Школьный дневник

«Я не магу інакш…»

IMG_2448У гэтай вядомай песні спявачка Валянціна Талкунова звярталася да каханага чалавека. Столькі ж любові, цеплыні, пяшчоты чуецца у голасе яе цёзкі — настаўніцы беларускай мовы і літаратуры гімназіі г. Лунінца Валянціны КАЗУН, калі яна гаворыць пра свой прадмет і таленавітых вучняў, якімі лёс адорвае педагога вось ужо 23 гады запар.

Яна бясконца можа ўспамінаць дзяцінства і вучобу ў Дварэцкай школе. I ніколі не перастане дзякаваць цудоўным настаўніцам — Наталлі Міхайлаўне Акішавай і Кацярыне Мікітаўне Барычэўскай. Рэгулярна тэлефануюць адна адной, цікавяцца справамі, дзеляцца ўражаннямі, разам праходзяць тэставыя заданні. Сяброўства праверана і часам, і адлегласцю. Як да родных дзяцей, адносіліся да вучняў яе класныя кіраўнікі — Варвара Георгіеўна і Леанід Паўлавіч Крышталь. Дзякуючы цікавым, незабыўным урокам, Валянціна Канстанцінаўна выбрала філалагічны факультэт Брэсцкага інстытута імя Пушкіна. Малады спецыяліст год адпрацавала ў Бродніцы, а ў 1992-ім перайшла ў тагачасны ліцэй.

Вядома, сёння цяжка падлічыць, колькі хлопчыкаў і дзяўчынак спазналі мілагучны свет беларускай мовы, прасякнуты пачуццямі герояў шматлікіх літаратурных твораў. Прычым, кожны раз настаўніца не проста праводзіць урокі ў традыцыйнай манеры, але імкнецца разнастаіць выкладанне прадмета, выкарыстоўваючы цікавыя методыкі, дадатковы матэрыял, ілюстрацыі. З ахвотай вучні могуць праспяваць “Зорку Венеру” ці “Слуцкія ткачыхі” Максіма Багдановіча, народную “Купалінку”… Некалі гэта добра атрымлівалася ў Сашы Пташаца, а нядаўна пакарыла выступленнем Наталля Белавус. Ды і сама Валянціна Канстанцінаўна не супраць прадэманстраваць свае артыстычныя здольнасці, тым больш, што ў таленавітай настаўніцы іх удосталь. Напрыклад — складае вершы. Гэты занятак бярэ свой пачатак з дзяцінства, калі яшчэ ў 1 класе ўсе сябры падрыхтавалі для матуль падарункі. У маленькай Валі нічога не было, і яна экспромтам сачыніла паэтычнае пажаданне. З часам удасканальвалася майстэрства, шырыліся тэмы і праблематыка. Дарэчы, у фае гімназіі на першым паверсе размешчаны стэнд з гімнам установы адукацыі, дзе ў самым нізе напісана: “Аўтар: Валянціна Кансганцінаўна Казун, настаўніца беларускай мовы і літаратуры.

Сёння яна мае некалькі паэтычных зборнікаў, падрыхтаваных сумесна з калегамі — Наталляй Клімачовай і Ірынай Краўцовай. А першыя творы занатаваны ў альманаху “Натхненне” ў 2002 годзе. Над яго афармленнем працавала вучаніца Алена Хандрыка. Падобныя зборнікі выходзяць рэгулярна, і змяшчаюць вершы не толькі педагогаў, але і саміх гімназістаў. Пішуць яны пра Радзіму, маці, каханне… У бліжэйшы час свет убачыць восьмы па ліку альманах.

Выхаванцы Валянціны Канстанцінаўны неаднаразова станавіліся пераможцамі алімпіяд розных узроўняў, навукова-даследчых канферэнцый. Апошні прыклад — вучаніца 11 “Б” класа Надзея САДЗЬКО атрымала Дыплом ІІ ступені на вобласці, і ў сакавіку адправіцца абараняць гонар Брэстчыны ў Мінск. З задавальненнем яна разам з аднакласніцамі Аксанай АСТАПЧЫК, Анастасіяй ЖЫВАГЛОД, Марыяй ВЕЛЯСЮК і Анастасіяй ГРЫБ правялі невялікую экскурсію ў этнаграфічным кутку, размешчаным у адным з кабінетаў гімназіі. Валянціна Канстанцінаўна пачала яго ствараць разам з ліцэістамі чатыры гады таму. Трэба бачыць, колькі самабытных рэчаў сабралі за гэты час! Дзяўчаты ў прозе і вершах расказалі, як нашы продкі вырошчвалі хлеб і лён, чым упрыгожвалі хату, што ўжывалі ў ежу. Многія з іх равеснікаў ведаюць, як плесці лапці, прасці кудзелю, праводзіць народныя абрады і звычаі. Музей папаўняецца новымі экспанатамі: іх прыносяць настаўнікі, тэхработнікі, знаёмыя…

“Я думаю па-беларуску, — заўважыла В.К. Казун. — I інакш не магу. Дзяцей вучу, каб умелі размаўляць, выказваць свае думкі. Тут ужо вялікай ролі не іграе, на якой мове яны будуць гэта рабіць. Галоўнае, каб ведалі, шанавалі, бо яна — наша, родная, матчына”.

Наталля ПАЎЛЮКЕВІЧ



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть