць жа нашы дзеткі на аздараўленне. Так і тут, з той толькі розніцай, што бацькі ў любы момант змогуць праведаць сваіх сыноў і дачок, забраць іх на выхадныя дадому. Прыкладна па такому ж прынцыпу працуе Навагрудская гімназія на Гродзеншчыне. Пабываў там і ўпэўніўся, што з вучнямі сярэдняга звяна прыкметна менш клопатаў, чым са старшакласнікамі.
– Ці будзе ў гімназістаў свая форма?
– Пакуль да гэтага пытання не падступаліся. Вырашылі абмежавацца патрабаваннямі да захоўвання дзелавога стылю. Хаця ў будучым абавязкова падумаем пра сваю форму і іншыя знакі адрознення.
– Калі пачынаюцца ўступныя іспыты ў гімназію?
– 3 і 7 чэрвеня пройдуць дыктанты па рускай і беларускай мовах, 5-га – кантрольная работа па матэматыцы для тых, хто ідзе ў 5-ты клас. 16 і 17 чэрвеня –па матэматыцы і хіміі, 19-га – па фізіцы і біялогіі будуць ладзіцца пісьмовыя экзамены для будучых гімназістаў-дзесяцікласнікаў. Пачатак іспытаў у 11 гадзін. У жніўні бу-дзем праводзіць набор у 6-9 класы. Для іх 15,18 і 20 жніўня ў 11 гадзін пачнуцца пісьмовыя экзамены па рускай мове, матэматыцы і беларускай мове.
– Плануеце ладзіць урачыстае адкрыццё гімназіі?
– Абавязкова. А пакуль запрашаем на Дзень адкрытых дзвярэй, які пройдзе 26 красавіка, пачатак – у 10 гадзін. Гасцей будуць сустракаць нашы выкладчыкі і вучні, якія пастараюцца прыгожа, даступна і пераканаўча расказаць аб перавагах вучобы ў элітных установах. І яшчэ. Хачу звярнуцца да былых настаўнікаў і выпускнікоў. Няхай не засмучае вас змена статуса ліцэя, вы былі і застаяцеся нашым гонарам, нашымі жаданымі гасцямі, для якіх заўсёды адкрыты дзверы ўстановы. Мы пастараемся, каб лепшыя ліцэйскія традыцыі, закладзеныя вамі, знайшлі годны працяг у новай гісторыі лунінецкай гімназіі.
Хорошее дело. Давно стоило его начать!