Школьный дневник

Вучыцца і расці разам з вучнямі

elena-lixtar

Калісьці дзяўчынкай Алена Ліхтар з Вялікіх Чучавіч гарэзліва бегала па школьных калідорах, а ў сачыненнях пра будучую прафесію пісала: «Хачу быць, як мая настаўніца…». Цяпер яе ў сценах роднай навучальнай установы называюць выключна Аленай Сяргееўнай. Маладая дзяўчына працуе першы год, выкладае нямецкую мову.

Прычына, па якой яна звязала жыццё з педагогікай, зусім не «дынастычная». Тата працуе ў ЖКГ, матуля – касірам у банку. Закончыўшы факультэт славянскіх і германскіх моў Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, воляй лёсу першыя крокі ў прафесію рабіла на малой радзіме.

– Увесь наш курс размеркавалі ў Мінскую вобласць. Мне прапанавалі месца ў Дзяржынску. Паўстала пытанне жылля. Здымаць нават маленькі пакой для маладога спецыяліста – цяжка. На сямейным савеце вырашылі даведацца аб вольных вакансіях у раёне. Аказалася, ёсць месца ў маёй роднай школе.
Такому ходу падзей Алена ўзрадавалася. Тым больш, што калектыў знаёмы з маленства. На маё пытанне, як гэта, не вучыцца, а вучыць у роднай школе, адказвае:

– Хвалявалася спачатку. Але ведаеце, мінусаў няма. За плячамі заўсёды надзейны тыл. І калі раптам мне патрабуецца парада – побач заўсёды мая настаўніца нямецкай мовы – Зінаіда Аляксандраўна Рацык. Вельмі ўдзячна ёй за дапамогу і падтрымку!

Алена Сяргееўна выкладае ў школьнікаў з трэцяга да сёмага класа і шчыра прызнаецца, што бачыць у гэтым толькі плюсы.

– У пачатковай школе не так  страшна рабіць першыя крокі. Быццам сама вучуся і расту разам з імі. А яшчэ малодшыя дзеці не ўмеюць падманваць. Калі спрабуюць гаварыць няпраўду, гэта настолькі добра бачна, што нават хочацца ўсміхнуцца. І для малышні слова настаўніка – апошні аргумент у любым выпадку. Са старэйшымі, магчыма, будзе больш складана. Увогуле, лічу, што каб карыстацца аўтарытэтам сярод школьнікаў, трэба быць заўсёды крышачку наперадзе і ў дзеяннях, і ў словах, і ў навыках.

Запытаўшыся дазволу па-прысутнічаць на ўроку настаўніцы, заняла месца на задняй парце. На дошцы – карта Германіі. Акурат такая, якой мы карысталіся на ўроках нямецкай мовы. «Deutschland іn der Mіtte Europas…», – адразу ўсплываюць у памяці некалі вывучаны тэкст. А ў гэты час трэцякласнікі чытаюць сказы з незразумелых пакуль ім слоў. Алена Сяргееўна ўважліва слухае вымаўленне, папраўляе, тлумачыць. Ужо на перапынку, збіраючы хуценька рэчы, здымаючы карту і заўважыўшы мой запытальны погляд, тлумачыць:

– Паколькі ў Вялікачучавіцкай СШ сярэдняе звяно і малодшакласнікі навучаюцца ў асобных будынках, то даводзіцца пераходзіць з аднаго ў другі і насіць з сабой усю метадычную літаратуру. А я дзяўчына далікатная, – усміхаецца суразмоўніца. – Але спадзяюся, што гэта часовыя нязручнасці, і ў мяне з’явіцца свой кабінет.

Па дарозе да шостага класа высветліла, ці рыхтуе Алена алімпіяднікаў.

– Думаю, што паспрабую ў наступным годзе. Пакуль прыглядаюся да вучняў. Таленавітых дзетак вельмі многа, у прыватнасці сярод 6-7-ых класаў. Шкада толькі, што некаторыя бацькі дыстанцуюцца ад адукацыі сваіх дзяцей. У сям’і паняцце «апрануць, абуць, накарміць» перамагае над «навучыць».

Аб сваім прафесійным выбары яна не шкадуе, і калі б зноў паўстала пытанне «Кім быць?», пайшла б той жа сцяжынкай.

– Дзеці – цэлы сусвет. Кожны дзень бачыць вынік сваёй працы – пагадзіцеся, не кожная прафесія дае такія магчымасці. Аднак будучым абітурыентам прапаную падумаць, ці сапраўды яны хочуць выбраць гэты шлях. Калі адзіная мэта – занесці дакументы ва ўніверсітэт і праз некалькі гадоў атрымаць дыплом аб вышэйшай адукацыі, то лепш не трэба. Без цікаўнасці да таго, што робіш, праца не прынясе задавальнення ні настаўніку, ні яго падапечным.

Наперадзе яшчэ паўтара года адпрацоўкі. А пасля?..

– Напэўна, была б самым шчаслівым чалавекам, калі б магла абсалютна дакладна ведаць, што будзе са мной хоць заўтра. Але спрабаваць прадбачыць тое, што здарыцца ў будучыні і да дробязей спланаваць сваё жыццё – справа вельмі няўдзячная. Спадзяюся, што ў свой час будзе ўсё: сям’я, дзеці, дом і, безумоўна, любімая работа.

Наталля Арашкевіч



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть