Школьный дневник

Выбар на карысць жыцця

На базе СШ №3 г. Лунінца прайшла прафілактычная акцыя “Мой выбар – жыць з пазітывам”. Рэалізоўвае яе ў нашым рэгіёне раённы Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. На сустрэчу завіталі школьнікі, іх настаўнікі, а таксама медыцынскія работнікі і запрошаныя госці, задачай якіх было падзяліцца думкамі аб важнасці правільнага ладу жыцця.

Намеснік старшыні райвыканкама Анатоль Захаркевіч звяртаючыся да прысутных, успомніў свае школьныя гады, якія праходзілі ў гульнях на свежым паветры летам і зімой. Ён раіў быць актыўнымі, часцей выбірацца з “цяплічных” умоў, а таксама думаць аб сваіх бацьках, і дзеля іх не звязваць сваё жыццё са шкоднымі звычкамі.

Галоўны санітарны ўрач раёна Віталь Дзегцяроў гаварыў аб тым, што самыя галоўныя памылкі для свайго здароўя робяцца менавіта ў маладосці. Але потым, як правіла, людзі шкадуюць аб гэтым. У школьным узросце сумныя прыклады рэдка каго прымушаюць задумацца, што хвароба можа напаткаць знянацку. Але не лішнім будзе ўжо зараз паклапаціцца пра здароўе. Вось чаму патрэбны акцыі, якія дадуць інфармацыю і дапамогуць дыягнаставаць некаторыя з фактараў рызыкі.

– Чалавек адчувае пазітыў, шчасце, калі ён здаровы, – лічыць эпідэміёлаг РЦГіЭ Аляксандр Дубініч. – Але падтрымліваць здароўе – задача, перш за ўсё, не доктара, а кожнага асобна ўзятага чалавека. Для гэтага падыдуць усе сродкі. Зімой, напрыклад, лыжы, канькі, басейн. Неабходна адмовіцца ад усяго, што дрэнна ўплывае на арганізм. Часта задаю пытанне людзям, якія кураць, навошта яны гэта робяць. Але ні ад каго не пачуў выразнага адказу. Дык, ці ёсць сэнс наносіць свайму здароўю непапраўную шкоду, калі на тое няма прычыны?

Статыстычныя дадзеныя аб паказчыках здароўя для жыхароў нашай краіны агучыла валеолаг ЦРБ Жанна Кулеш. Аказваецца, 91 працэнт ад усіх працаздольных мужчын і 85,7 працэнта жанчын знаходзяцца пад уплывам хоць аднаго з фактараў рызыкі, якія негатыўна ўплываюць на здароўе. Сярод іх: ужыванне алкаголю і псіхаактыўных рэчываў, курэнне, адсутнасць фізічнай актыўнасці, няправільнае харчаванне. Падкрэсліла ўрач і тое, што больш чым на 50 працэнтаў наша здароўе залежыць ад ладу жыцця, якога прытрымліваецца чалавек. Таму варта адмовіцца ад шкодных звычак, сачыць за рацыёнам, вагой і паказчыкамі глюкозы ў крыві.

Псіхолаг РЦГіЭ Святлана Дзмітрыева і псіхіятр-нарколаг Юлія Шэйнюк імкнуліся расказаць удзельнікам акцыі, як пазбегнуць дэпрэсіўных станаў, што рабіць, калі цябе не разумеюць тыя, хто побач, падзялі-ліся практычнымі парадамі, як жыць на пазітыве. Рэкамендавалі навучыцца прымаць усе павароты лёсу, займацца любімымі справамі, падтрымліваць зносіны з добразычлівымі людзьмі, не пагружацца ў крыўды, не шукаць у сабе недахопы, а звяртаць увагу на свае перавагі.

Прысутным прапанавалася запоўніць лісты дыягностыкі здароўя, каб у тым ліку вызначыць узровень стрэсу. Калі ён высокі, спецыялісты раілі не баяцца і не саромецца, а звяртацца за кансультацыяй. Таксама школьнікі запоўнілі анкеты “Мой выбар – жыць з пазітывам”, паглядзелі відэаролікі аб уздзеянні на арганізм алкаголю, тытуню і псіхаактыўных рэчываў. А напрыканцы мерапрыемства ўдзельнікі атрымалі магчымасць задаць пытанні, а таксама вымераць артэрыяльны ціск, узважыцца і разлічыць індэкс масы цела.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть